Зараз вы тут: Навiны » Яшчэ пра адзін важны аспект грамадзянскай адукацыі і пакаленне Y

Ідэя гэтага артыкула ўзнікла пасля прагляду фільма рэжысёра Дэвіда Фінчэра “Сацыяльная сетка”, намінаванага, дарэчы, на сёлетні Оскар у некальніх намінацыях. Фільм заснаваны на рэальных падзеях і паказвае шлях19-гадовага студэнта Марка Цукерберга, які у 2003 годзе стварыў вядомую сацыяльную сетку Facebook і стаў самым маладым міліярдэрам у свеце. Але гаворка будзе не пра мастацкія вартасці ці хібы фільма, а пра адукацыю.
У фільме паказаная моладзь, падобная на нашую – і непадобная. Студэнты тусуюцца ў клубах, п’юць піва, напалову жывуць у інтэрнэце, але, у адрозненне ад нашых, кожны з іх скіраваны на сваю мэту і працуе на яе ўвесь час, што б ён ні рабіў. Якія лекцыі наведваць, якім спортам займацца, нават клуб, дзе піць піва, выбіраецца з улікам сваёй мэты. Яны атрымліваюць адукацыю, арыентуючыся на рэалізацыю ў грамадстве. Прычым, матэрыяльны дабрабыт у іх іерархіі каштоўнасцяў стаіць далёка не на першым месцы. Тое, што адрознівае нашую моладзь ад паказанай у фільме, можна назваць жаданнем самарэалізаціы.

АДУКАЦЫЯ ДЛЯ ЖЫЦЦЯ

Гаворачы пра грамадзянскую адукацыю і выхаванне, шмат хто з настаўнікаў мае на ўвазе найперш патрыятычнае выхаванне, у змест якога кожны настаўнік укладае нешта сваё: адны пад патрыятычным выхаваннем разумеюць веданне гісторыі і фальклору, іншыя – членства ў БРСМ ды панегірыкі кіраўніцтву дзяржавы. Грамадзянская адукацыя ў нашай школе, як правіла, падмяняецца лозунгамі і агітацыяй і не выконвае сваю асноўную функцыю – падрыхтоўку да самастойнага жыцця. Беларускія школьнікі не набываюць кампетэнцыяў, патрэбных для паўнавартаснага існавання ў грамадстве.

Мы забываемся пра некалькі найважнейшых складнікаў грамадзянскай адукацыі: сацыялізацыю, скіраванасць на поспех і адказнасць за выбар свайго месца ў грамадстве. Для гэтага вучань павінен умець ставіць мэты і вынаходзіць шляхі для іх дасягнення, быць здольным бачыць розніцу паміж мэтай – і сродкамі.

Нашыя настаўнікі ведаюць шмат прыгожых словаў. Я не выключаю, што многія з нас казалі сваім вучням: “каб дасягнуць мэты, трэба яе мець”, “хто не мае мэты, той яе не дасягае”. Але што мы зрабілі, каб дапамагчы яе вызначыць? Ці навучылі прыстасаваць гэтую мэту да нашых умоваў і не згубіць пры гэтым маральныя якасці? Ці дапамаглі зрабіць яе дасягальнай і засцерагчы ад таго, каб не паламаць крылы аб абставіны на самым пачатку пры сутыкненні з жыццём?

Нашыя вучні не ўмеюць стваіць мэты, бо мы іх гэтаму не вучым. У выніку, пакаленне за пакаленнем разумныя, але неамбітныя і бязвольныя беларусы саступаюць месца шэрым кар’ерыстам з кан’юнктурнымі мэтамі і сумнеўнымі маральнымі якасцямі. У Беларусі ў апошнім стагоддзі прыходзілі мэтанакіраваныя, больш нахабныя чужынцы – і кіравалі.

А навучыць не так складана, нават пры нашым зарэгламентаваным школьным працэсе. Прыкладам, няхай на ўроку ці на лабараторнай рабоце кожны, хто хоча, сам сабе вызначыць мэту. У скрайнім выпадку, ён можа выбраць з прапанаваных. Але і ацэньваць такую работу трэба будзе не паводле вынікаў, а паводле аналізу тых вынікаў, якія вучань атрымаў.

Мае вучні, што працягваюць навучанне за мяжой, атрымалі вялікі шок, калі на кожным занятку, і практычным, і лабараторным, пачыналі з таго, што кожны для сябе сам фармуляваў мэту. А потым яшчэ большы шок, калі ўбачылі, што тыя студэнты, што не дасягнулі пастаўленай мэты, часам атрымлівалі лепшыя адзнакі, бо прааналізавалі, чаму яны не дасягнулі чаканых вынікаў. Своечасова знайсці памылку і скарэктаваць сваю мэту цэніцца больш, чым правільна аформіць працу. А вядомы, але мала ўжываны настаўнікамі метад праектаўможа навучыць дзяцей не толькі фармуляваць мэту, а яшчэ і планаваць пакрокавую дзейнасць для яе дасягнення, супрацоўнічаць, аналізаваць і рабіць высновы.

Яшчэ адзін складнік грамадзянскай адукацыі, г. зн. адукацыі для жыцця, – паказаць, што праца – гэта не пакаранне, а прыемны і захапляльны працэс. Зразумела, у нашай краіне пагалоўнай кантрактызацыі гэта не заўсёды так: прыгонная праца не прыносіць задавальнення і таму малаэфектыўная. Вялікая колькасць настаўнікаў і бацькоў лічаць працу за непазбежнае зло, бо маюць стэрэатып паводзінаў яшчэ з савецкіх часоў, калі людзі рабілі выгляд, што яны працуюць, а дзяржава – што ім плоціць. Нашыя дзеці растуць у атмасферы скажоных каштоўнасцяў, дзе лічыцца прэстыжным ухіліцца, пралайдачыць і атрымаць заробак.

Але ў цывілізаваным свеце гэта інакш. Там праца – каштоўнасць, сродак самарэалізацыі і самасцвярджэння, а не толькі крыніца даходу. Так павінна быць і ў нас, і дзеці гэта мусяць ведаць. Таму вельмі важна у школе стварыць умовы, каб вучань адчуў гэта, атрымаў асалоду ад вынікаў сваіх намаганняў. Дзеля гэтага ў сучасных школах ужываюць методыкі навучання праз дзейнасць. Да таго ж, ці шмат мы запрашалі “працаголікаў” і фанатаў сваёй справы на класную гадзіну? А можа было б варта? Гэтыя людзі, відаць, і ёсьць тыя, хто змог самарэалізавацца ў нашым грамадстве. Пры нашых неспрыяльных для самарэалізацыі ўмовах. Прынамсі сярод настаўнікаў я такіх ведаю процьму. Менавіта гэта і з’яўляецца абавязковым складнікам поспеху.

Дзеці павінны бачыць прыклады паспяховых людзей. Прычым не абстрактных герояў, а тых, якія дасягнулі поспеху ў сваёй краіне, нечага дабіліся, найперш не матэрыяльна, а ў плане самаактуалізацыі, самапавагі.

Нашая адукацыя не практычна-скіраваная. Можна толькі марыць, каб дзеці бачылі ўзоры і вучыліся ў сапраўдных стваральнікаў сённяшняй навукі, культуры, гісторыі. Ну, прыкладам, каб лекцыі (не абавязкова курс, а прынамсі б адну-дзве) для будучых інжынераў чытаў галоўны інжынер трактарнага заводу, ці кафедра паліталогіі запрасіла да студэнтаў кіраўнікоў 15-ці існуючых у краіне палітычных партый. У нашай краіне наўрад ці магчыма вучыцца на прыкладзе вядомых бізнесоўцаў, бо яны ці хаваюцца, ці не могуць пахваліцца тымі метадамі, якімі яны дасягнулі свайго “поспеху”, цяжка знайсці тэлежурналіста, у якога не было б праблем з маральнымі нормамі, а тыя навукоўцы, што рабілі кар’еру па партыйнай ці КГБ-лініі, наўрадці будуць цікавыя для студэнтаў. Дзеці вельмі адчувальныя да фальшу, іх немагчыма падмануць, падсунуўшы ім замест асобы кан’юнктурнага імітатара.

У Беларусі ў публічнай прасторы прысутнічаюць хіба што эстрадныя тэлезоркі ці спартоўцы. Выбар невялікі. У нашым выпадку задача настаўніка – паказаць, што ёсць іншыя спосабы дасягнуць поспеху, акрамя, як у непрыстойным выглядзе скакаць перад мікрафонам ці гуляць з прэзідэнтам у хакей. Заўсёды побач можна знайсці чалавека, у якога гараць вочы, які шчаслівы, што робіць сваю справу, які за кошт уласнай працы і культурнага ўзроўню змог дасягнуць пэўных вынікаў.

У фільме “Сацыяльная сетка” паказана, што лекцыі студэнтам чытае Біл Гейтс – стваральнік і ўладальнік Майкрасофта. Можа таму ягоны студэнт Марк Цукерберг і пакінуў Гарвардскі універсітэт у 19 год. Ён проста раней навучыўся самаму галоўнаму, чаму там вучаць, – ставіць мэту і ўмець яе дасягаць.

ПАКАЛЕННЕ Y

Пакуль мы не зважаем на грамадзянскую адукацыю (бо ад нас жа гэтага ніхто не патрабуе!), у краіне вырасла адрознае ад усяго света пакаленне людзей ужо не зусім маладых, але не скіраваных на дасягненні. Яны маюць амбіцыі, але не маюць мэты, таму і не працуюць на яе. Яны, нібыта чакаючы лепшых часоў, згубілі тонус, трэніроўку, не набылі прафесіяналізм.

Гэта беларускае “пакаленне Y”, як яны сябе называюць, не падобнае на сваіх аднагодкаў у іншым свеце, бо яны не ўмеюць цаніць свой час, не нацэлены на вынік, даўжэй за іншых адцягваюць пераход у дарослае жыццё. Звычайна іх аднагодкі, адмаўляючы куміраў, спадзяюцца толькі на сябе, рэдка просяць дапамогі ў іншых пакаленняў. Іх дэвіз: “Я сам сабе герой, бо даб’юся сваёй мэты!” Нашыя ж ”ігрэкі” наадварот схільныя вінаваціць пакаленне папярэднікаў у сваіх няўдачах. Адмаўляючы куміраў, яны згубілі і аўтарытэты, неабходную для развіцця пераемнасць пакаленняў. З пакаленнем Y на Захадзе звязваюць надзеі, а ў нас яго лічаць страчаным.

Ведаю, што дзеля пераемнасці каштоўнасцяў і падтрымкі талентаў ствараюцца цэлыя школы. Ёсць такая “Школа Свабоды” ў Польшчы, якую заснаваў сусветна вядомы рэжысёр Кшыштаф Занусі разам з сябрамі-аднадумцамі. Пра гэтую школу і свой курс лекцый ва ўніверсітэтах пры сустрэчы з беларускімі вучнямі і настаўнікамі ён распавядаў з большым захапленнем, чым пра свае фільмы.

Была спроба і ў беларускай інтэлігенцыі стварыць Беларускі гуманітарны ліцэй, дзе выкладалі найлепшыя навукоўцы, палітыкі, творцы. Ліцэй быў адкрыты для жыцця – там не было табу: вучні разам з выкладчыкамі ладзілі выставы знакамітых мастакоў, здымалі фільмы, выпускалі газеты, абмяркоўвалі надзённыя праблемы. Ліцэй закрылі ў 2003 годзе з мэтай “аптымізацыі”. Цяпер у тым будынку суд. Але ліцэй працуе ў падполлі, бо ёсць патрэба ў якаснай адукацыі, у тым ліку і грамадзянскай.

Шчыра кажучы, мне здаецца, што асобныя школы для эліты не ўратуюць сітуацыю. Трэба, каб у кожнай школе ці ўніверсітэце навучэнцы не былі ізаляваны ад жыцця з усімі яго праблемамі ў мурах навучальнай установы. Толькі такім чынам, праз узаемадзеянне з грамадствам, праз навучанне на досведзе найлепшых яго прадстаўнікоў маладыя людзі змогуць набыць патрэбныя для жыцця веды, пераняць каштоўнасці.

Нашыя дзеці і так маюць збяднелыя душы, бо апошняя рэформа скасавала вялікую частку светапоглядных дысцыплін. Іх акаляе спажывецкае грамадства, заангажаваныя СМІ, непрыхаваная прапаганда, агрэсіўная рэклама, нерэальнае жыццё серыялаў і камп’ютарных гульняў. У такой атмасферы мы рызыкуем выгадаваць спажыўцоў, найвышэйшай мэтай якіх будзе шопінг ці высокатэхналагічны гаджэт. Задача настаўніка – паказаць іншы ўзровень жыцця – жыцця больш складанага і больш цікавага. Жыцця ў рэальнай, а не ў штучнай створанай школай прасторы. Бо любая самая цікавая віртуальная кампутарная гульня надакучвае і ў рэшце рэшт мае свой канец.

Кожнаму настаўніку пад сілу арганізаваць са сваім навучэнцамі прынамсі тэарэтычную дзейнасць: арганізаваць сумесны прагляд і абмеркаванне фільмаў, кніг, палітычнага і эканамічнага жыцця грамадства. Пачніце хаця б з фільма “Сацыяльная сетка”.

Гэты фільм пра звычайнага “батаніка”, якому прызнанне было важней за грошы. Грошы яго не цікавілі. У фільме ёсць і іншыя героі, якія мелі ідэі, але страцілі магчымасці, бо прайгралі час. Фільм пра складнікі поспеху: пра важнасць мець мэту, рабіць адказны выбар, пра ўменне працаваць на ідэю, здольнасць знаходзіць аднадумцаў і ствараць каманду, уменне будаваць супрацоўніцтва і дзелавыя зносіны, даводзіць да канца працу і асэнсоўваць перавагі і небяспекі віртуальнай прасторы, пра каштоўнасць сапраўдных сяброў …

Як бачыце, фільм пра грамадзянскія кампетэнцыі. Паглядзіце і абмяркуйце яго з калегамі і вучнямі. Можа гэта і будзе штуршком для асэнсавання важнасці грамадзянскай адукацыі ў школе.

Тамара Мацкевіч, спецыяльна для Настаўнік.info

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары