Зараз вы тут: Навiны, Слайдшоу » Васіль Пронь: “Натхняюся, робячы тое, што лічу адназначна карысным”

Напярэдадні Фэсту нефармальнай адукацыі мы размаўляем з удзельнікамі яго аргкамітэту, беларускімі адукацыйнымі экспертамі.

Першы з нашых суразмоўцаў – Дырэктар Трэнінгавага цэнтру «Квадратны апельсін» Васіль Пронь  распавёў нам пра свой шлях да трэнерства, асаблівасці сваёй працы і прафесійнай супольнасці, памарыў пра адукацыю будучыні, а таксама падзяліўся каштоўнымі парадамі для тых з вас, хто стаіць перад цяжкім выбарам.

Шмат хто з нашых чытачоў у пэўны момант стае перад адукацыйным ці прафесійным выбарам. Улічваючы ваш персанальны досвед пераўтварэння з інжынера ў трэнера, што можаце параіць людзям на раздарожжы?

Сапраўды, першая мая адукацыя – інжынер-праграміст. Я пачаў працаваць праграмістам яшчэ на трэцім курсе, па сканчэнні навучання ў ВНУ атрымаў дыплом з адзнакай, адпрацаваў 2 гады абавязковага размеркавання. Аднак, яшчэ навучаючыся ва ўніверсітэце, я ўжо цікавіўся псіхалогіяй, і калі з’явілася такая прапанова – я на працягу двух тыдняў прыняў рашэнне аб радыкальным змяненні сваёй кар’еры – заняўся развіццём трэнінгавага цэнтра “Квадратны апельсін”.

Паколькі рашэнне было вельмі хуткім, я сутыкнуўся з многімі цяжкасцямі і выклікамі. Аднак не шкадую пра гэта. Дзякуючы ім я змог навучыцца ў жыцці вельмі шмат чаму і атрымаць шыкоўны досвед, развіць сябе.

Што я рэкамендую людзям, калі яны задаюць пытанні, звязаныя з выбарам прафесіі або сферы заняткаў:

  • У першую чаргу, навучыцеся прыслухоўвацца да сябе – да таго, што на самой справе вам цікава. Не заўсёды тое, што добра атрымліваецца – цікава. А поспех і задавальнення мы маем найперш ад таго, што цікава.
  • Другая важная рэкамендацыя (чаго я ў сваім жыцці не зрабіў) – звяршайце змены беражліва ў адносінах да сябе. Нават калі вы працуеце ў прафесіі, якая вам не па душы, не варта кідаць яе і кардынальна змяняць усё, бо гэта патрабуе вялікіх ўнутраных рэсурсаў. Калі вам 18-25 гадоў, гэта яшчэ праходзіць досыць лёгка, а калі ў вас сям’я і абавязальніцтвы – гэта больш складана.

Змяняйцеся паступова, але кожны дзень. Кожны дзень рабіце яшчэ нешта, каб наблізіць тое, чым вы хочаце займацца.

  • Трэцяя рэкамендацыя – у жыцці выбірайце займацца тым, чым вы хочаце. І зрабіце так, каб гэта прыносіла вам прыбытак для годнага жыцця. Толькі ў гэтым выпадку вы зможаце займацца гэтым доўга, не ахвяруючы сабой. А значыць, і справа ваша будзе развівацца.

Якой вы бачыце місію свайго Цэнтра?

Мы доўга і свядома працавалі над фармулёўкай Місіі нашага цэнтра. Прыйшлі да такой: “Мы ствараем магчымасці для ахвотных быць шчаслівымі і паспяховымі.”

Рэалізацыя гэтай місіі за 12 гадоў працы нашага цэнтра змянялася. Калісьці яна заключалася ў тым, каб прыўнесці ў Беларусь лепшыя практыкі, звязаныя з нефармальнай адукацыяй і трэнінгамі. На сёння, калі шмат розных напрамкаў і магчымасцяў з’явілася ў нашай краіне, наша задача – быць цэнтрам, які прадастаўляе сістэмныя і якасныя магчымасці для асобаснага росту і развіцця. Задаваць высокую планку.

Як хутка і зразумела патлумачыць, што такое нефармальная адукацыя?

Нефармальная адукацыя – гэта найперш само жыццё.

Але гэта не проста жыццё, а з пэўнымi адносiнамi да яго. Разглядаць жыццё як магчымасць даведацца нешта новае, навучыцца гэтаму, прымяніць да сябе, да сваіх патрэбаў. У самым шырокім сэнсе ў нефармальнай адукацыі няма межаў і правілаў. Галоўнае – гэта стан самога чалавека, гатоўнасць вучыцца.

У больш вузкім сэнсе нефармальная адукацыя – гэта самыя розныя па сваёй форме, працягласці, удзельніках мерапрыемствы, якія маюць на мэце навучыць чамусьці новаму.

Вельмі цікавая ідэя асіставання на вашых трэнінгах. Як часта выпускнікі трэнінгаў карыстаюцца такой магчымасцю? Як вы да гэтага прыйшлі?

На нашых праграмах ёсць сістэма бясплатнага асіставання. Чалавек, які аднойчы прайшоў праграму, можа на яе колькі заўгодна раз прыходзіць бясплатна і прымаць у ёй удзел, дапамагаючы як трэнерам, так і тым, хто праходзіць праграму ўпершыню. Гэтаму мы навучыліся ў калег з Расіі і Украіны, калі толькі пачыналі сваю дзейнасць. Для нас гэты падыход з’яўляецца вельмі важным і каштоўным у працы, бо дазваляе людзям замацоўваць атрыманыя веды, навыкі (якія з часам часткова забываюцца), дазваляюць людзям задаваць новыя пытанні і працягваць сваё развіццё, а значыць робіць нашу працу больш якаснай.

Нягледзячы на тое, што мы з’яўляемся камерцыйным цэнтрам, бясплатнае асіставанне дапамагае нам ствараць супольнасць людзей, блізкіх па духу, і падтрымліваць з імі камунікацыю. Мы такім чынам з’яўляемся спалучэннем нефармальнай супольнасці і камерцыйнага цэнтра. Таму нам вельмі лёгка і камфортна супрацоўнічаць з нефармальнымі арганізацыямі, многія з якіх блізкія нам па духу.

Сёння існуе шмат магчымасцей патрапіць на розныя міжнародныя трэнінгі. Як вы лічыце, эфектыўней вучыцца ў мульцікультурным асяродку або ў бліжэйшым па менталітэце і духу?

Вельмі добрае пытанне. І не самае простае. З аднаго боку, вельмі важным момантам для развіцця ўнутранай псіхалагічнай культуры чалавека з’яўляецца яго гістарычная памяць і нацыянальная свядомасць. З іншага боку, мы жывем у свеце глабальных камунікацый і вялікіх хуткасцяў (у тым ліку і хуткасцяў ў зменах сацыяльных нормаў і правілаў). Некаторыя людзі супрацьпастаўляюць першае і другое. Альбо-альбо. Альбо вучыцца ў вонкавага свету – гэта клас, а замыкацца на сваім – гэта калгас. Альбо трэба памятаць свае карані, вяртацца да вытокаў, а ўсё знешняе – гэта зло.

На мой погляд, найбольш цывілізаваны падыход – гэта не праз проціпастаўленне. Няма што і няма чаму супрацьпастаўляць.

Вучыцца лепшаму, камунікаваць, абменьвацца досведам, узаемадзейнічаць і пры гэтым ганарыцца сваім, мець свой гонар, нацыянальную і гістарычную памяць – для мяне менавіта гэта і ёсць праявы ўнутранай культуры чалавека.

У нашым цэнтры мы рэгулярна запрашаем спецыялістаў з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі – для таго, каб б падтрымліваць абмен і развіццё. З іншага боку, мы гадуем і навучаем свае кадры. Самі перыядычна бываем на міжнародных канферэнцыях, навучанні, стажыроўках.

Як вы ацэньваеце рынак паслугаў нефармальнай адукацыі ў Беларусі? Ці існуе супольнасць прафесійных нефармальных адукатараў?

Рынак паслуг нефармальнай адукацыі я па меры магчымасці адсочваю з 2004 года. За гэты час ён істотна развіўся – і гэта радуе. Вядома, ёсць пэўныя складанасці, якіх немагчыма пазбегнуць пры развіцці рынку. Калі раней было мала правайдэраў нефармальнай адукацыі, людзі ўвогуле не ведалі што гэта такое, то зараз істотна больш людзей ведаюць, што такое трэнінгі, курсы, навучальныя гурткі. Складанасць, якую я бачу цяпер на рынку, звязаная з тым, што рынак толькі-толькі праходзіць сваё станаўленне. Гады два-тры таму пачалося з’яўленне вялікай колькасці трэнераў, кампаній, якія прапануюць паслугі на гэтым рынку. Не ўсе з іх належнай якасці. “Эфект пены”. Аднак, у тым ліку і ў сувязі з крызісам, адбываецца нармальны працэс  “спадання пены” – калі застаюцца і ўзмацняюцца якасныя правайдэры, а не вельмi якасныя – або сыходзяць з рынку, або растуць, развіваюцца, змяняюцца.

Ці чулі вы пра самакіруемую адукацыю (Self-Directed Learning)? Ці ёсць перспектывы ў гэтага накірунка? Ці абавязковы адукатар або трэнер у працэсе навучання?

Не магу сказаць, што гэтая на слыху. Прынамсі ў нашым асяроддзі. Я лічу, што гэта непазбежна нас чакае з развіццём ўнутранай псіхалагічнай культуры людзей. Чым больш будзе развівацца чалавек, тым больш самастойныя рашэнні ён будзе прымаць і больш самастойна зможа іх ўвасабляць (у тым ліку і ў працэсе навучання). Але ёсць вельмі істотны фактар. Чалавек – істота сацыяльная. Гэта значыць, што ўзаемадзеянне з іншымі людзьмі жыццёва неабходнае. Працэс навучання – гэта адзін з кампанентаў, адзін з відаў ўзаемадзеяння. Таму самакіруемае навучанне, на мой погляд, – гэта не пра адмову ад трэнера, адукатара.Гэта пра змяшчэнне адказнасці за выбар у бок навучэнца.

Гэта ведаеце, як у показцы: Два манахі паспрачаліся – як звязаныя паленне і медытацыя. І вырашылі спытаць у святара. Праз некаторы час сустрэліся. Адзін кажа: “Мне святар сказаў, што можна”. Другі: “А мне, што нельга”. Сталі разбірацца, і апынулася, што адзін спытаў “Ці можна медытаваць падчас палення?” І атрымаў адказ – можна. Другі спытаў “Ці можна паліць падчас медытацыі?” І атрымаў адказ – нельга.

Вось так прыкладна і з адукатарамі.

Вучыцца можна і трэба – і без адукатара. Але ці скасуе гэта адукатараў – не, не скасуе. Не ўсяму можна навучыцца без іх.

Якой вам уяўляецца адукацыя будучыні?

Непарыўна звязанай з жыццём, з практыкай. Мяжа паміж навучаннем, як асобным працэсам і дзейнасцю як іншым будзе больш тонкай. Ну і яшчэ роля, актыўнасць, адказнасць саміх навучэнцаў  будзе вышэй. Роля адукатара будзе змяшчацца з эксперта ў стваральніка ўмоваў і арганізатара працэсу, таго, хто суправаджае. У працэсе навучання, магчыма, будзе больш гульні і фану. Бо гэта робіць яго больш жывым і эфектыўным. А можа быць, распрацуюць пігулкі ці яшчэ што, як у фантастыцы, з’еў – і праз дзень ведаеш 20 моў. Тут ужо фантазія пачынае працаваць. Але мне здаецца, што нават калі гэтыя тэхналогіі і будуць, яны змогуць зняць толькі частку задач навучання – найбольш тэхналагічную. А вось аспекты навучання, звязаныя з соцыумам, псіхалагічнай культурай, ўзаемаадносінамі – наўрад ці.

Ці псіхолаг і трэнер – гэта добрая праца ў Беларусі? Каму параіце ісці ў прафесію?

Любая праца добрая, калi робiцца с душой. Таму ў прафесію парэкамендую ісці тым, хто бачыць сябе ў гэтым. Хто гатовы істотна працаваць над сабой. Псіхолаг, трэнер не можа працаваць з людзьмі, не мае маральнага права, калі ў гэты момант ён не ў кантакце з імі, недзе на сваёй хвалі. Гэта патрабуе рэсурсу. Эмацыйнага, ўнутранага. Таму асабліва важная ўнутраная матывацыя.

І яшчэ, на мой погляд, трэнерам, адукатарам можа быць чалавек да таго часу, пакуль ён сам развіваецца. Калі чалавек лічыць, што дасягнуў вышынь і стаў гуру, перастаў вучыцца і развівацца, ён ужо не можа працаваць эфектыўна з людзьмі, бо хутчэй за ўсё будзе апераваць клішэ і штампамі. Не будзе ў моманце.

Дзе можна ў Беларусі павучыцца быць трэнерам?

Залечыць ад скіраванасці трэнера. Калі мы гаворым пра бізнес-трэнераў, то іх навучаюць кансалтынгавыя кампаніі, беларускія і міжнародныя.

Калі казаць пра трэнераў асобасных праграм, адукатараў – іх не вельмі шмат навучаюць. Часам бываюць праекты, якія арганізуюць НГА, у прыватных цэнтрах хутчэй эпізадычна адбываецца такое навучанне. Ведаючы гэта, мы, напрыклад, з мэтай развіцця прафесійнага асяроддзя ў сферы трэнераў асобасных праграм ужо некалькі гадоў праводзім трэнерскае навучанне ў сферы асобасных праграм. З мінулага года робім гэта сумесна з Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, удзельнікі атрымліваюць пасведчанне аб павышэнні кваліфікацыі дзяржаўнага ўзору.

Калі казаць пра псіхолагаў (часта іх таксама адносяць да трэнераў), то іх навучаюць школы розных псіхалагічных напрамкаў. Некаторыя з іх прадстаўлены і ў Беларусі. Ёсць прадстаўнікі гештальт-напрамку, псіхааналізу, экзістэнцыяльнага напрамку, НЛП-школы і іншыя. Псіхалагічныя веды карысныя для трэнера, аднак важна разумець, што гэтага не дастаткова, каб быць якасным трэнерам. Бо навучанне псіхалогіі накіравана, у асноўным, на развіццё навыкаў індывідуальнага кансультавання.

У апошнія некалькі гадоў атрымаў развіццё таксама накірунак коўчынгу. Навучанне коўчынгу таксама дае карысныя і важныя веды і навыкі для таго, каб быць трэнерам, але і тут, на мой погляд, ёсць свая спецыфіка, звязаная са скіраванасцю на індывідуальную працу.

Што вас натхняе?

Асабіста я натхняюся ад таго, што раблю тое, што лічу адназначна карысным. Карысным і з вялікім арэолам ўплыву – на будучыя пакаленні, на тых людзей, з якімі будуць узаемадзейнічаць у жыцці людзі, якіх я навучаў. Адчуванне таго, што можа і кроплю, але ўкладаеш у тое, каб людзям жылося лепш.

А па-простаму гэта асабліва адчуваецца, калі даведваешся, якія змены адбыліся ў жыцці людзей. Часам яны самі дзеляцца гэтым, часам выпадкова даведваешся. Нехта стварыў сям’ю, хтосьці яе захаваў, хтосьці знайшоў працу па душы, хтосьці дазволіў сябе займацца творчасцю і дасягнуў у гэтым поспехаў. Нядаўна на TUT.BY быў нейкі конкурс жаночы, удзельніцы дасылалі свае гісторыі, і партал адабраў 10 лепшых і іх апублікаваў. Шчыра скажу, было вельмі прыемна ўбачыць з 10 адабраных удзельніц трое тых, з кім я працаваў у якасці трэнера. Такія гісторыі таксама радуюць і натхняюць.

Як вы адольваеце стрэс?

Стрэс у працы трэнера і дырэктарам трэнінгавага цэнтра непазбежны. Шмат адказнасці, кантакт з людзьмі, спачуванне іх станам (не заўсёды простым) патрабуе маральных і эмацыйных сілаў. І таму адно з важных правілаў, якое дазваляе быць у добрым стане і пераадольваць стрэс – банальнае адпачываць.

Быць уважлівым да сябе і своечасова клапаціцца пра адпачынак. Адпачынак бывае розны. Гэта і пераключэнне дзейнасці (з разумовай і эмацыйнай – на дзейнасць рукамі, творчую) і кантакт з прыродай, і часам пабыць сам-насам з сабой і нічога не рабіць, і дотык да прыгожага (літаратура, радзей тэатр, кіно, карцінныя галерэі), сустрэчы з сябрамі. Для мяне таксама вельмі рэсурснымі з’яўляюцца падарожжы, новыя ўражанні.

На развітанне

Не саромейцеся быць сабой, марыць і ўвасабляць свае мары. Беражыце сябе. Будзьце разам з тымі, хто ў вас верыць, падзяляе вашыя каштоўнасці і перакананні. Выказвайце свае пачуцці, памыляйцеся  і працягвайце рухацца далей. Шануйце свой час і сваё жыццё.

Источник информации: http://adukacyja.info

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары