Зараз вы тут: Навiны, Слайдшоу » Завершаны доўгатэрміновы навучальны курс для маладых эколагаў


Паспяхова скончылася рэалізацыя праекта “Інфармацыйна-прававая падтрымка маладых эколагаў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя”, які Гродзенскае абласное грамадскае аб’яднанне маладых навукоўцаў “ВІТ” ладзіла ў партнёрстве з Міжнародным грамадскім аб’яднаннем “Цэнтр устойлівага развіцця”. У межах праекта на працягу красавіка-лістапада 2014 года былі праведзены пяць сесій доўгатэрміновага навучальнага курса “Прававая школа маладога эколага”, дзве з якіх адбыліся ў Гародні. У мерапрыемствах Школы бралі ўдзел студэнты, настаўнікі і актывісты грамадскіх аб’яднанняў з усёй Беларусі.

 У межах першай гарадзенскай сесіі Прававой школы маладога эколага (24-25.05.2014) вывучаліся пытанні прававога рэгулявання выдалення аб’ектаў расліннага свету ў населеных пунктах, абмяркоўваліся кампетэнцыі экалагічнага актывіста ва ўзаемасувязі з замацаванымі ў заканадаўстве паўнамоцтвамі грамадскага эколага, а таксама разглядаліся практычныя аспекты планавання экалагічных мерапрыемстваў ўдзельнікамі Школы. У якасці запрошаных экспертаў у мерапрыемствах Школы бралі ўдзел дацэнт БДУ А.В.Мароз, дацэнт ГрДзУ А.Г.Аўдзей, прадстаўніца МГА “Цэнтр устойлівага развіцця” Ю.М.Саўкіна і прадстаўнік ГА “ВІТ” І.Р.Лапеха. Сваім практычным досведам прыродаахоўнай дзейнасці падзяліліся каардынатар Орхускага Цэнтра ў Гродна І.М. Рамановіч, грамадская актывістка Ю.Каляда, прадстаўнікі студэнцкіх ініцыятыў біялагічнага і юрыдычнага факультэтаў ГрДзУ “ГрынСан” і “Экалекс”, а таксама вучнёўскай ініцыятывы “ЭкаСвет” Гімназіі №1 г.Гродна. Асобная ўвага пад час мерапрыемства была нададзена перспектывам далейшай сумеснай дзейнасці ўдзельнікаў Школы.
Другая гарадзенская сесія Школы “Адказнасць за парушэнне экалагічнага заканадаўства” праводзілася 31.10-1.11.2014 у партнерстве з Гродзенскім абласным камітэтам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. Удзельнікі Школы атрымалі тэарэтычны падмурак па тэме сесіі пад час дыкладаў прадстаўніц ГрДзУ А.Г.Аўдзей і А.В.Хрысцюк. Супрацоўнікі Камітэта С.І.Дзмітрыева, І.У.Сак, В.І.Путро і Н.М.Ланец, падзяліліся практычным досведам аховы навакольнага асяроддзя і прыцягнення да грамадзянска-прававой, адміністратыўнай і крымінальнай адказнасці за парушэнне экалагічнага заканадаўства. Выступоўцы адзначылі важнасць удзелу грамадскасці ў прафілактыцы падобных парушэнняў. Пад час сесіі ўдзельнікі Школы таксама прадставілі і абмеркавалі вынікі экалагічных мерапрыемстваў, якія яны запланавалі і правялі ў межах свайго навучання ў Школе.

Удзельнікі Прававой школы маладога эколага высока ацанілі атрыманы досвед, практычня веды і навыкі, якія яны набылі за час навучання. Пад час праекта большасць слухачоў Школы далучылася да дзейнасці экалагічных ініцыятыў і арганізацый, а адна ўдзельніца атрымала афіцыйны статус грамадскага эколага.

Праект “Інфармацыйна-прававая падтрымка маладых эколагаў па пытаннях аховы навакольнага асяроддзя” выконваўся ў межах Праграмы СЕКТАР Рэгіянальнага экалагічнага цэнтра для Цэнтральнай і Усходняй Еўропы пры фінансавай падтрымцы Шведскага агенцтва міжнароднага супрацоўніцтва ў сферы развіцця. Праект зарэгістраваны ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 4.03.2014, Пасведчанне № 03-12/209

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары