Зараз вы тут: Без рубрики, Навiны, Слайдшоу » Tandem Evenings in Hrodna: размаўляй і вучыся нефармальна

Арыгінальны міжкультурны адукацыйна-асветніцкі праект стартаваў у Гродне вясной 2015 г. і працягваецца дагэтуль, знаходзячы ўсё новых і новых прыхільнікаў.

Tandem Evenings in Hrodna1

Tandem Evening – што гэта такое?

Паводле задумы, “тандэм” як форма навучання – гэта сустрэча двух чалавек, падчас якой яны абменьваюцца ведамі.

У нашым выпадку – гэта веды, звязаныя з валоданнем нейкай мовай. Таму ў час Тандэмаў адзін чалавек навучае іншага мове, якую сам ведае (вельмі часта гэта носьбіт мовы) і, у сваю чаргу, вывучае мову свайго суразмоўцы.

Такога кшталту сустрэчы па абмене моўнымі ведамі ператварыліся ў розных гарадах свету ў фармат “Tandem Evenings”, падчас якіх людзі сустракаюцца, каб размаўляць на замежнай мове. У недалёкай ад Беларусі Варшаве, напрыклад, такія сустрэчы праходзілі кожны тыдзень у адной з кавярняў. Прыходзілі мясцовыя жыхары, іншаземцы, каб падвучыць мову і завесці новыя знаёмствы.

Tandem Evenings in Hrodna2

Tandem Evenings in Hrodna – як гэта пачалося?

Ідэя “Tandem Evenings” прыйшла ў Гродна вясной 2015 года.

Грамадскае аб’яднанне “Цэнтр “Трэці сектар” амаль штогод прыймае ў сябе валанцёраў з розных еўрапейскіх краін у межах праграмы ЕВС (Еўрапейская валанцёрская служба). Менавіта яны і сталі ініцыятарамі новага адукацыйнага праекта па нефармальным вывучэнні замежных моваў.

Ініцыятыва адразу знайшла водгук. У Гродне не так шмат іншаземцаў, з якімі можна рэгулярна сустракацца і размаўляць, каб “падцягваць” замежную мову. Удзельнікі сустрэч часта адзначалі, што курс замежнай мовы, які сярэднястатыстычны беларус атрымаў у школе, зусім недастатковы для таго, каб упэўненна камунікаваць на той альбо іншай мове. За два гады ў “Цэнтры “Трэці сектар” з’яўляліся новыя валанцёры, а праз Тандэмы прайшлі сотні чалавек. Некаторыя ўдзельнічаюць у моўных сустрэчах ад самага пачатку і ўжо самі пачалі брацца за арганізацыю сустрэчаў ці развіваць свве падобныя праекты.

Tandem Evenings in Hrodna3_

У чым прывабнасць “Tandem Evenings in Hrodna”?

Tandem Evenings in Hrodna – гэта фармат, якія адпавядае патрэбам часу. Свет становіцца больш адкрытым і мы ўсё часцей і часцей падарожнічаем ці мяняем месца жыхарства і працы. Даўно стала зразумела, што без ведання замежных моваў – далей ніяк.

Па-першае – усялякія шматмоўныя мерапрыемствы заўсёды прыцягваюць іншаземных жыхароў горада, у якім яны праходзяць.

Tandem Evenings – гэта не толькі моўны, але і міжкультурны досвед – акрамя камунікацыі на іншаземнай мове, удзельнікі атрымліваюць веды, звязаныя з невербальнай камунікацыяй, дзеляцца досведам жыцця ў іншых краінах, вучацца функцыянаваць у міжкультурным і міжнацыянальным асяроддзі. Такога тыпу сустрэчы спрыяюць інтэграцыі іншаземцаў у беларускім ассяроддзі, пашырэнню ці пераадоленню межаў, якія ў нашых галовах, стерэатыпаў, якія пануюць у нашым грамадстве.

Па-другое – “Tandem Evenings” – гэта не курс. Тут ніхто не будзе задаваць хатняе заданне, правяраць веды ўдзельнікаў. Кожны прыходзіць для сябе і сам адказны за тое, што вынясе з сустрэчаў, наколькі будзе актыўным. Неабявязкова прыходзіць кожны тыдзень. Сустрэчы адкрытыя, можна паўдзельнічаць, калі ёсць час, настрой, заўсёды падключыцца ў размову ў сярэдзіне сустрэчы. На “Tandem Evenings in Hrodna” прыходзяць удзельнікі розных узростаў – ад вучняў старэйшых класаў да сталых людзей.

Па-трэцяе – тут ніхто не будзе вывучаць граматыку ці правапіс. Самае важнае сёння –гэта навучыцца камунікаваць. Таму больш упэўненная камунікацыя на замежнай мове з’яўляецца адной з самых галоўных мэтаў сустрэчаў Tandem Evenings.

Tandem Evenings in Hrodna4

Tandem Evening in Hrodna – як гэта праходзіць?

У Гродне арганізатары прыдумалі ўласны фармат сустрэчаў: запрасілі іншаземных валанцёраў, якія працуюць у Гродне (у “Цэнтры “Трэці сектар” і не толькі), каб тыя сталі “моўнымі лідэрамі” асобных “моўных столікаў”.  Што гэта значыць? Запрошаныя іншаземцы сталі мадэратарамі дыскусій на мове, якую ведаюць. Хутка мадэратарамі пачалі станавіцца не толькі іншаземцы, але і беларускія ўдзельнікі, ахвотныя паспрабаваць свае сілы.  “Моўны лідар” рыхтуе звычайна нейкія моўныя гульні, цікавыя матэрыялы на зададзеную тэму.

Кожны тыдзень разам з удзельнікам ці ў суполках у сацсетках абіраецца тэма наступнай сустрэчы. Але тэма – гэта не абавязкова. Часам мы проста сустракаемся, каб пагуляць і паразмаўляць.

Tandem Evenings in Hrodna5

             Чым займаемся падчас сустрэчаў?

Займаемся самымі рознымі справамі: глядзім і абмярковаем відэа, мы хадзілі ў музей, выходзім з офіса ды сядзім на траве ў парку, гуляем у “кракадзіла”, “мафію” на замежнай мове, ладзім караоке, размаўляем пра хоббі, падарожжы, ежу, музыку, стэрэатыпы (тут усіх тэмаў не пераліцыць), cустракаемся з тымі, хто прыязджае ў Гродна з-за мяжы на летнюю школу, на выходныя, хто вярнуўся з далёкага падарожжа аўтаспынам. Адным словам – размаўлаем пра тое, што нам цікава!

Tandem Evenings in Hrodna6

Сёння Tandem Evenings in Hrodna – гэта не проста цыкл сустрэчаў, а супольнасць людзей, для якіх новыя мовы – гэта цікава, для якіх пашыранне межаў – гэта важна, якім цікава сустракаць прадстаўнікоў іншых культураў, мяняцца сваім культурным досведам з іншымі.  Таксама радуе, што зараз – гэта не адзіная суполка гэтага тыпу, якая існуе ў Гродне. За апошнія два гады арганізаваць моўныя клубы і сустрэчы стала вельмі папулярным і мы гэтаму толькі радыя!

Аўтарка:

Вольга Галецка – выкладчыца польскай мовы, валанцёрка ГА “Цэнтр “Трэці сектар” заснавальніца праекта “Tandem Evenings in Hrodna”.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары