Якой мы бачым Беларусь, што паказваем на сувенірах і ў турыстычных буклетах?
З якімі вобразамі і сімваламі зараз асацыюецца нашая краіна, а якія элементы культуры непапраўна забытыя і не знаходзяць мейсца ў сёньняшнім жыцьці?
Калі ты малады, крэатыўны, любіш сваю Радзіму і маеш што адказаць на гэтыя пытаньні – далучайся да праекту “Беларусь гэта….”.
Кожнае меркаваньне будзе пачутае, і магчыма менавіта твая ідэя будзе ўвасоблена на новай сувенірнай прадукцыі.
Культура кожнага народу мае свае сімвалы. Яны прэзентуюць унікальнасьць і непаўторнасьць кожнай краіны, яе адметныя рысы. Нідэрланды пазнаюць па ветраках і цюльпанах, Аўстралію па кенгуру, Расію па самаварах і матрошках.
А з чым у замежнікаў, а перад усім у нас саміх, асацыюецца Беларусь? З бульбай, трактарамі, ці наогул ні з чым?
У краіне з тысячагадовай пісьмовай культурай, з багацейшай фальклёрнай спадчынай, рынак сувенірнай прадукцыі, ня самы багаты і разнастайны.
Таму мы прапануем менавіта Вам, маладым беларусам, вызначыць, што варта лічыць сваім, атаясамляць з роднай краінай.
Цягам месяца мы будзем прымаць прапановы бачаньня вобразаў Беларусі, каб пасьля найбольш папулярныя выставіць на шырокае абмеркаваньне і галасаваньне.
Па яго выніках будзе выраблена сувенірная прадукцыя з сімваламі-пераможцамі.
Кожны з актыўных удзельнікаў дыскусіі будзе мець магчымасьць атрымаць сабе значак, бралок ці іншы сувенір з абранай выявай. А аўтары трох лепшых прэзентацый будуць узнагароджаны.
На спабор прымаецца тэкст ня большы за 12 сказаў. Ён мусіць пачынацца са словаў Беларусь гэта…, і далей мець назву і апісаньне той рэчы, з’явы, якім, вы лічыце, беларусы могуць сапраўды ганарыцца. А так сама утрымліваць абгрунтаваны адказ на пытаньне, чаму гэты сімвал
варты пашаны. Можна дадаваць ілюстрацыі, але не абавязкова.
Прапанаваныя сімвалы могуць быць любымі: прадметы побыту і рамесныя тэхналогіі, артэфакты, міфалагічныя персанажы і іншыя элементы культуры. Вобразы могуць мець канкрэтнае ўвасабленьне альбо быць абстрактнай з’явай.
Адзінае, яны мусяць быць дакладна беларускімі, пажадана ўнікальнымі (ня мець аналагаў у іншых культурах), і не з’яўляцца дзеючай сімволікай арганізацый і ўстановаў.
Прапановы можна выкладаць ўкантакце (http://vkontakte.ru/club19072840) ці дасылаць на скрыню lubluganarus@gmail.com.
Вашыя варыянты будуць адразу бачныя ўсім ўдзельнікам на вэб-пляцоўцы ўкантакце і даступны для абмеркаваньня. Але асноўны выбар будзе зроблены пазьней, пад час галасаваньня.
Распавядзіце ўсім, якая яна – Беларусь!