З 24 верасня па 2 кастрычніка 2011 г. у Беларусі праходзіў Тыдзень нефармальнай адукацыі-2011. У гэтым годзе тэматычнай рамкай мерапрыемстваў стала “Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё”. На працягу васьмі дзён прадстаўнікі ўсіх накірункаў адукацыйнай сферы – дзяржаўных, недзяржаўных і бізнесу – абмяркоўвалі найбольш праблемныя пытанні развіцця нефармальнай адукацыі ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, а таксама тое, як з дапамогай нефармальнай адукацыі можна ўплываць на развіццё рэгіёнаў Беларусі. У рамках тыднёвага адукацыйнага форуму прайшло 48 мерапрыемстваў у 13 гарадах Беларусі!
Якая выніковасць Тыдня? Наколькі зададзеная тэматычная рамка апраўдала чаканні арганізатараў? Якія ідэі прагучалі ярка і маюць перспектывы далейшага глыбокага разгляду і дыскусіі? На гэтыя і іншыя пытанні адказваюць прадстаўнікі аргкамітэта VI Тыдня НФА: Галіна Верамейчык, Глава Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь, і Васілій Пронь, дырэктар ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін».
– Тэма Тыдня ў гэтым годзе – «Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё». На Ваш погляд, ці здолеў Тыдзень наглядна прадэманстраваць патэнцыял развіцця НФА ў рэгіёнах? Якія падзеі, дыскусіі, трэнінгі, семінары сведчаць пра гэта?
Галіна Верамейчык: – Мне падаецца, што Тыдзень ў большай ступені дазволіў паказаць рамку для развіцця НФА ў рэгіёнах, чым прадставіць патэнцыял мясцовых і рэгіянальных арганізацый НФА ў пытаннях рэгіянальнага развіцця. Гэта значыць, мы хутчэй задавалі пытанні, якія стымулююць асэнсаванне цяперашняй сітуацыі. Гэтая рамка найбольш выразна была прадстаўлена ў выступах і дыскусіях круглага стала «Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: запатрабаванні, вопыт, інавацыі». А публічную дыскусію аб пашырэнні спектру адукацыйных паслуг для жыхароў беларускіх рэгіёнаў неабходна працягваць.
– У ходзе выступаў і дыскусіі круглага стала «Нефармальная адукацыя ў рэгіёнах Беларусі: запатрабаванні, вопыт, інавацыі» эксперты казалі пра тое, што развіццю НФА ў Беларусі перашкаджаюць разрозненасць, няздольнасць кансалідавацца вакол агульнай мэты. Што магло б змяніць гэтую сітуацыю, якія шляхі пераадолення гэтай праблемы Вы бачыце?
Васілій Пронь: – Думаю, што для таго, каб вырашаць гэтую праблему, неабходна працаваць з культурай, бачаннем у нас, як правайдэраў адукацыйных паслуг. Усё ж такі пакуль часцей мы бачым свае задачы – вузка і недалёка. Хоць на самой справе важна падняцца на ўзровень вышэй і ўбачыць, што тыя невялікія падзеі, праграмы, трэнінгі, якія мы праводзім, складаюць частку вялікай справы. Думаю, што ўсведамленне таго, што мы (кожны з нас) ўплываем на фарміраванне будучыні Беларусі, – гэта тая адпраўная кропка, якая магла б аб’ядноўваць нас. Бо так важна разумець і бачыць, куды мы хочам прыйсці – на ўзроўні краіны, як мінімум.
Галіна Верамейчык: – Я б не называла гэта няздольнасцю кансалідавацца. Больш карэктна было б казаць аб неабходнасці пошуку агульных прыярытэтаў і пашырэнні кааперацыі. Сфера дадатковай і нефармальнай адукацыі такая шырокая і разнастайная, што тут заўсёды прысутнічалі і будуць прысутнічаць арганізацыі з вельмі шырокім дыяпазонам мэтаў, якія часам істотна адрозніваюцца. Класічны прыклад – дзейнасць камерцыйных арганізацый нароўні з іншымі арыентавана на прыбытак, некамерцыйных – не.
Мне спадабаўся тэзіс Дзмітрыя Карпіевіча, выказаны ім на круглым стале, аб недастатковасці і скарачэнні практыкі НФА на месцах. Перафразуючы яго, я б сказала, што неабходна пашыраць поле сумеснай практычнай дзейнасці. Калі з’явяцца няхай і невялікія спачатку агульныя праекты і праграмы, то працэс міжсектаравага ўзаемадзеяння будзе развівацца хутчэй. Што, па ідэі, павінна стымуляваць пошук і фармуляванне агульных мэтаў і задач.
– Вялікая колькасць рэгіянальных мерапрыемстваў Тыдня НФА прайшла ў партнёрстве з Прадстаўніцтвам зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь. Як Вы ацэньваеце выніковасць гэтых мерапрыемстваў? Якія ідэі маюць перспектывы далейшага развіцця?
Галіна Верамейчык: – Для нас як для арганізацыі, нацэленай на развіццё ініцыятывы ў сферы дадатковай адукацыі дарослых у беларускіх рэгіёнах, удзел у аргкамітэце Тыдня даў магчымасць пазнаёміцца з шэрагам ініцыятыўных людзей на месцах: у Барысаве, у Мсціслаўскім раёне, у Гомелі, у Вілейцы. Знаёмства з новымі ініцыятывамі, а таксама прыцягненне ўвагі мясцовых “актораў” да праблем і перспектываў развіцця нефармальнай адукацыі ў рэгіёнах з’яўляюцца асноўнымі вынікамі шэрагу мерапрыемстваў, праведзеных Прадстаўніцтвам Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў у супрацоўніцтве з мясцовымі партнёрамі. І гэты першы досвед супрацоўніцтва можа легчы ў аснову больш буйных праграм і праектаў – у выпадку, калі мы здолеем знайсці агульныя інтарэсы.
– Варта адзначыць, што Тыдзень НФА з кожным годам умацоўвае свае пазіцыі ў сферы ўзаемадзеяння арганізацый «трэцяга сектара» і бізнес-структур. У гэтым годзе УА «Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ», ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін» выступілі ў ліку арганізатараў VI Тыдня НФА. І ўсё ж гэта пакуль адзінкавыя выпадкі. Як Вам здаецца, што магло б прыцягнуць да ўдзелу ў Тыдні большую колькасць суб’ектаў адукацыйнага працэсу з іншых сектараў і развіць міжсектаравае ўзаемадзеянне?
Васілій Пронь: – Для развіцця міжсектаравага супрацоўніцтва важна разумець выразна яго мэты. Разумець, што дасць кожнай з бакоў гэтае супрацоўніцтва. І пакуль гэтага разумення, як мне здаецца, не хапае абодвум бакам, таму супрацоўніцтва будуецца хутчэй на інтуітыўным узроўні (“нядрэнна было б …”). Камерцыйныя арганізацыі, якія аказваюць адукацыйныя паслугі насельніцтву, у большасці нацэлены на пашырэнне сваёй аўдыторыі, і гэта зразумела – бо ад таго, колькі ў іх будзе слухачоў, часта залежыць эфектыўнасць дзейнасці. Аднак у Беларусі мы сутыкаемся з неразвітасцю самой сферы нефармальнай адукацыі дарослых. І тады камерцыйным арганізацыям прыходзіцца ўсімі магчымымі спосабамі выконваць функцыі арганізацый “трэцяга сектара” – фармаваць адукацыйную культуру насельніцтва. З іншага боку – арганізацыі “трэцяга сектара” часта абмежаваныя праектнымі рамкамі і, нават ствараючы новыя выдатныя прадукты, не заўсёды могуць іх тыражаваць і распаўсюджваць. Вось дзесьці ў гэтым полі і перасякаюцца ўзаемныя інтарэсы камерцыйных арганізацый, якія аказваюць адукацыйныя паслугі насельніцтву, і арганізацый “трецяга сектара”.
З больш падрабязным аналізам вынікаў Тыдня НФА-2011 і яго асноўных мерапрыемстваў можна будзе азнаёміцца ў адным з бліжэйшых нумароў «Адукатара».
VI Тыдзень НФА завяршыўся, але тэмы, пастаўленыя пытанні і агучаныя праблемы не вычарпаныя, пра што сведчыць працяг дыскусій: у эфіры tut.by Андрэй Каравайка гутарыць з экспертам Агенцтва гуманітарных тэхналогій Таццянай Вадалажскай і незалежным экспертам Уладзімірам Дунаевым пра культуру адукацыі дарослых у Беларусі, пра стан адукацыйнай сферы і пра тое, якія выклікі і магчымасці ў сувязі з гэтым стаяць перад нефармальнай адукацыяй. Глядзіце і слухайце запіс эфіру: 4 кастрычніка 2011 г., 11.15 і 12.15
Даведка:
Арганізатары Тыдня НФА-2011: УА «Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ», ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін», Асацыяцыя дадатковага адукацыі і асветы (АДОиП), Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь.
Пра тое, як праходзіў Тыдзень НФА-2011, чытайце на сайтах: www.adukatar.net, www.dvv-international.by, www.zautra.by, www.eurobelarus.info , www.n-europe.eu, , www.ampby.org.