Зараз вы тут: V Фестываль нефармальнай адукацыі, Навiны, Слайдшоу, Фестываль НФА » Рэзалюцыя V Фестывалю нефармальнай адукацыі

  Рэзалюцыя V Фестывалю нефармальнай адукацыі

(5-6 снежня 2014 года, г. Мінск)

 У апошняе дзесяцігоддзе сфера нефармальнай адукацыі (НФА) у Беларусі развіваецца асабліва дынамічна, павялічваецца колькасць арганізацый, якія рэалізуюць праграмы і/ці прадстаўляюць паслугі нефармальнай адукацыі насельніцтву. На сённяшні дзень у Беларусі сфера нефармальнай адукацыі прадстаўлена рознымі арганізацыямі і ўстановамі некамерцыйнага, камерцыйнага і дзяржаўнага сектара. Правайдары сферы НФА адрозніваюцца разнастайнасцю падыходаў, прынцыпаў і спосабаў прадастаўлення паслуг і рэалізацыі праграм. Аднак, разам з разнастайнасцю падыходаў мы адзначаем падабенства глабальных мэтаў, на якія ў канчатковым выніку накіраваны іх намаганні, праграмы і паслугі. Дыскусія ў рамках Фестывалю нефармальнай адукацыі пацвярджае, што такімі мэтамі з’яўляюцца імкненне зрабіць унёсак у развіццё грамадства і павышэнне якасці жыцця насельніцтва. Катэгорыя “грамадскай карысці” аб’ядноўвае усіх правайдараў нефармальнай адукацыі.

Разнастайнасць на ўзроўні падыходаў, прынцыпаў і спосабаў прадастаўлення паслуг стварае спажыўцу прастору для павелічэння выбару найбольш прыдатнага для яго прадукту. Аднак, рознасць арганізацый сферы нефармальнай адукацыі па юрыдычнай форме ўласнасці і прававым статусе часцяком ставіць іх у няроўнае становішча ў існуючых сёння рамачных умовах, якія вызначаюць магчымасці ажыццяўлення арганізацыямі дзейнасці па прадастаўленні адукацыйных паслуг юрыдычным асобам і грамадзянам. Адсутнічаюць прэферэнцыі і падатковыя льготы для арганізацый розных формаў уласнасці, якія працуюць у сферы дадатковай адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі. Гэта абмяжоўвае магчымасці арганізацый пашыраць доступ да праграм нефармальнай адукацыі розных катэгорый насельніцтва, асабліва ў рэгіёнах.

Мы адзначаем, што на заканадаўчым узроўні паняцце «нефармальная адукацыя» не знайшло свайго замацавання ў Кодэксе Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які ўступіў у сілу ў 2011 годзе. У Кодэксе гаворыцца толькі аб “дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі” і “дадатковай адукацыі дарослых”. Акрамя Кодэкса аб Адукацыі дадатковая адукацыя ў Беларусі рэгулюецца Пастановамі Савета

Міністраў Рэспублікі Беларусь, а таксама палажэннямі і інструкцыямі Міністэрства адукацыі як каардынуючага ведамства па рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі ў гэтай сферы. Разам з тым, асноўная частка правайдараў нефармальнай адукацыі з ліку недзяржаўных, камерцыйных і некамерцыйных арганізацый свае ўзаемаадносіны з спажыўцамі адукацыйных паслуг рэгулююць рынкавымі механізмамі ў рамках Грамадзянскага кодэкса, ці яны прапануюцца на бязвыплатнай аснове (напрыклад, грамадскімі аб’яднаннямі).

У рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці, практычна адсутнічае інстытуцыйная інфраструктура для забеспячэння доступу да адукацыйных паслугаў розных груп насельніцтва. Некаторыя магчымасці існуюць у тых населеных пунктах, дзе актыўнасць у кірунку нефармальнай адукацыі праяўляюць установы сацыяльнай сферы ці культуры, а таксама грамадскія арганізацыі. Камерцыйныя структуры, на жаль, пакуль не зацікаўлены масава ісці ў рэгіёны.

Можна з упэўненасцю канстатаваць, што нефармальная адукацыя становіцца важнай

складовай часткай сістэмы адукацыі нашай краіны. Аднак, варта прызнаць, што грамадская карыснасць, роля і магчымасці нефармальнай адукацыі ў вырашэнні сацыяльна-эканамічных праблем, у павышэнні якасці жыцця па-ранейшаму ў поўнай меры не ўсведамляюцца ні дзяржавай, ні грамадствам. І без рашэння шэрагу сістэмных праблем нефармальнай адукацыі наўрад ці зможа выйсці на новы якасны ўзровень і ў поўнай меры выкарыстаць свой патэнцыял для развіцця асобы, грамадства і дзяржавы. А гэта магчыма толькі праз аб’яднанне намаганняў усіх зацікаўленых бакоў.

Прапановы ўдзельнікаў V Фестывалю нефармальнай адукацыі:

    • Надаваць больш увагі вывучэнню сферы нефармальнай адукацыі ў Беларусі, забяспечваць дзяржаўную падтрымку і ўключаць правядзенне даследаванняў у доўгатэрміновыя планы, каб спрыяць паляпшэнню разумення агульнага кантэксту, у якім развіваецца нефармальная адукацыя ў Беларусі, садзейнічаць большай абгрунтаванасці праграм і паслуг НФА ў адпаведнасці з вынікамі і высновамі даследаванняў.
    • Прапагандаваць і прасоўваць нефармальную адукацыю ў грамадскай свядомасці, фарміраваць моду і попыт на навучальныя паслугі і праграмы ў насельніцтва праз узмацненне інфармавання і камунікацыі з боку арганізацый, якія займаюцца нефармальнай адукацыяй.
    • Прасоўваць дзейсныя змест, формы і метады грамадзянскай адукацыі з мэтай фарміравання беларускай грамадзянскай супольнасці.
    • Павялічваць даступнасць паслуг НФА для розных катэгорый грамадзян, у тым ліку людзей з інваліднасцю; прасоўваць паслугі нефармальнай адукацыі ў рэгіёнах, асабліва ў сельскай мясцовасці.
    • Праз узмацненне дыялогу з органамі ўлады садзейнічаць а) стварэнню спрыяльных рамачных умоў для дзейнасці арганізацый сферы нефармальнай адукацыі незалежна ад формы ўласнасці, у тым ліку за кошт прадастаўлення гэтым арганізацыям магчымасцяў для атрымання бюджэтнага фінансавання (напрыклад у рамках рэалізацыі механізму дзяржаўнага сацыяльнага заказу); б) прызнанню грамадска-карыснага характару дзейнасці арганізацый НФА розных формаў уласнасці і прадастаўленню ім магчымасці для атрымання льгот у падаткаабкладанні.

Для рэалізацыі вышэй згаданых прапаноў удзельнікі V Фестывалю нефармальнай адукацыі лічаць неабходным:

– Працяг абмеркаванняў па распрацоўцы праекта закона “Аб грамадска карыснай дзейнасці”;

– Спрашчэнне працэдуры атрымання і выкарыстання замежнай бязвыплатнай дапамогі, а таксама міжнароднай тэхнічнай дапамогі;

– Распаўсюд нормаў дзяржаўнага сацыяльнага заказу на навучальныя праграмы ў актуальных для дзяржавы і грамадства напрамках;

– Унясенне палажэнняў пра важнасць падтрымкі сферы нефармальнай адукацыі ў рамках рэалізацыі і для дасягнення мэтаў Нацыянальнай стратэгіі ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2030 года, праект якой вынесены на грамадскае абмеркаванне;

– Распрацоўку і прыняцце на ўзроўні прафесійнай супольнасці рэкамендуемых стандартаў праграм у сферы нефармальнай адукацыі;

– Правядзенне сумеснымі намаганнямі розных зацікаўленых арганізацый і структур інфармацыйных кампаній, скіраваных на фарміраванне культуры ў сферы адукацыі на працягу ўсяго жыцця;

– Стварэнне пры Міністэрстве адукацыі Грамадскага Савета ў сферы дадатковай адукацыі дарослых з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці, бізнесу і дзяржавы.

Резолюция V Фестиваля неформального образования (скачать текст резолюции на русском языке)
Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар


× 6 = 12

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары