Зараз вы тут: 2006 » Рэзалюцыя Фестывалю нефармальнай адукацыі (15-17 верасня 2006 года, г. Мінск)

Мы, удзельнікі Фестывалю нефармальнай адукацыі, заяўляем, што нефармальная адукацыя для дарослых і моладзі з’яўляецца адным з найважнейшых рэсурсаў, неабходных для развіцця асобы і грамадства, ключавым фактарам павялічэння чалавечага патэнцыяла і інтэграцыі Рэспублікі Беларусь у еўрапейскую адукацыйную прастору.

У Мемарандуме неперарыўнай адукацыі Еўрапейскага Саюза 2000 года падкрэсліваецца, што нефармальная адукацыя з’яўляецца раўнапраўным складнікам адукацыйнага працэсу на працягу ўсяго жыцця. З другой паловы ХХ стагоддзя вядзецца пошук шляхоў абнаўлення сістэм адукацыі, якія забяспечваюць пераход ад прынцыпу “адукацыя на ўсё жыццё” да прынцыпу “адукацыя праз усё жыццё”. Мэтай адукацыйнай палітыкі становіцца стварэнне ўмоў, якія дазваляюць вучыцца неперарыўна, атрымоўваць сучасныя агульныя і прафесійныя веды і такім чынам рэалізаваць індывідуальную адукацыйную стратэгію і забяспечыць вырашэнне актуальных праблем сучаснага грамадства.

У сувязі з гэтым мы лічым, што нефармальная адукацыя як неад’емная складовая частка нацыянальнай сістэмы адукацыі можа і павінна стаць стрыжнем устойлівага развіцця і гуманізацыі жыцця грамадства.

У той жа час мы вымушаны канстатаваць, што патэнцыйныя магчымасці нефармальнай адукацыі не ў поўнай меры ўсвядомлены і задзейнічаны пры планаванні і ажыццяўленні сацыяльна-палітычных і эканамічных рэформ у Рэспубліцы Беларусь. Недаацэнка ролі нефармальнай адукацыі і недастаткова развітая нарматыўна-прававая база прывялі да таго, што нефармальная адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь да гэтага часу не заняла адпаведнае месца ў жыццці грамадства.

Мы ўпэўнены, што

  • нефармальная адукацыя, з’яўляючыся адносна самастойнай сацыякультурнай з’явай, мае свой вектар развіцця, які самым цесным чынам узаемазвязаны з усімі інстытутамі грамадства і здзяйсняе значны ўплыў на іншыя сферы (эканоміку, палітыку, навуку, права, ідэалогію, мараль);
  • нефармальная адукацыя можа стаць ідэальнай пляцоўкай для апрабацыі новых падыходаў і тэхналогій пры рэарганізацыі нацыянальнай адукацыйнай прасторы.

Усведамляючы, што культурны і адукацыйны патэнцыял грамадзян сёння вызначае тэмпы, форму, спецыфіку і вынік сацыяльнай эвалюцыі;

грунтуючыся на тым, што Нацыянальная стратэгія ўстойлівага сацыяльна-эканамічнага развіцця Рэспублікі Беларусь да 2020 года вызначыла задачу дэмакратызацыі адукацыі з мэтай развіцця творчых якасцей асобы, яе здольнасцей да самастойных дзеянняў і рашэнняў, да ўдасканалення прафесійных кампетэнцый;

улічваючы тое, што Савет главаў Урадаў СНД 25 мая 2005 года ўхваліў Канцэпцыю развіцця адукацыі дарослых у дзяржавах-удзельніцах СНД,

мы прапануем

А) арганізацыям усіх формаў уласнасці, якія працуюць у сферы нефармальнай адукацыі дарослых і моладзі, зрабіць наступныя практычныя крокі:

  • арганізаваць працэс абмеркавання, узгаднення і выпрацоўкі сумесных падыходаў да пытанняў развіцця адукацыі дарослых і моладзі ў Рэспубліцы Беларусь;
  • стварыць спецыяльную Працоўную группу для каардынацыі дзеянняў арганізацый сферы адукацыі дарослых і моладзі і дыялогу з усімі зацікаўленымі бакамі.

Б) органам заканадаўчай і выканаўчай улады Рэспублікі Беларусь ажыццявіць на практыцы наступныя крокі:

  • пачаць працэс стварэння грамадска-дзяржаўнага органа, здольнага забяспечыць улік інтарэсаў усіх арганізацый, занятых у адукацыі дарослых з наступным стварэннем пры Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь міжсектарнага Грамадскага Савета па пытаннях развіцця нацыянальнай адукацыі з удзелам прадстаўнікоў зацікаўленай грамадскасці, бізнэса і дзяржавы;
  • ініцыяваць працэс распрацоўкі неабходных праграмных, нарматыўных і заканадаўчых дакументаў у сферы адукацыі дарослых і моладзі з абавязковым удзелам і кансультацыямі з прадстаўнікамі зацікаўленых грамадскіх арганізацый і ўстаноў адукацыі;
  • арганізаваць публічнае абмеркаванне праграмных і нарматыўных дакументаў, што распрацоўваюцца і наўпрост закранаюць сферу адукацыі дарослых і моладзі;

У якасці асноўных ідэй, на якіх павінны быць заснаваны праграмныя і нарматыўныя дакументы, мы фіксуем

  • права кожнага чалавека на неперарыўную фармальную і нефармальную адукацыю ў любым узросце;
  • прыняцце ў якасці асноўнага прынцыпу развіцця нацыянальнай сістэмы адукацыі плюралізму канцэпцый, заснавальнікаў і формаў адукацыйнай дзейнасці;
  • прызнанне грамадскай карыснасці адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі, і, адпаведна, замацаванне гарантый яе развіцця шляхам вылучэння бюджэтнага фінансавання, распрацоўкі схемаў фінансавай падтрымкі ўдзелу ў нефармальнай адукацыі і адукацыі дарослых розных сацыяльных групаў, забеспячэнне ільготаў у падаткаабкладанні для арганізацый розных формаў уласнасці, якія працуюць у сферы адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі і г.д.;
  • забеспячэнне дзяржаўнай падтрымкі навуковых даследаванняў у сферы адукацыі дарослых і нефармальнай адукацыі, спрыянне развіццю сістэмы падрыхтоўкі  прафесійных кадраў для дадзенай адукацыйнай сферы.

Мы, удзельнікі Фестывалю, упэўнены, што нефармальная адукацыя дарослых і моладзі разам з іншымі элементамі нацыянальнай сістэмы адукацыі могуць і павінны ўнесці істотны ўнёсак у забеспячэнне адукацыйнага і культурнага развіцця грамадзян, суверэнітэту і годнасці нацыі, правоў і свабодаў асобы ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама забяспечыць пераход да ўстойлівага развіцця.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары