Тут можна сустрэць заўзятых вязальшчыц і натхнённых мастакоў, пачуць замежную мову, паспрабаваць быць радыёвядучым ці паглядзець фестывальнае кіно. Рэсурсны цэнтр дадатковай адукацыі дарослых, што быў створаны ў Гродне ў жніўні мінулага года, дапамагае грамадскім арганізацыям ў правядзенні адукацыйных мерапрыемстваў для насельніцтва.
Першым мерапрыемствам у новай адукацыйнай прасторы стала сустрэча актывістаў з розных ініцыятываў і устаноў горада. Галоўнае, што сабраліся тыя, хто былі зацікаўлены ў супрацы для развіцця нефармальнай адукацыі ў Гродне.
Зараз у памяшканні цэнтра рэгулярна праходзяць заняткі. Студэнты Універсітэту Залатога Веку прыходзяць сюды вывучаць замежныя мовы. Перад зімовымі канікуламі асвойвалі песні-калядкі і пісаліся навагоднія віншаванні па-анлглійску, па-пальску і па-французку.
Другімі днямі тут збіраюцца майстрыні з курсаў па вязанню. Курсы для іх арганізаваны “Студыяй карысных кампетэнцый”. Некаторыя з іх прыйшлі каб удасканаліць сваё майстэрства, іншыя – ніколі не трымалі ў руках спіцы ці кручок, але паспяхова страўляюцца са складанымі ўзорамі.
Суботнімі ранкамі у памяшканні рэсурснага цэнтра збіраюцца тыя, хто вучыцца маляваць.
Апроч навучальных курсаў праходзілі ў памяшканні рэсурснага цэнтра сустрэчы актывістаў з “ВелоГродно” і грамадскага аб’яднання маладых навукоўцаў “ВІТ”. Гарадзенцы прыходзілі сюды і на на прагляд фільмаў кінафестываля “Watch Docs”.
Рэсурсны цэнтр развіцца дадатковай адукацыі дарослых у Гродне створаны Асацыяцыяй дадатковай адукацыі і асветы ў межах праекта “Вучыцца, каб дзейнічаць”. Праект фінансуецца са сродкаў Еўрапейскага Звязу і DVV International і мае на мэце садзейнічанне рэалізацыі права на адукацыю на працягу ўсяго жыцця і прасоўванне грамадзянскага ўдзелу.