З 13 да 20 лістапада беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзілі прадстаўнікі дзяржаўных структур, установаў адукацыі і грамадскіх аб’яднанняў, наведала цэлы шэраг нямецкіх арганізацый, якія займаюцца адукацыяй дарослых.
У Боне беларусы наведалі Федэральны інстытут прафесійнай адукацыі (BiBB), Нямецкі інстытут адукацыі дарослых (DIE), а таксама DVV-International – арганізатара візіта.
Асноўная частка праграмы адбывалася ў Аўрыху. У гэтым невялікім гарадку ў Ніжняй Саксоніі месціцца адзін з найвялікшых у Германіі Народных універсітэтаў. Удзельнікі візіта мелі магчымасць падрабязна пазнаёміцца з дзейнасцю ўніверсітэта ў галіне прафесійнай і грамадзянскай адукацыі, павышэння кваліфікацыі і адукацыі дарослых.
Былі арганізаваныя таксама візіты ў іншыя арганізацыі з Аўрыха – прафесійную школу, Дом Еўропы, які спецыялізуецца найперш на міжнародных моладзевых праграмах. Ва ўніверсітэце г. Ольдэнбург адбылося знаёмства з акадэмічнай сістэмай навучання дарослых.
У час візіту былі абмеркаваныя і магчымыя сумесныя беларуска-нямецкія праекты, у прыватнасці – Адукацыйнага каравана, які мог бы праехаць па абласных гарадах Беларусі і прадставіць іх жыхарам вялікі спектр адукацыйных паслугаў з боку грамадскіх і дзяржаўных арганізацый.