Зараз вы тут: Навiны » ПАДРЫХТОЎКА КАНСУЛЬТАНТАЎ ПА ПЫТАНЬНЯХ ДЗЯРЖАЎНАЙ САЦЫЯЛЬНАЙ ЗАМОВЫ

Менскі міжнародны адукацыйны цэнтар у супрацоўніцтве з МАГА “АКТ”, ГА “Беларуская асацыяцыя дапамогі дзецям-інвалідам і маладым інвалідам” і Фондам разьвіцьця прававых тэхналёгіяў арганізуюць у межах тэматычнай групы “Сацыяльная сфэра й сацыяльная праца” цыкл сэмінараў па тэматыцы дзяржаўнай сацыяльнай замовы.

Мэта курса – падрыхтоўка кансультантаў-трэнэраў у рэгіёнах, якія здольныя ды гатовыя дапамагаць партнэрскім арганізацыям у практыцы ўкараненьня й рэалізацыі сацыяльнай замовы.

Курс уключае 5 сэмінараў працягласьцю ад 3 да 5 дзён, паміж якімі ўдзельнікі будуць ажыцьцяўляць практычныя дзеяньні па прымяненьню атрыманых ведаў у сваіх супольнасьцях. У якасьці трэнэраў і экспэртаў будуць працаваць нямецкія й беларускія спэцыялісты.

Тэмы ўключаюць наступныя блёкі:

1. Уводзіны ў дзяржаўную сацыяльную замову.

2. Прадмет сацыяльнай замовы: паслугі й праекты. Фінансавыя аспэкты рэалізацыі дзяржаўнай сацыяльнай замовы ў Беларусі.

3. Прававыя асновы дзяржаўнай сацыяльнай замовы.

4. Маніторынг і ацэнка сацыяльных паслугаў.

5. Сувязі з грамадзкасьцю. Сацыяльны маркетынг.

Першы сэмінар адбудзецца 9-13 лістапада 2010 году, наступныя – у 2011 годзе. Апошні занятак адбудзецца ў траўні наступнага году. Заняткі будуць праходзіць у Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Й. Раў (IBB), там жа будзе арганізаванае пражываньне іншагародніх удзельнікаў.

Асноўныя крытэры адбору:

– магчымасьць прыняць удзел ва ўсіх мерапрыемствах адукацыйнага курсу, уключая практычную працу ў сваіх супольнасьцях;

– вопыт сацыяльнай працы;

– вопыт працы з аўдыторыяй (асьветніцкая, адукацыйная дзейнасьць);

– вопыт супрацоўніцтва й наяўнасьць кантактаў зь мясцовымі ўладамі й выканаўчымі органамі, камэрцыйнымі й некамэрцыйнымі арганізацыямі.

Да ўдзелу запрашаюцца прадстаўнікі грамадзкіх арганізацыяў, дзяржаўных сацыяльных установаў, мясцовых органаў улады, царкоўных сацыяльных службаў.

Для ўдзелу неабходна запоўніць анкету (у даданым файле “Temgrup_Infoletter_Anketa_Oct2010“) і даслаць яе на эл. адрас: giris@ibb.by альбо па факсе: +375 17 2003182.

Паводле рассылкі belngo.info

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары