Зараз вы тут: Навiны » НОВАЯ ВЭРСІЯ ЗАКОНАПРАЕКТА “АБ НЕКАМЭРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ” СКІРАВАНАЯ НА ЎЗМАЦНЕНЬНЕ КАНТРОЛЮ

22 сьнежня прадстаўнікі няўрадавых арганізацыяў правялі брыфінг, прысьвечаны праекту закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях”, распрацоўка якога завяршаецца ў Міністэрстве юстыцыі. На мерапрыемстве была дадзеная ацэнка працэдуры распрацоўкі новага закона з пункту гледжаньня інтарэсаў грамадзкасьці і выказаныя экспэртныя меркаваньні адносна канцэптуальных палажэньняў законапраекта.

“Наяўная вэрсія законапраекта хутчэй скіраваная на ўзмацненьне кантроля за няўрадавымі арганізацыямі і стварэньне кантраляванай грамадзянскай супольнасьці”, – заявіў удзельнік брыфінга, юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў.

На мерапрыемстве адзначалася аднабаковасьць дыялёгу паміж грамадзянскай супольнасьцю і распрацоўшчыкамі новага законапраекта: “Шэраг зацікаўленых арганізацыяў скіроўвалі свае прапановы да распрацоўшчыкаў законапраекта. Міністэрствам юстыцыі гэтыя прапановы прымаліся да ведама, аднак да працы з самім тэкстам прадстаўнікоў грамадзкасьці не дапускалі. Законапраект нават не рабіўся публічным цягам усяго бягучага года, хоць ужо праз тры месяцы дакумэнт мусіць быць вынесены на разгляд парлямэнту”, — зазначыў Юры Чавусаў.

Сярод станоўчых рысаў новага законапраекту – нормы пра дзяржаўную сацыяльную замову, ўвядзеньне адмысловага статуса “арганізацыяў сацыяльнай значнасьці” і заканадаўчае замацаваньне ўдзелу НКА ў грамадзкіх саветах пры дзяржаўных органах. Аднак, як заўважаюць удзельнікі брыфінга, адзначаныя новаўвядзеньні ня здольныя карэнным чынам палепшыць прававыя ўмовы для дзейнасьці айчынных некамэрцыйных структураў.

Акрамя таго, законапраект скасоўвае заяўляльны прынцып рэгістрацыі такой формы НКА, як ўстанова і асацыяцыя. Згаданы прынцып быў адной зь нешматлікіх магчымасьцяў простага атрыманьня рэгістрацыі для структураў грамадзянскай супольнасьці. Сярод іншых істотных недахопаў — істотнае пашырэньне паўнамоцтваў кантрольных органаў і ўскладненьне справаздачнасьці для НКА. Таксама законапраект не ўлічвае такой балючай праблемы айчыннай грамадзянскай супольнасьці, як неабходнасьць мець юрыдычны адрас ў нежылым памяшканьні для любой НКА.

У цэлым, паводле меркаваньня дырэктара Цэнтру прававой трансфармацыі Вольгі Смалянкі, у наяўнай рэдакцыі законапраекту пераважаюць адмоўныя рысы, і дакумэнт патрабуе дапрацоўкі з улікам меркаваньняў зацікаўленых суб’ектаў, у тым ліку грамадзкіх аб’яднаньняў, фондаў, прафсаюзаў, рэлігійных і іншых арганізацыяў. “Паводле сусьветных стандартаў, прававыя ўмовы дзейнасьці некамэрцыйных арганізацыяў павінныя быць ня горшыя за прававыя ўмовы дзейнасьці тых юрыдычных асобаў, што займаюцца бізнесам. У сёньняшняй Беларусі ўсё наадварот. Напрыклад, унітарныя прадпрыемствы зарэгістраваць проста і ня трэба для гэтага мець нежылога памяшканьня пад офіс. На жаль, законапраект не выпраўляе гэтую сытуацыю, а пагражае толькі пагоршыць  яе”  — зазначыла Вольга Смалянка.

Удззельнікі брыфінгу прэзэнтавалі грамадзкасьці камэнтар да законапраекта “Аб некамэрцыйных арганізацыях”, распрацаваны Цэнтрам прававой трансфармацыі.

23 сьнежня Міністэрства юстыцыі ладзіць круглы стол для абмеркаваньня праекта закона “Аб некамэрцыйных арганізацыях” з шэрагам НКА. Аднак ні ўдзельнікі брыфінгу, ні шэраг іншых зацікаўленых арганізацыяў на мерапрыемства міністэрства не былі запрошаныя.

У зьвязку з гэтым падчас брыфінгу быў заяўлены намер склікаць альтэрнатыўны круглы стол для тых зацікаўленых НКА, якія не былі далучаныя міністэрствам да абмеркаваньня і не былі запрошаныя на круглы стол 23 сьнежня. Гэтая нарада з аднаго боку дазволіць абмеркаваць як вынікі сустрэчы ў міністэрстве, так і ўжо агучаныя рознымі НКА камэнтары і прапановы да законапраекта. Мэта альтэрнатыўнага круглага стала – выпрацоўка кансалідаванага пакета рэкамендацыяў да тэксту праекта.

Прэс-рэліз Асамблеі НДА.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары