8 – 10 кастрычніка 2010 г. адбыўся ІІІ Фестываль нефармальнай адукацыі.
Дэманстрацыя ўнёску арганізацый нефармальнай адукацыі ў павышэнне якасці жыцця людзей была галоўнай мэтай ІІІ-га Фестывалю нефармальнай адукацыі, які адбыўся 8-10 кастрычніка 2010 года ў Мінску.
У Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Я.Рау сабраліся каля 250 прадстаўнікоў са 120 грамадскіх, камерцыйных і дзяржаўных адукацыйных і асветніцкіх арганізацый і ўстановаў з Беларусі, Арменіі, Азербайджана, Узбекістана, Малдовы, Германіі, Польшчы, Расіі, Таджыкістана і Украіны.
У першы дзень Фестывалю адбылася пленарная дыскусія “Унёсак нефармальнай адукацыі ў павышэнне якасці жыцця”, у якой узялі удзел эксперты з Беларусі, Германіі і Арменіі.
Актуальныя пытанні развіцця нефармальнай адукацыі былі абмеркаваныя ў тэматычных секцыях:
1.Запыт і замова ад грамадства і дзяржавы на нефармальную адукацыю
2.Адукацыя на працягу жыцця: прававое забеспячэнне і фінансаванне
3.Міжнароднае супрацоўніцтва: выклікі і перспектывы
4.Інавацыі і тэхналогіі ў нефармальнай адукацыі
5.Змяненне клімату: новыя выклікі для адукацыі
Адной з важных тэмаў дыскуйсій стала абмеркаванне заканадаўчых умоў і магчымасцей рэалізацыі розных адукацыйных праграм для дарослых і моладзі па-за межамі устаноў адукацыі. Восенню 2009 года Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь быў прыняты ў першым чытанні Кодэкс аб адукацыі. Хутка ён можа быць прыняты і ўступіць у сілу. “Вельмі добра, што ў Кодэксе адзначаецца дадатковая адукацыя моладзі і дарослых, пад якой разумееца ўвесь спектр праграм навучання, як для развіцця прафесійных ведаў і уменняў, так і для асабістаснага развіцця і пашырэння сацыяльных кампетэнцый. – Адзначае старшыня аргкамітэту Дзмітрый Карпіевіч. – Але спіс суб’ектаў, якія могуць гэтым займацца, у рэдакцыі Кодэкса закрыты: фактычна, усе тыя, хто ўдзельнічаюць у Фестывалі, атрымліваюцца па-за межамі агульнай адукацыйнай прасторы краіны. А гэта вялікі спектр грамадскіх, камерцыйных і нават дзяржаўных арганізацый, якія не з’яўляюцца ўстановамі адукацыі, але дзейнічаюць у сацыяльнай і культурнай сферы”.
Намеснік старшыні Пастаянай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе Аляксандр Шацько ў звароце да ўдзельнікаў Фестывалю адзначыў, што прапановы беларускіх і замежных адмыслоўцаў могуць увайсці ў Кодэкс аб адукацыі.
Традыцыйным на Фестывале стаў Дзень адкрытых дзвярэй, цягам якога адбылося больш за восемдзесят бясплатных майстар-класаў, трэнінгаў і прэзентацый. Лепшым наведвальнікі прызналі майстар-клас Рамёствы і адукацыя ў прызме “Школы народнага майстра” Навучальнага цэнтру “Всеобуч” (Кобрын). На майстар-класы па тайскім масажы Асацыяцыі цялесна-арыентаванай тэрапіі ці акторскаму майстэрству інтэрактыўнага театру “ЗИПоПо” і тэатра-школы “ОБРАЗ” было складана патрапіць праз вялікую колькасць зацікаўленых. Адным з самых эмацыйнах момантаў праграмы сталіся ролевыя гульні, арганізаваныя ГА “Адукацыйны цэнтар “ПОСТ”.
Таксама можна было азнаёміцца са шматлікімі стэндамі прадстаўленых на Фестывалі арганізацый, наведаць выставу літаратуры з фондаў Навукова-педагагічнай бібліятэкі.
Фестываль нефармальнай адукацыі адбываўся ў межах Тыдню Германіі ў Беларусі. Значнай падзеяй стаў выступ намесніка старшыні Асацыяцыі народных універсітэтаў зямлі Саксонія сп. Маціаса Вебера “Адукацыя дарослых ва Усходняй Германіі на прыкладзе зямлі Саксонія: 20 год пасля ўз’яднання Германіі”. У Фестывалі ў якасці эксперта таксама узяў удзел Уве Гартэншлегер, намеснік дырэктара Інстытута Міжнароднага супрацоўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў (DVV-International).
Абмеркаванне ідэй для сумесных дзеянняў і праектаў у фармаце Оpen space адбылося ў трэці дзень Фестывалю. Сярод прынятых прапаноў – стварэнне блогу, на якім адукатары маглі б падтрымліваць сувязі, абменьвацца досведам і тэарэтычнымі ведамі па-за межамі Фестывалю.
Удзельнікі таксама падкрэслілі неабходнасць стварэння асацыяцыі нефармальнай (дадатковай) адукацыі. Гэта пашырыць магчымасці адукатараў і арганізацый сферы нефармальнай адукацыі як унутры Беларусі, так і на міжнароднай арэне. Гэтую прапанову падтрымалі і замежныя ўдзельнікі. У прыватнасці, Арэвік Саргсян, прэзідэнт Асацыяцыі адукацыі дарослых і неперарыўнай адукацыі Арменіі, адзначае: “Я бы пажадала беларускім нефармальным адукатарам аб’яднацца, мець сваю асацыяцыю адукацыі дарослых. Гэта пашырае магчымасці. Напрыклад, наша асацыяцыя вельмі актыўна супрацоўнічае з Міністэрствам адукацыі і навукі Арменіі па пытаннях стварэння заканадаўчай базы для адукацыі дарослых”.
Закрыла праграму Фестывалю падвядзенне вынікаў конкурсаў сайтаў, фатаздымкаў і выданняў сферы нефармальнай адукацыі (якія праводзіліся напярэдадні форуму), а таксама лепшага стэнду і майстар-класу Фестывалю. З вынікамі конкурсаў, а таксама з іншымі матэрыяламі і фотаздымкамі можна азнаёміцца на сайце www.adukatar.net і ў Дзённіку Фестывалю fiestyval_nfa.livejournal.com.
Арганізатарамі Фестывалю нефармальнай адукацыі выступіў шэраг беларускіх некамерцыйных арганізацый, якія займаюцца грамадзянскай і нефармальнай адукацыяй і асветай, а таксама Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Я.Рау і Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.“ (ФРГ) у РБ.
Или по-русски