Нагадваем, што да 1 мая 2014 года можна падаць працы на Конкурс журналісцкіх матэрыялаў “Твой Стыль”. Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца маладыя журналісты і журналісты-пачаткоўцы са стажам працы да 3 год.
Умовы конкурса:
На конкурс могуць быць прадстаўлены як апублікаваныя ў 2013-2014 г. працы, так і неапублікаваныя пакуль матэрыялы.
Адзін аўтар можа заявіць на конкурс не больш за 3 матэрыялы ў кожную з намінацый. Адзін і той самы матэрыял можа быць заяўлены максімум у 2 розныя намінацыі.
Усе матэрыялы павінны быць дасланыя арганізатарам у электронным выглядзе (за выключэннем апублікаваных відэаролікаў – тут дастаткова даслаць спасылку на іх):
- Тэкставыя матэрыялы: у фармаце .doc шрыфтом Times New Roman 12 памера. Назва файла павінна ўтрымліваць прозвішча аўтара. Калі працаў дасылаецца некалькі, яны павінны быць пранумераваныя (напрыклад, Іваноўскі_1, Іваноўскі_2). Калі матэрыялы ўжо былі да гэтага надрукаваныя ў інтэрнэце – просім таксама дадаткова даслаць спасылкі на іх.
- Дасылаемыя на конкурс фотаздымкі павінны быць падпісаныя (аўтар_дата здымку_яго назва). Памер фотаздымкаў павінен быць не меншы за 2500 і не большы за 4500 пікселяў па шырыні. Кожны фотаздымак павінна суправаджаць кароткае апісанне: подпіс да фота, дата і месца, дзе быў зроблены фотаздымак.
- На конкурс відэа прымаюцца відэаролікі працягласцю не больш за 3 хвіліны. Удзельнікі конкурсу ў гэтай намінацыю дасылаюць спасылку на апублікаваны ў інтэрнэце ролік, а таксама яго кароткае апісанне: назва, дата і месца здымак.
Усе матэрыялы разам з анкетай удзельніка павінны быць дасланыя арганізатарам на адрас festyval2014@gmail.com не пазней за 1 мая 2014 г.
Увага! У тэме ліста неабходна пазначыць “конкурс”.
Дасланыя на конкурс матэрыялы будуць ацэньвацца прафесійным журы, у склад якога ўвойдуць вядомыя беларускія журналісты.
Журы вызначыць па 5 лепшых работ у кожнай з чатырох намінацый. Усе намінанты будуцьі запрошаныя для ўдзелу ў IV Фестывалі моладзевай журналістыкі “Твой Стыль” у Гродна, дзе і будуць агучаныя імёны пераможцаў.
Пераможцы ў кожнай намінацыі атрымаюць каштоўныя ўзнагароды ад арганізатараў конкурсу, а таксама дыпломы.
Пераможцаў у спецыяльных намінацыях будуць вызначаць заснавальнікі намінацый. Узнагароджванне пераможцаў спецнамінацый таксама адбудзецца ў час Фестываля.
За дадатковай інфармацыяй адносна конкурсу можна звяртацца па тэлефоне +37529-283-63-06 (Ганна), альбо пісаць на пошту festyval2014@gmail.com.
Падрабязней пра конкурс на старонцы Фестывалю.
Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы заснавала намінацыю ”Лепшы матэрыял, прысвечаны сферы нефармальнай адукацыі” ў межах нацыянальнага конкурса журналісцкіх матэрыялаў “ТВОЙ СТЫЛЬ”, які з’яўляецца часткай IV Фестываля моладзевай журналістыкі “Твой стыль”, які пройдзе ў Гродна з 16 па 18 мая 2014 г.
Да ўдзелу ў конкурсе ў межах гэтай намінацыі запрашаюцца аўтары матэрыялаў, якія адлюстроўваюць важныя пытанні развіцця сферы нефармальнай адукацыі (тэндэнцыі, праблемы, поспехі ў гэтай сферы), паказваюць ролю адукацыйных і асветніцкіх арганізацый у развіцці грамадства, павышэнні якасці жыцця.
Пераможцы конкурсу будуць узнагароджаныя каштоўнымі прызамі і дыпломамі падчас урачыстай цырымоніі ў заключны дзень Фестывалю.
Фестываль моладзевай журналістыкі “Твой Стыль” – адна з найбольш яркіх падзей у жыцці журналісцкай супольнасці Беларусі. У чарговы раз у Гродна з’едуцца лепшыя беларускія журналісты і тыя, хто марыць авалодаць сакрэтамі журналістыкі. Фестываль з’яўляецца ўнікальнай пляцоўкай для прэзентацыі творчых інфармацыйных праектаў, навучання ў вядомых журналістаў-прафесіяналаў, удзелу ў вялікай колькасці культурніцкіх і іншых імпрэзаў, сустрэч з вялікай колькасцю цікавых людзей.