Зараз вы тут: Артыкулы » Нацыянальная свядомасць і ГА

15 снежня 2006 года ў межах Тыдня нефармальнай адукацыі арганізаванага сеткай Арганізацый Грамадзянскай Адукацыі ў Гародні адбыўся круглы стол на тэму: Месца беларускай нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльна актыўнага беларускага грамадзяніна. Гэтая тэма была прапанаваная для разгляду ў кантэксце мэтаў грамадзянскай адукацыі ў фармаванні беларускага грамадзяніна.

У працы круглага стала ўдзельнічалі прадстаўнікі Гарадзенскіх грамадскіх аб’яднанняў, удзельнікі вечароў нефармальнай адукацыі ў Гародні (неасацыяваная і незаангажаваная моладзь) і запрошаныя госці:

  • прафесар Алесь Астроўскі,
  • лідэр ГА “Паходня” Мікола Таранда,
  • інтэлектуал Юры Пацюпа,
  • святар грэка-каталіцкай царквы ў Гародні айцец Андрэй,
  • сталы аўтар часопісу “Архэ” Даніла Жукоўскі
    і іншыя.

Праблема якая прывяла да неабходнасці распачаць дыскусію, аб месцы нацыянальнай свядомасці ў фармаванні сацыяльнай актыўнасці беларускіх грамадзян і месцы грамадзянскай адукацыі ў гэтым працэсе паўстала ў выніку распачатай дыскусіі як ў афіцыйных (акадэмік А.Рубінаў), так і ў апазыцыйных (ліберальным і нацыянальна-дэмакратычным) асяродках. У апазыцыйных колах дыскусія аб нацыянальнай свядомасці, яе ролі, асабліва гостра выявілася ў сувязі з абмеркаваннем мовы вяшчання нямецкай радыёстанцыі на тэрыторыю Беларусі. Дыскусія ў асяроддзі апазіцыі выявіла два прынцыпова розныя падыходы да разумення ролі і значэння беларускай мовы, беларускіх нацыянальных каштоўнасцей, беларускай свядомасці ў фармаванні сучаснага беларускага грамадства.

Пазіцыі афіцыйных колаў, у інтэрпрытацыі А.Рубінава, і так званай ліберальнай часткі апазіцыі ў асобных частках з’яўляюцца блізкімі. Сутнасць іх пазіцыі заключаецца ў тым, што няма ніякай неабходнасці адраджаць, аднаўляць беларускую мову, больш за тое, яе немагчыма аднавіць у сённяшніх умовах, а сучасную беларускую культуру і сучасную беларускую нацыю неабходна будаваць на базе расейскай мовы і культуры якая заняла ў Беларусі пануючае становішча. Фармальнае разыходжанне паміж афіцыйнай пазіцыяй і пазіцыяй расейскафільскай часткі апазіцыі зводзіцца толькі да рознага разумення асновы расейскамоўнай культуры: адныя бачаць у аснове савецкую спадчыну, а другія не бачаць ніякай спадчыны. Яны прапануюць будаваць новую беларускую супольнасць з чыстага ліста, напаўняючы і ўкараняючы віртуальныя каштоўнасці якія адпавядалі б пабудове дэмакратычнай дзяржаве з рынкавай эканомікай у якасці новых нацыянальных каштоўнасцей беларускага грамадства.

Нацыянальна арыентаваная частка апазіцыі і беларускамоўныя інтэлектуальныя асяродкі (“Наша Ніва”, “Архэ” і г.д.) бачаць магчымасць пабудовы сучаснай беларускай нацыі і дэмакратычнай дзяржавы толькі базуючыся на беларускай мове, беларускай нацыянальнай культуры, беларускіх нацыянальных традыцыях. На іх думку толькі беларуская мова, і нацыянальныя каштоўнасці здольныя згуртаваць вакол сябе нацыю і зрабіць яе канкурэнтназдольнай сярод іншых народаў. Беларускамоўная частка апазіцыі сыходзіць з таго, што няма ніякай патрэбы штучна запазычваць каштоўнасці і навязваць іх грамадству як свае. Неабходна звярнуцца да ўласнай гістарычнай спадчыны і ўзяць за аснову тыя каштоўнасці і традыцыі, эфектыўнасць выкарыстання якіх была праверана часам і якія адпавядаюць беларускаму нацыянальнаму характару.

На круглым стале абмяркоўваліся наступныя пытанні:

  1. Што мы разумеем пад нацыянальнай свядомасцю?
  2. Ці можа нейкая іншая ідэя, напрыклад рэлігійная ці нейкая іншая стаць асновай злучэння беларусаў як адной супольнасці? Якая гэта можа быць ідэя?
  3. Ці ўплывае нацыянальная свядомасць на фармаванне сацыяльнай актыўнасці асобы? Якое месца нацыянальная свядомасць займае ў фармаванні грамадзяніна?

Праца круглага стала будавалася наступным чынам:
Спярша быў заслуханы даклад Алеся Астроўскага, зададзены пытанні па ім. У сваім выступе прафесар зрабіў ухіл на вытлумачэнне прычынаў па якіх ён лічыць нацыянальныя каштоўнасці ў тым ліку беларускія нацыянальныя каштоўнасці асновай пабудовы нацыі. На яго думку Самым істотным пытаннем якое патрабуе вырашэння і стаіць перад кожнай асобай як прадстаўніком нацыянальнай супольнасці, гэта накірунак дзейнасці, накірунак развіцця. Вызначэнне накірунка дзейнасці асобы заўсёды цесна звязана з нацыянальнымі каштоўнасцямі. Асоба не можа развівацца па-за нацыянальнымі каштоўнасцямі. Беларускі грамадзянін, беларускае грамадства не можа развівацца на іншых каштоўнасцях, як толькі засноўваючыся на беларускай мове і каштоўнасцях беларускай нацыянальнай культуры.

Пазней быў заслуханы і абмеркаваны выступ Юрыя Пацюпы, які ў працяг узнятых Алесем Астроўскім пытанняў, вызначыў, што для яго ўласна дыскусія аб тым што можна назваць беларускімі каштоўнасцямі, ці можа развівацца беларуская нацыя і дзяржава на расейскай мове, якая сёння заняла пануючае становішча ў нашым грамадстве – гэта спрэчка паміж нацыянальным і так званым “крэольскім” праекімі. Сутнаснай розніцай паміж гэтымі двумя праектамі заключаецца ў тым, што першы бачыць будучыню нацыі сыходзячы з уласнай гістарычнай спадчыны і культурных здабыткаў, а “крэольскі” – грунтуецца на запазычанні і прысваенні чужой мовы і чужых традыцый як сваіх уласных і пабудову новай культурнай традыцыі грунтуючыся на запазычанай мове і каштоўнасцях. Прыкладамі “крэольскіх” праектаў могуць быць: Ірландыя ці краіны Лацінскай Амерыкі. З пункту гледжання Юрыя, “крэольскі” праект безперспектыўны ў Беларусі, як мінімум па двух прычынах: 1) расейская мова і культура нямаюць абсалютна ніякай базы, а галоўнае інфраструктуры для існавання на тэрыторыі Беларусі; 2) “крэольскі” праект нявыгадны ў сувязі з тым, што як паказвае гісторыя развіцця народаў, якія абралі дадзены шлях, на сусветную арэну побач з іншымі народамі яны выйшлі толькі праз 500 год адаптацыі, пасля поўнага прысваення чужой мовы і культуры як сваіх.

На думку айца Андрэя касцёл развіваецца разам з супольнасцю, грамадствам і ў гэтым развіцці засвойвае найбольш удалыя спосабы арганізацыі грамадства, спрабуе выкарыстаць ці прыладкавацца да іх. На думку айца Андрэя, сёння касцёл прызнае існаванне нацый і не бачыць магчымасці развіцця рэлігійнага без, альбо па-за нацыянальным.

Мікола Таранда прывёў прыклады з жыцця “Паходні”, пахаднянцаў, а таксама шматлікія прыклады з жыцця вядомых сёння культурных, грамадскіх, палітычных лідэраў у Беларусі і беларускіх асяродкаў у Польшчы, Казахстане і Расіі, калі праз фармаванне нацыянальнай свядомасці асобы станавіліся сацыяльна актыўнымі і гэтая актыўнасць праяўлялася як ў грамадскай, так палітычнай ці рэлігійнай дзейнасці. На яго думку існуе наўпроставая сувязь паміж усведамленнем сваёй нацыянальнай прыналежнасці і далейшай грамадзянскай актыўнасцю.

Даніла Жукоўскі заклікаў прысутных да таго каб быць уважлівымі да сваіх выказванняў, паколькі тэма з’яўляецца надзвычай важнай, а значыць і весці дыскусію трэба на адпаведна высокім узроўні.

Удзельнікі круглага стала пагадзіліся з наступнымі высновамі зробленымі ў выніку дыскусіі:

  1. Пад нацыянальнай свядомасцю, на круглым стале, разумелі сукупнасць гістарычных фактаў, пачуццяў, стаўленняў, каштоўнасцей, спосабаў дзейнасці аб’яднаных нацыянальнай мовай, культурай і агульнай гісторыяй, якія прызнанаюцца народам нацыянальнымі, і накіраваны на ўсталяванне духоўных сувязей паміж носьбітамі, задзіночваюць і салідарызуюць іх.
  2. Асаблівасці эканамічнага, сацыяльнага, культурнага развіцця ў постіндустрыяльны перыяд ня мае больш эфектыўнага механізма злучэння ў межах супольнасці, як на падставе нацыянальных каштоўнасцяў. Існуюць розныя варыянты пабудовы нацыянальных каштоўнасцей, больш падрабязна былі разгледжаны нацыянальны і “крэольскі” праекты, апошні з якіх прызнаны круглым сталом неэфектыўным.
  3. У сучасных палітычных, сацыяльна-культурных, эканамічных беларускіх умовах усведамленне нацыянальнай прыналежнасці, як правіла ўплывае на неабходнасць заняць актыўную грамадзянскую пазіцыю. Існуе прамая сувязь успрыняцця нацыянальных каштоўнасцей і грамадскай актыўнасцю.

Ніжэй прапануецца азнаёміцца з тэзісамі падрыхтаванымі ў якасці асновы для абмеркавання на круглым стале.

Алесь Астроўскі: Нацыянальная сьвядомасьць і дэмакратыя

Любая нацыянальная сьвядомасьць, ня збочаная ў шавінізм ці аслабленая да адсутнасьці, зьяўляецца канструктыўным фактарам грамадскага існаваньня. Яна неабходна для паўнавартаснага жыцьця чалавека, арганізацыі кожнага канкрэтнага грамадства і ўсяго чалавецтва – для іх аб’яднаньня, гарманічнага ўладкаваньня і прагрэсіўнага разьвіцьця.

З навуковых пазіцый відавочна, што здаровае грамадства – сістэма грамадзян, а ня іх простая сума. Гэта значыць, што ў грамадстве людзі-грамадзяне й іх групы павінны быць зьвязаны паміж сабой натуральнымі ўзаемапрыцягальнымі сувязямі. У аснове такіх сувязяў агульнанацыянальныя каштоўнасьці (мова, культура, сімвалы, гісторыя, генафонд, сьветагляд, этнічная тэрыторыя, агульныя мэты), якія ёсьць у кожнага народу й разьвіваюцца ў яго гісторыі. У кожным грамадстве ёсьць й іншыя натуральныя сувязі – паміж бацькамі й дзецьмі, жанчынамі й мужчынамі – але яны яднаюць ня ўсё грамадства, а толькі яго асобныя часткі.

Натуральныя агульнаграмадскія сувязі функцыянуюць дзякуючы ўзаемадзеяньню двух кампанентаў. Першым зь іх зьяўляецца агульнае інфармацыйна-адукацыйнае асяроддзе (ад народных паданьняў да сістэмы адукацыі й СМІ), у межах якога ўвесь час узгадваюцца і прапагандуюцца агульнанацыянальныя каштоўнасьці. Такое асяроддзе выконвае ролю своеасаблівага агульнаграмадскага клею. Другім кампанентам зьяўляецца кожны канкрэтны грамадзянін, які ўспрымае сябе неад’емнай часткай свайго народу, сваёй краіны-дзяржавы і, увыніку, законным гаспадаром на зямлі сваіх продкаў. Такі грамадзянін-гаспадар здольны ўключыць у сьпіс уласных каштоўнасьцяў аб’ектыўныя каштоўнасьці свайго народу (у гэтым выпадку яго сьветагляд будзе выконваць функцыю нібы рэцэптара для зьвязваньня з вышэй памянянёным “клеем”) і праз гэта быць элементам адапаведнага нацыянальнага грамадства.

Варта канстатаваць, што толькі апісаныя грамадзянін і грамадства маюць тыя ўласьцівасьці, якія забясьпечваюць станаўленьне найбольш прагрэсіўнай формы дзяржаўнага ўладкаваньня – зьмястоўнай дэмакратыі (пры ёй улады вымушаны рэалізоўваць аб’ектыўныя інтарэсы грамадства). Толькі ў межах апошняй можа найбольш поўна рэалізоўвацца вышэйшая грамадская катоўнасьць, скіраваная ў будучыню, якой зьяўляецца максімальнае раскрыцьцё стваральнага патэнцыялу ўсяго грамадства.

Відавочна, што здаровае грамадства, зьяднанае агульнанацыянальнымі сувязямі, патрэбна ня толькі самому сабе. Яно патрэбна і кожнаму асобнаму чалавеку для рэалізацыі яго важнейшай жыцьцёвай каштоўнасьці (раскрыцьця ўласнага жыцьцёвага стваральнага патэнцыялу), для жыцьця паўнавартаснага, напоўненага радасьцю, сэнсам. Яно патрэбна і ўсяму чалавецтву для адносна бязкрызіснага натуральнага неабмежаванага прагрэсіўнага разьвіцьця. Бо чалавецтву, каб забясьпечыць азначаныя рысы ўласнага існаваньня, абавязкова трэба складацца зь вялікай колькасьці асобных дыскрэтных частак – нацыянальна афарбаваных грамадстваў, нацыяў-дзяржаваў.

Штучнае касмапалітычнае разбурэньне сістэмы агульнанацыянальных каштоўнасьцяў, уключна са зьнішчэньнем у сьветаглядах людзей прыкмет нацыянальнай сьвядомасьці, сваім наступствам мае нерэалізацыю людзьмі свайго жыцьцёвага прызначэньня, іх бязрадаснае, бессэнсоўнае, некрафільнае існаваньне, вядзе да немагчымасьці забясьпечыць натуральную зьяднанасьць грамадства й існаваньне рэжыму зьмястоўнай дэмакратыі, нерэалізацыю грамадскага патэнцыялу, замаруджваньне гуманістычнага прагрэсу чалавецтва і шмат што іншае. Такім чынам, такое разубурэньне ёсьць злачынствам. Аналіз паказвае, што падобнае дэструктыўнае ўзьдзеяньне на грамадства, як правіла, патрэбна розным соцыя-паразітычным сілам. Напрыклад, на беларускім грамадска-палітычным полі з дадзеных паразітычных сіл найбольш відавочнымі зьяўляюцца: мясцовая кампрадорская бюракратыя, расейская імперская бюракратыя, міжнародная фінансавая алігархія, сіянакратыя. Паколькі іх узьдзеяньне зьяўляецца выключна дэструктыўным, злачынным, яно павінна рашуча спыняцца, а яго ініцыятары і выканаўцы – асуджацца і карацца.

Аляксандар Краўцэвіч: Вобраз сучаснага беларуса

Што такое сучасны беларус? На гэтае пытанне сёння можна пачуць неадназначныя, часам супярэчлівыя адказы. Мой адказ: “Гэта асоба, якая акрамя таго, што лічыць сябе беларусам, карыстаецца беларускай мовай у прыватным жыцці”. На канферэнцыі ў Польшчы ад жыхаркі Магілёва (філолаг – кандыдат навук) давялося пачуць, што яна “класічная беларуска, бо не валодае беларускай мовай, а гаворыць па-расейску”. Гэтай магілёўскай даме я заявіў, што яна беларуска хутчэй не “класічная”, а паталагічная.

Часам нават ад высокавучоных замежных спецыялістаў можна пачуць меркаванне, што беларусы асаблівая нацыя, бо не хоча сябе адчуваць нацыяй. На самой справе гэта памылковая выснова, бо беларусы – тыповы народ Сярэдне-Усходняй Еўропы, які трапіў у даволі нетыповую і надзвычай неспрыяльную гістарычную сітуацыю. Апошнія дзвесце гадоў не маючы ўласнай дзяржаўнасці, гэты народ перажываў надзвычай моцны асіміляцыйны ціск як з усходу, так і з захаду. Найстрашнейшым ударам у найноўшай гісторыі было фізічнае вынішчэнне сотняў тысяч нацыянальнай інтэлігенцыі ў часе сталінскіх рэпрэсій і ліхалецці Другой святовай вайны. Я перакананы, што калі б гэтыя людзі асталіся жывыя, сёння б мы не мелі Лукашэнкі. Бо гэтыя сотні тысяч адукаваных людзей былі б усюды – у адміністрацыі, адукацыі, войску, паліцыі. Вельмі верагодна, Сашу Лукашэнку вучыў бы не Трашчанок, а адзін з тых забітых Сталіным беларусаў, і вучань меў бы імя не Саша, а Алесь і ніколі б не пайшоў у дыктатары. Месца расстраляных і загінуўшых занялі прыезджыя з Расеі і менавіта яны кіравалі і вучылі нашых бацькоў і нас самых. Зараз маем такую сітуацыю, якую маем.

Лічу, што для акрэслення беларуса трэба стасаваць тыя ж крытэрыі, што і для прадстаўнікоў іншых “нармальных” народаў. Галоўнай прыкметай сучаснага беларуса, як і летувіса, паляка, украінца ці расейца з’яўляецца родная мова. Таму расейскамоўныя беларусы – гэта беларусы не нармальныя. Аднак сярод іх трэба таксама адрозніваць тых, што адчувае, часам на ўзроўні падсвядомасці, гэтую сваю ненармальнасць. Яны не супраць нацыянальнага адраджэння, гатовыя аддаваць дзяцей у беларускія школкі, але не маюць сілаў супрацьстаяць рэальнасці – агрэсіўнай антыбеларускасці. З гэтымі людзьмі трэба супрацоўнічаць, прыцягваць да сябе і дапамагаць. У гісторыі вядомыя падобныя прыклады, напрыклад, у 19 ст. чэшскія нямецкамоўныя арыстакраты фінансавалі чэшскія школы.

Беларусы сёння складаюць меншасць у сваёй краіне і тым больш цяжка ім заставацца беларусамі. Для гэтага патрэбныя вялікія высілкі, прычым штодня і амаль кожную хвіліну, каб супрацьстаяць расейскамоўнаму асяроддзю і заставацца ў беларускай культурнай прасторы. Нас меншасць, але за намі праўда. Расейскамоўныя беларусы – савецкія людзі з характэрнай падвойнай свядомасцю – нібы патрыёты, але сваё не ведаюць. Многія з іх стаміліся ад гэтай падвойнасці і хочуць быць самымі сабой усюды. Упэўнены – прыйдзе час і мы дамо ім такую магчымасць.

Ігар Кузьмініч: Зацемкі да акрэслення нашай пазіцыі

Дзейнасць афіцыйных палітычных колаў, ідэі, якія агучваюцца акадэмікам А.Рубінавым, дзейнасць моладзевых структураў БРСМ, таксама як дзейнасць апазіцыйных палітычных партый і пра-дэмакратычных грамадскіх аб’яднанняў сведчаць аб зацікаўленасці ў выхаванні сацыяльнай актыўнасці ў маладых людзях. Іншымі словамі і ўлады і апазіцыя разумеюць патрэбу ў сацыяльна-актыўных грамадзянах і нават дзейнічаюць у дадзеным накірунку, выкарыстоўваючы навучальныя ўстановы, грамадскія аб’яднанні, грамадскія ініцыятывы ў якасці інстытутаў грамадзянскай адукацыі. Але каштоўнаснае напаўненне кожнай з пазіцый, таксама як разуменне мэты сацыяльнай актыўнасці істотна адрозніваюцца. На сённяшні дзень акрэсліліся як мінімум тры прынцыповыя пазіцыі адносна выхавання сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, якія здзяйсняюцца праз фармальную і нефармальную грамадзянскую адукацыю. Паспрабуем разгледзець дадзеныя пазіцыі.

Афіцыйная пазіцыя сыходзіць з таго, што неабходна падрыхтаваць сацыяльна-актыўнага грамадзяніна, які базуючыся на адаптаваных савецкіх каштоўнасцях стаў бы актыўным правадніком палітыкі кіруючых колаў.

Апазіцыя, з нашага пункту гледжання мае, як мінімум два асноўных падыходы. Першы заключаецца ў тым, што для таго каб прыйсці да ўлады, трэба стварыць як мага больш шырокі фронт, далучыць максімальную колькасць сацыяльнаактыўных грамадзян, уцягнуць іх у дадзены працэс. Адсюль асноўны ўхіл робіцца на перадачу ведаў, спосабаў дзейнасці заснаваных на каштоўнасцях не прывязаных да канкрэтнай беларускай нацыянальнай свядомасці. Дадзены падыход накіраваны на тое каб спачатку атрымаць свабоду, а пазней разбірацца як будаваць беларускае грамадства, вызначаць як гэтае новае грамадства павінна выглядаць.

Другі падыход апазіцыі арыентаваны на тое, што немагчыма заваяваць свабоду, папярэдне не аб’яднаўшыся вакол беларускіх нацыянальных каштоўнасцяў, беларускай мовы, і такім чынам не стварыўшы базу для падтрымкі палітычных перамен. З гэтага пункту гледжання немагчыма заваяваць свабоду, ня ведаючы нашто і для каго яна патрэбна. Ня ведаючы адказы на дадзеныя пытанні свабода прывядзе да новай дыктатуры. Свабода неабходна для таго каб будаваць сучасную беларускую дзяржаву, а будаваннем можна займацца толькі праз стварэнне паўнавартаснай нацыі аб’яднанай нацыянальнай мовай і каштоўнасцямі.

Разыходжанні ў падыходах апазіцыі тычацца самога тэрміна беларускі. З пункту гледжання першай часткі, якая грунтуецца на так званай грамадзянскай канцэпцыі нацыяўтварэння, пад тэрмінам беларускі можна разглядаць любую з’яву якая адбываецца на тэрыторыі Беларусі. Новую беларускую культуру і новую беларускую мову можна будаваць базуючыся на расейскай мове (крэольскі варыянт). Другая частка апазіцыі грунтуецца на этнічнай канцэпцыі нацыяўтварэння, а значыць пад беларускай – разглядае толькі беларускую мову і культуру.

Кожная з трох вышэйакрэсленых пазіцый гаворыць пра неабходнасць пабудовы новай культуры, новай свядомасці, новых каштоўнасцей. Але кожная з пазіцый акрамя таго, што ўкладае розны змест у паняцце беларускіх каштоўнасцей, па рознаму бачаць сам працэс пабудовы беларускага грамадства. У залежнасці ад выбару канкрэтнай пазіцыі, будзе вызначана, запрагарамавана асаблівая стратэгія далейшага развіцця беларускай супольнасці.

У выпадку перамогі афіцыйнай пазіцыі, беларуская супольнасць можа сутыкнуцца з няздольнасцю прыстасаваць, адаптаваць традыцыі, каштоўнасці, светагляд савецкага перыяда да патрэбаў сучасных рынкавых адносін і прынцыпаў дэмакратычнай дзяржавы, што прывядзе да новага ідэалагічнага крызіса.

Выбар прапанаваны так званым ліберальным крылом апазіцыі базуецца на неабходасці запазычваць каштоўнасці і традыцыі і ўкараняць іх на беларускай глебе выкарыстоўваючы як асноўную тую мову і культуру, якія сёння пануюць на нашай тэрыторыі. Запазычанне-прышчапленне новых каштоўнасцей і іх развіццё на расейскай мове назаўжды замацуе комплекс нацыянальнай непаўнавартавасці і прывядзе да падзелу беларускага грамадства. У кожным новым пакаленні будзе знаходзіцца частка маладых людзей, якія будуць зноў і зноў звяртацца да беларускамоўнай традыцыі, як аўтэнтычна беларускай і змагацца за яе адраджэнне. Акрамя гэтага, супольнасць пабудавана на запазычаных каштоўнасцях, на запазычаных спосабах дзейнасці і культурных традацыях вымушана будзе заўсёды знаходзіцца ў кільватары развіцця тых народаў, ад якіх пераняла і засвоіла гэтыя спосабы дзейнасці.

Падыход беларускамоўнай часткі апазіцыі заклікае не да простага, адвольнага і літэральнага адраджэння-аднаўлення каштоўнасцей, якія былі характэрныя беларускаму грамадству ў мінулым, а творчае іх асэнсаванне і ўкараненне ў беларускую нацыянальную свядомасць сыходзячы з сучасных умоваў і ўлічваючы гісторыю развіцця гэтых каштоўнасцей у мінулым.

Засваенне новых каштоўнасцей – гэта своеасаблівая рэвалюцыя ў свядомасці асобы. Пераход на беларускую мову – гэта падвойная Рэвалюцыя. Пераход на беларускую мову, азначае і адначасовае прыняцце агульнапрынятых у беларускамоўным атачэнні катоўнасцяў, ідэалаў, спосабаў дзейнасці. Пераход на беларускую мову – гэта не проста засваенне новых каштоўнасцей, але гэта штодзённая маніфестацыя засвоеных каштоўнасцей перад навакольным атачэннем (грамадствам, сям’ёй, калегамі). Гэта якасная змена як самой асобы, так і яе паводзінаў. Сам пераход на беларускую мову сведчыць аб тым што асоба выбірае для сябе складаны шлях з акрэсленай грамадзянскай пазіцыяй як спосаб жыцця. Гэты пераход цяжка даецца асобе, але раз перайшоўшы – асоба спальвае пасля сябе масты. Зваротнага шляху няма, ёсць толькі рух уперад. Зваротны шлях – гэта здрада ў першую чаргу сабе, а таксама блізкаму асяроддзю і супольнасці.

З другога боку, беларуская мова можа стаць тым чыннікам які прывядзе да рэальнага задзіночання людзей, да пашырэння прынцыпаў салідарнасці і ўзаемападтрымкі характэрных для беларускамоўнага атачэння нават у сённяшніх умовах.

Разыходжанні ў падыходах да нацыя і дзяржаваўтварэння цягнуць за сабой разыходжанні ў чакаемых выніках. Улады праз грамадзянскую адукацыю імкнуцца ахапіць усю моладзь. Такі шырокі выбар мэтавай групы, у спалучэнні з пераважна фармалізаваным у межах сістэмы адукацыі, як правіла, зводзіцца да перадачы элементарных грамадзкіх кампетэнцый з выкарыстаннем ідэалагічных штампаў і можа быць эфектыўным пераважна ў адносінах да апалітычнай часткі моладзі. Першая частка апазіцыі робіць стаўку на колькасць сацыяльна-актыўных. Але ў гэты сваім імкненні яна вымушана змагацца з палітычнай уладай за сектар апалітычнай моладзі, канкуруючы з больш эфектыўнай для гэтай мэтавай групы дзяржаўнай сістэмай грамадзянскай адукацыі. Беларускамоўная частка апазіцыйных да ўлады арганізацый робіць ухіл на якасць тых хто займае актыўную грамадзянскую пазіцыю.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары