Зараз вы тут: Навiны » МІЖНАРОДНАЯ PhD-ПРАГРАМА (ДАКТАРАНТУРА) ДЛЯ БЕЛАРУСІ

Беларускі акадэмічны й экспэртны Кансорцыюм у межах праграмы “Лятучы ўнівэрсытэт” (Flying University) абвесьціў другі набор на  Міжнародную PhD-праграму для Беларусі па сацыяльных і гуманітарных дысцыплінах. Каардынатарам праграмы зьяўляецца Інстытут палітычных дасьледаваньняў “Палітычная сфэра”.

Праграма арганізаваная па завочным прынцыпе. Доктарская дысэртацыя пішацца ў Беларусі, завершаны (ці завершаны ў значнай ступені) тэкст прадстаўляецца для абароны завочна ці экстэрнам ва ўнівэрсытэтах Літвы, Польшчы ды іншых эўрапейскіх краінах. Выбар унівэрсытэта для абароны дысэртацыі ажыцьцяўляецца на індывідуальнай аснове ў залежнасьці ад лінгвістычнай падрыхтоўкі, тэмы дысэртацыі ды іншых парамэтраў.
Праграма забясьпечвае: навуковае кансультаваньне, тэхнічную дапамогу, акадэмічную камунікацыю й мэтадалагічную дапамогу ў форме сэмінараў, сувязь з замежным унівэрсытэтам і адстойваньне інтарэсаў аўтара дысэртацыі, кампэнсацыю ўсіх выдаткаў, зьвязаных з абаронай (у тым ліку ганарараў беларускім і замежным кансультантам, збораў унівэрсытэтаў за абарону, таксама можа разглядацца пытаньне кампэнсацыі выдаткаў на транспарт, пражываньне, навуковую літаратуру ды інш.).

Тэкст дысэртацыі можа быць на ангельскай, расейскай ці беларускай мовах. Стандартны тэрмін навучаньня па праграме — тры гады. Час навучаньня можа быць скарочаны ці працягнуты на індывідуальнай аснове.

Патрабаваньні да кандыдатаў:
– Завершаная вышэйшая адукацыя (дыплом ВНУ ці ступэнь магістра).
– Валоданьне беларускай і расейскай мовамі ў ступэні, дастатковай для разуменьня лекцыяў і напісаньня тэкстаў. Валоданьне ангельскай мовай зьяўляецца пажаданым.
– Наяўнасьць навуковых, экспэртных ці аналітычных публікацыяў.

Каб узяць удзел, неабходна даслаць наступныя дакумэнты на электронны адрас phd@palityka.org:
– Рэзюме (CV) з фотаздымкам, пазначэньнем адукацыі, прафэсійнага досьведу, публікацыяў ды іншай рэлевантнай інфармацыі.
– Матывацыйны ліст у адвольнай форме аб’ёмам да 2 старонак.
– Кароткае апісаньне дысэртацыйнага дасьледаваньня, якое мусіць утрымліваць: тэму, апісаньне праблемы дасьледаваньня, плян, сьпіс літаратуры (ня больш за 10 пазыцыяў). Агульны памер: да 5 старонак.

Апошні тэрмін падачы заявак: 15 кастрычніка 2012 году.

Паводле palityka.org

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар


+ 3 = 4

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары