Зараз вы тут: Навiны » МІНЮСТ ГАТОВЫ АБМЯРКОЎВАЦЬ З ГРАМАДЗКАСЬЦЮ ПРАЕКТ ЗАКОНA “АБ НЕКАМЭРЦЫЙНЫХ АРГАНІЗАЦЫЯХ”

Міністэрства юстыцыі заявіла пра гатоўнасьць улічваць прапановы грамадзкасьці падчас працы над праектам закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”.

Пры распрацоўцы праекту закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” будуць разглядацца прапановы некамэрцыйных арганізацыяў, якія былі скіраваныя ў Міністэрства юстыцыі ў пісьмовым выглядзе.  Пра гэта паведаміў намесьнік міністра юстыцыі Ігар Тушынскі ў адказе на калектыўны зварот некамэрцыйных арганізацыяў з нагоды распрацоўкі гэтага законапраекту.

Як вынікае зь ліста, у дадзены момант Міністэрствам юстыцыі вядзецца праца над канцэптуальнымі палажэньнямі будучага законапраекту з улікам меркаваньняў, выказаных дзяржаўнымі ворганамі й некамэрцыйнымі арганізацыямі. Пры гэтым разглядаюцца ў роўнай ступэні й пісьмовыя прапановы некамэрцыйных арганізацыяў, і тыя меркаваньні, што прагучалі на закрытым “круглым стале”, арганізаваным Міністэрствам для абмеркаваньня канцэптуальных палажэньняў законапраекту напрыканцы мінулага году.

Сярод іншага, Міністэрства юстыцыі разглядае такія важныя для некамэрцыйных арганізацыяў прапановы, як магчымае пашырэньне заяўляльнага прынцыпу рэгістрацыі арганізацыяў, і нават магчымае выключэньне з заканадаўства нормаў пра крымінальную адказнасьць за дзейнасьць незарэгістраваных арганізацыяў. На думку ініцыятараў калектыўнага звароту, гэтыя словы Міністэрства нельга разглядаць як ясную заяву пра намер рэфармаваць заканадаўства аб некамэрцыных арганізацыях, але іх можна трактаваць як гатоўнасьць да дыялёгу й камунікацыі па гэтых пытаньнях.

Нагадаем, што ўвесну бягучага году 110 грамадзкіх аб’яднаньняў далучыліся да калектыўнага звароту, у якім утрымліваліся прапановы й заўвагі да будучага закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях”. Нагодай да звароту стала верагоднасьць прыняцьця гэтага законапраекту ў рэдакцыі, якая не адпавядае інтарэсам грамадзкасьці. Тады парлямэнт і ўрад адклалі разгляд гэтага законапраекту, скіраваўшы яго на дадатковую дапрацоўку. Прапановы й заўвагі да канцэпцыі будучага заканадаўчага акту былі перададзеныя ў Міністэрства юстыцыі, якое зьяўляецца асноўным распрацоўшчыкам законапраекту.

З тэкстам калектыўнага звароту ў парлямэнт і ўрад па праекце Закону “Аб некамэрцыйных арганізацыях” можна азнаёміцца на сайце Цэнтра прававой трансфармацыі: http://lawtrend.org/ru/data/650/. Надалей ініцыятары калектыўнага звароту плянуюць працягваць спробы ўплываць на працэс распрацоўкі гэтага законапраекту з мэтай дамагчыся найбольш поўнага ўліку ў ягоным зьмесьце інтарэсаў грамадзкасьці.

Прэс-рэліз Асамблеі НДА й Цэнтра прававой трансфармацыі.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары