Гарадское грамадскае аб’яднанне “Цэнтар Супольнасьць”

Гарадское грамадскае аб’яднанне “Цэнтар Супольнасьць” заснавана ў Менску ў снежні 1995 г.

Першая Рада была ўтвораная з асобаў, якія ўжо адзначыліся ў беларускай культурніцкай і незалежніцкай дзейнасці (Вінцук Вячорка, Алесь Бяляцкі, Генадзь Сагановіч і іншыя).

Назва арганізацыі традыцыяй узыходзіць да вядомай “Канфэдэрацыі беларускіх суполак”, якая была заснаваная ў 1987 годзе, аб’яднала ў той час ужо вядомых маладых дзеячоў незалежніцкага руху 80-х гадоў i выдавала часопiс “Супольнасьць”.

Дзеля кансалідацыі няўрадавых арганізацыяў у снежні 1996 году Цэнтар Супольнасьць правёў Першы Форум лідэраў НА Беларусі, актыўна ствараў Асамблею няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў – найбуйнейшую асацыяцыю дэмакратычных НДА краiны. На сённяшні дзень у складзе ГГА “Цэнтар Супольнасьць” каля 30 сябраў.

Статутнай мэтай арганізацыі ёсць пабудова цывілізаванай грамадзянскай супольнасці ў незалежнай Беларусі.

Задачы, якія ставіць перад сабой Цэнтар Супольнасьць, гэта

  • практычная дапамога рэалізацыі разнастайных грамадскіх ініцыятываў;
  • вывучэнне стану грамадзянскай супольнасці;
  • інфармацыйная і метадычная дапамога мясцовай незалежнай прэсе;
  • дапамога беларускім настаўніцкім і культурніцкім ініцыятывам, якія мацуюць пачуццё лучнасці з эўрапейскімі каштоўнасцямі.

Дзейнасць Цэнтру Супольнасць накіраваная на падтрымку лакальных грамадскіх ініцыятываў, прамоцыю грамадзянскага ўдзелу і павышэнне ролі грамадскага сэктару ў жыцці краіны.

У 1999 годзе Цэнтар Супольнасьць разам з іншымі грамадзкімі арганізацыямі адукацыйнага кірунку запачаткаваў праграму “Настаўнік. Школа. Грамадства” – праграму сістэмнай метадычнай і грамадзянскай адукацыі настаўнікаў Беларусі. Мэта праграмы вельмі простая: зрабіць беларускую адукацыю сучаснай, прэстыжнай, канкурэнтаздольнай. За час існавання праграмы яе ўдзельнікамі сталі больш за 3000 настаўнікаў.

З дапамогай Цэнтру Супольнасьць быў падрыхтаваны шэраг выданняў у галіне грамадзянскай адукацыі, такіх як “Дапаможнік грамадскага лідэра”, “Дапаможнік беларускага журналіста”, “Мэтадычны дапаможнік беларускага настаўніка”, “Інавацыйныя методыкі ў беларускай школе”, “Актыўная ацэнка”, серыя мультымедыйных дыскаў “Гадуем беларусаў”.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники
© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары