Зараз вы тут: Без рубрики, Навiны » Летняя Школа па арганізацыі навучання сталых людзей

 

Праграма “Універсітэт Залатога Веку” абвяшчае набор на Метадалагічную Летнюю Школу па арганізацыі навучання сталых людзей, якая адбудзецца з 6 па 10 жніўня на Гарадзеншчыне.

Навошта мы гэта робім?

Ужо ў 2015 г. каля 25% насельніцтва Беларусі будуць складаць сталыя людзі. З нашага пункту гледжання, абавязкам грамадства з’яўляецца стварэнне годных умоваў для жыцця гэтых людзей, для іх самаразвіцця, выкарыстання іх жыццёвай мудрасці і іх патэнцыялу на карысць грамадства.

Таму сёння вельмі важна  ўмацоўваць патэнцыял існуючых арганізацый, якія займаюцца працай са сталымі людзьмі, а таксама ствараць новыя пляцоўкі, якія будуць працаваць у гэтым кірунку.

Прыкладам такіх пляцовак, якія даказалі сваю эфектыўнасць у многіх краінах свету, з’яўляюцца ўніверсітэты трэцяга ўзросту, накіраваныя на інтэлектуальную, фізічную і сацыяльную актывізацыю сталых людзей.

З красавіка 2010 г. такі Універсітэт працуе пры грамадскім аб’яднанні “Цэнтр “Трэці сектар” з Гродна. За гэты час мы назапасілі вялікі досвед адукацыйна-асветніцкай і сацыяльнай працы са сталымі людзьмі, вывучылі лепшыя практыкі працы ў гэтым кірунку ў Польшчы, Літве, Украіне, Расіі, іншых краінах. Дзейнасць гарадзенскага “Універсітэту Залатога Веку” згадваецца ў Нацыянальнай справаздачы Беларусі пра выкананне Мадрыдскага міжнароднага плана па пытаннях старэння насельніцтва. Цяпер мы гатовыя падзяліцца гэтым досведам з вамі.

У межах Школы мы хочам стварыць магчымасць для таго, каб людзі, якія збіраюцца ствараць і развіваць рознага кшталту пляцоўкі для сталых людзей, пазнаёміліся з нашым і замежным досведам працы, падзяліліся сваімі напрацоўкамі па арганізацыі такіх пляцовак, метадалогіі правядзення заняткаў, сацыяльнай актывізацыі сталых людзей.

Праграма Школы будзе складацца з двух змястоўных блокаў:

–  Арганізацыя Універсітэтаў трэцяга ўзросту: ад А да Я (6-7 жніўня):

  • што такое ўніверсітэт трэцяга ўзросту: мэты, прынцыпы, стандарты
  • якія ёсць мадэлі існавання ўніверсітэтаў трэцяга ўзросту?
  • з чаго пачаць стварэнне ўніверсітэта?
  • як шукаць і адбіраць слухачоў і выкладчыкаў?
  • як арганізаваць працу секцый і клубаў па інтарэсах?
  • як забяспечыць баланс паміж інтэлектуальнай, фізічнай і сацыяльнай актывізацыяй сталых людзей?
  • як арганізаваць самакіраванне ў межах універсітэта?
  • як арганізаваць валанцёрскую дзейнасць у межах універсітэта?
  • дзе шукаць рэсурсы на дзейнасць універсітэта?

 

–  Метадалогія навучання сталых людзей і спосабы ацэнкі эфектыўнасці навучання (8-10 жніўня)

  • на якіх прынцыпах базуецца навучання дарослых?
  • як плануецца канцэпцыя асобных секцый і блокаў заняткаў для сталых людзей?
  • як фармулююцца мэты заняткаў і як ацэньваецца іх эфектыўнасць?
  • якія метады можна выкарыстоўваць у працы са сталымі людзьмі?

 

Хто будзе ўдзельнічаць у занятках Школы?

Найперш мы будзем радыя вітаць у нашай Школе прадстаўнікоў грамадскіх і дзяржаўных арганізацый, якія ўжо маюць альбо плануюць распачаць адукацыйна-асветніцкія праграмы для сталых людзей. Школа будзе найбольш карыснай для кіраўнікоў/арганізатараў праграм, актывістаў ворганаў самакіраванняў і груп самадапамогі сталых людзей, выкладчыкаў, якія працуюць са сталымі людзьмі.

Заняткі (прэзентацыі, майстар-класы і г.д.) будуць праводзіць як арганізатары Школы і запрошаныя імі эксперты, так і ўдзельнікі, якія выкажуць такое жаданне. Заяўляцца можна як на абедзьве часткі Летняй школы, так і адну з іх (адлюструйце гэта ў сваёй анкеце-заяўцы). Канчатковая версія праграмы (складзеная з улікам прапановаў кандыдатаў на ўдзел)  будзе дасланая адабраным для ўдзелу ў Школе ўдзельнікам да 20 ліпеня. Тады ж будзе паведамлена пра дакладнае месца парвядзення Школы.

Як патрапіць у Школу?

Для гэтага трэба запоўніць электронную анкету-заяўку і даслаць яе да 15 ліпеня арганізатарам Школы.

Інфармацыя пра вынікі адбору ўдзельнікаў Школы будзе дасланая да 20 ліпеня на электронныя адрасы, пазначаныя ў вашых анкетах-заяўках.

Умовы ўдзелу ў Школе:

Арганізатары Школы забяспечваюць пражыванне і харчаванне ўдзельнікаў. Праезд  удзельнікі аплочваюць самастойна.

Дадатковая інфармацыя па тэл. 80292847799 альбо па эл.пошце lana.rudnik@gmail.com (Лана)

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары