Круглы стол па ўзаемадзеяньні грамадзтва і дзяржавы ў пераадоленьні сацыяльнай выключанасьці 29 верасьня ладзіць у Гародні грамадзкае аб’яднаньне “Цэнтр Сацыяльных Інавацый”.
Разам зьбяруцца работнікі сацыяльнай абароны, прадстаўнікі грамадзкіх і рэлігійных арганізацый, выкладчыкі і проста неабыякавыя людзі, каб абмеркаваць праблему сацыяльнай адрынутасьці і магчымасьці яе пераадоленьня.
З досьведам працы НГА, дзяржавы і бізнэсу па вырашэньні гэтай праблемы ў Літве гарадзенскіх спецыялістаў пазнаёміць Багуславас Гружэўскіс, намесьнік дырэктара літоўскага Інстытута Працы і Сацыяльных дасьледаваньняў.
Да ўдзелу запрашаюцца ўсе зацікаўленыя асобы.
Каардынатар праекта, Леанід Каліценя, паведаміў “Твайму стылю”:
– Барацьбу з сацыяльнай адкінутасьцю людзей трэба разумець значна шырэй, чым барацьбу з беднасьцю.
Гэта барацьба з тым, што людзі ня маюць магчымасьці выкарыстаць свой патэнцыял на карысьць сабе і грамадзтву.
З жыцьця грамадзтва выключаюцца людзі ня толькі з-за інваліднасьці ці адсутнасьці сродкаў.
Напрыклад, у катэгорыю “бедны” людзі могуць трапіць з-за немагчымасьці па розных прычынах упісацца ў сучасную соцыя-культурную сытуацыю.
Праблему можна вырашыць, калі яна дакладна акрэсьленая.
Спадзяюся, вынікам правядзеньня нашага круглага стала стане дыялог, агульнае разуменьне ўдзельнікамі праблемы сацыяльнай адрынутасьці і кааперацыя.
Пакуль кожны нешта робіць паасобку, цяжка разьлічваць на вынік.
Сацыяльная выключанасьць – складаны працэс, які характарызуецца разбурэньнем сацыяльных сувязей і выключэньнем з грамадзкіх дачыненьняў і інстытутаў як груп, так і асобных людзей, што робіць немагчымым іх паўнавартасны ўдзел у дзейнасьці грамадзтва.
Сацыяльная выключанасьць уключае ня толькі нізкі даход – няздольнасьць эфектыўна ўдзельнічаць у эканамічным, сацыяльным, палітычным і культурным жыцьці, – а таксама выключэньне з грамадзтва на аснове рэлігійных, культурных, расавых, ментальных і фізічных асаблівасьцей.
Зацікаўленыя ва ўдзеле ў круглым стале могуць зьвяртацца да Леаніда Каліцені па тэл. МТС 776 38 06, Велком 376 38 06.