Зараз вы тут: Навiны » Конкурс адукацыйных матэрыялаў “Адукацыя для свабоды. Ноўтбук актыўнаму настаўніку”

Прыём матэрыялаў да 20 мая 2011 г.

Мэты конкурсу: стварэнне новых адукацыйных і дыдактычных матэрыялаў развіццёвай педагогікі, скіраваных на ўзгадаванне свабоднай і творчай асобы, грамадзяніна Беларусі; іх папулярызацыя, забеспячэнне доступу да іх шырокага кола педагогаў, бацькоў, усіх, хто працуе з дзецьмі і моладдзю.

Намінацыі конкурсу:

• Методыка навучання ва ўстановах фармальнай і нефармальнай адукацыі (Метадычны дапаможнік)

• Сучасны ўрок (Адукацыйны працэс на ўроку: распрацоўка школьных урокаў, факультатыўных заняткаў);

• Грамадзянская адукацыя і нацыянальная культура (адукацыйны праект, даследаванне або майстар-клас, сцэнарый семінара, пазакласных заняткаў; доўгатэрміновая культурніцкая акцыя з адукацыйна-выхаваўчымі мэтамі, і інш.);

• Настаўнік – сям’я – грамадства (адукацыйны праект, супольная сацыяльна-адукацыйная акцыя, даследаванне, праект дзейнасці бацькоўскага камітэта, майстар-клас, апісанне вопыту і г.д ) .

• Электронны адукацыйна-выхаваўчы рэсурс (сайт/рассылка/googlegroup/LJ-супольнасць/група сацыяльнай сеткі педагога, школы, школьнага клуба, гуртка, бацькоўскага камітэта…) або навучальны фільм, аўдыядапаможнік, праграмны прадукт ці іншы перавод у электронную форму навучальна-метадычных матэрыялаў.

Для ўдзелу ў конкурсе неабходна даслаць свае матэрыялы на адрас KonkursNotebook@gmail.com , да якіх далучыць  ліст з апісаннем таго, як вашая распрацоўка будзе спрыяць выхаванню свабоднай асобы.

Патрабаванні да матэрыялаў

1. Адна асоба падае на конкурс не больш за адну работу. Дапускаецца прадстаўленне аўтарскіх работ, якія раней былі дасланыя для сайта, але не ўдзельнічалі ў папярэдніх конкурсах.

2. Заяўка прымаецца толькі пры наяўнасці запоўненага тытульнага ліста, дзе пазначаецца наступная інфармацыя:
• прозвішча і імя аўтара,
• месца працы, хатні, электронны адрасы, кантактны тэлефон;
• намінацыя, на якую прапануецца матэрыял,
• назва матэрыялу, мэтавая аўдыторыя, для якой прапануецца матэрыял (клас, група, іх інтарэсы, матывацыя і г.д.).

3. Старонкі павінны быць пранумараваныя.

4. Тэксты падаюцца ў электронным выглядзе.

5. Мова матэрыялаў – беларуская.

6. Дадаюцца звесткі пра папярэднюю апрабацыю на практыцы прапанаванага матэрыялу (калі такі досвед быў).

7. Да матэрыялаў неабходна дадаць ліст з апісаннем таго, як вашая распрацоўка будзе спрыяць выхаванню свабоднай асобы.

Крытэрыі ацэнкі па намінацыях

Методыка выкладання вучэбных прадметаў у школах і нефармальнай адукацыі

• актуальнасць дапаможніка для настаўнікаў, адукатараў;

• адрозненне ад існуючых аналагаў як на беларускай, так і на рускай мове;

• адпаведнасць вучэбным праграмам (калі дапаможнік прапануецца для фармальнай адукацыі);

• наяўнасць канцэптуальнай часткі (педагагічнага абгрунтавання методыкі);

• тэхналагічнаць распрацовак;

• магчымасць ужыванння дапаможніка іншымі педагогамі;

• прагноз ўплыву на дадатныя змены ў актыўнасці і паводзінах навучэнцаў.

Сучасны ўрок

• наяўнасць і якасць метадычнага каментара да ўрока (ідэі і прынцыпы, на якіх будуецца сістэма работы настаўніка; асаблівасці класа, для якога прызначаецца ўрок; выкарыстанне магчымасцяў адукацыйнага асяроддзя (ў тым ліку сродкаў масавай інфармацыі), месца ўрока ў тэме – да 2-х старонак);

• арыгінальнасць аўтарскай ідэі;

• дыягнастычнасць, канкрэтнасць і рэалістычнасць навучальных мэтаў;

• аптымальнасць зместу;

• сістэмнасць урока і рацыянальнасць яго структуры;

• фармуліроўка задачаў у кантэксце праблем у выхаванні і развіцці вучняў;

• адэкватнасць выбраных форм, метадаў і сродкаў навучання мэтам і задачам урока;

• магчымасць усталявання партнэрскіх адосінаў паміж настаўнікамі і вучнямі;

• скіраванасць урока на выхаванне і развіцце вучняў; наяўнасць умоў на ўроку для выбару, для творчай самарэалізацыі вучняў, развіцця крытычнага мыслення, праяўлення іх грамадзянскай пазіцыі;

• удзел вучняў у ацэнцы хода і вынікаў сваей працы;

• адпаведнасць патрабаванням да афармлення тэксту.

Распрацоўкі тэматычных блокаў ці цыклаў урокаў будуць мець перавагу. Да матэрыялаў могуць быць далучаны відэазапісы і іншыя прадукты, якія пацвярджаюць эфектыўнасць распрацоўкі.

Грамадзянская адукацыя і нацыянальная культура

• адпаведнасць сучасным падыходам да зместу і ролі грамадзянскай адукацыі і нацыянальнага выхавання;

• скіраванасць на развіццё грамадзянскіх і сацыяльных кампетэнцый, фармаванне нацыянальнай свядомасці;

• ужыванне новых адукацыйных тэхналогіяў, спрыяюць разбурэнню стэрэатыпаў, развіваюць крытычнае мысленне; падвышаюць самаацэнку вучняў;

• накіраванасць на папулярызацыю дэмакратычных каштоўнасцей;

• арыентаванасць на сучасныя і перспектыўныя формы бытавання нацыянальнай культуры

• рэалістычнасць для здзяйснення.

Настаўнік – сям’я – грамадства

• стварэнне новых і перспектыўных форм сацыялізацыі супольнасцей дзяцей, бацькоў і педагогаў;

• далучэнне да навучальнага працэсу бацькоў, дзяцей, лакальнай супольнасці, фармаванне супольнага адукацыйнага асяроддзя;

• стварэнне ўмоў для ўдзелу бацькоў ў вызначэнні шляхоў развіцця адукацыйнай установы;

• скіраванасць на падвышэнне самаацэнкі, мэтанакіраванасці, матываванасці навучэнцаў; дапамога ў фармаванні акрэсленай грамадзянскай пазіцыі;

• скіраванасць на вывучэнне і вырашэнне праблемаў сям’і, грамадства;

• стварэнне ўмоў для ўзнікнення і дзейнасці бацькоўскіх аб’яднанняў, органаў мясцовай супольнасці.

Перавагу будуць мець матэрыялы, якія прадугледжваюць адукацыю праз сумесную дзейнасць, метадычныя матэрыялы, якія ўзніклі пры здзяйсненні адукацыйных, даследчых, экалагічных, культурніцкіх, сацыяльных, краязнаўчых і іншых праектаў.

Электронны адукацыйна-выхаваўчы рэсурс

• запатрабаванасць і актуальнасць;

• змястоўнае напаўненне і якасць матэрыялаў;

• актуальнасць;

• інтэрактыўнасць інтэрфейсу (для інтэрнэт-рэсурсаў): ці ёсць магчымасць зваротнай сувязі, абмеркавання, змяшчэння творчых работ вучняў, настаўнікаў, атрымання кансультацый; для тэрмін існавання; колькасць наведнікаў у месяц; частата абнаўлення;

• існаванне або магчымасць падтрымкі асабістых старонак (блогаў) экспертаў, настаўнікаў, вучняў, класаў ці груп;

• эксклюзіўнасць матэрыялу, пераведзенага ў электронную форму;

• зручнасць карыстання інфармацыяй, дызайн.

Сайты-візіткі, камерцыйныя і рэкламныя сайты адукацыйных установаў не з’яўляюцца прыярытэтам гэтага конкурсу. Пры прадстаўленні сайта ці іншага інтэрнэт-прадукта для конкурсу будзе вітацца тлумачальная запіска, дзе пазначаная мэта, мэтавая аўдыторыя, статыстычныя дадзеныя і іншая інфармацыя, якая дапаможа сябрам журы ацаніць ваш рэсурс. Пры іншых роўных умовах перавага будзе аддавацца праектам, дзе эксклюзіўны змест перадаецца пры дапамозе сучаснай тэхнічнай формы.

Прызавы фонд конкурсу фармуецца з добраахвотных ахвяраванняў людзей і арганізацый, зацікаўленых ў падтрымцы актыўных педагогаў, што прадставяць свае аўтарскія матэрыялы для агульнага карыстання. Папярэдне плануецца ўзнагародзіць 5 аўтараў, матэрыялы якіх будуць прызнаныя найлепшымі, персанальнымі партатыўнымі камп’ютэрамі (ноўтбукамі).

Журы конкурсу фармуецца з экспертаў – спецыялістаў у кожнай тэме, якія працуюць у сферы фармальнай і нефармальнай адукацыі.

Тэрміны правядзення конкурсу: матэрыялы прымаюцца да 20 мая 2011 г. у электроннай форме на электронную пошту: KonkursNotebook@gmail.com. (Калі аб’ём ці фармат матэрыялаў не дазваляе даслаць іх па электроннай пошце, звяжыцеся з арганізатарамі па гэтым жа адрасе)

Дасланыя работы будуць размешчаныя ў інтэрнэце на сайце http://nastaunik.info/notebook для агульнага карыстання і абмеркавання. Вынікі абмеркавання на сайце будуць улічаныя журы.

Гэты конкурс – цалкам грамадскі праект. Гэта значыць, што педагогі і адукатары, якія дашлюць свае распрацоўкі, надаюць права публікаваць іх на сайце http://nastaunik.info. Арганізацыі і асобы, якія далучаюцца да фармавання прызавога фонду, і людзі, што захочуць ахвяраваць свой час для арганізацыі конкурсу, не маюць камерцыйных мэтаў і гатовыя працаваць толькі для паляпшэння беларускай адукацыі.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары