Зараз вы тут: Навiны » Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі ў пытаннях і адказах ад Уладзіміра Здановіча.

Ці захаваюцца экзамены пры паступленні ў гімназію?

Прыём дзяцей для атрымання базавай адукацыі (5-9 класы) у гімназіях, гімназіях-інтэрнатах, гімназіях-каледжах мастацтваў ажыццяўляецца па конкурсе на аснове ўступных іспытаў, а ў гімназіях-каледжах мастацтваў — таксама па выніках праверкі здольнасцяў ў галіне асобных відах мастацтваў.

Што тычыцца працягу навучання гэтых дзяцей у 10 і 11 класе, то яны прадоўжаць навучанне без здачы іспытаў і праверкі здольнасцяў у галіне асобных відаў мастацтваў.

Ці атрымаюць выхавальнікі дзіцячых садкоў статус педагагічных работнікаў?

Згодна з Кодэксам, педагагічным работнікам лічыцца той, хто ажыццяўляе педагагічную дзейнасць, г.зн. вучыць, выхоўвае ці кіруе ўстановай адукацыі. Таму выхавальнікі і кіраўнікі дзіцячых дашкольных устаноў — такія ж педагогі, як і школьныя настаўнікі.

Хто не зможа працаваць педагогам?

Педагагічную дзейнасць не змогуць ажыццяўляць асобы, якія не маюць адпаведнай адукацыі, якія пазбаўлены правоў займацца педагагічнай дзейнасцю, якія маюць судзімасць ці прызнаны недзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі.

Ці з’явіліся нейкія новыя патрабаванні да педагогаў?

Сярод абавязкаў педагагічных работнікаў прадугледжаны: выконваць патрабаванні прававых, маральных і этычных норм; весці здаровы лад жыцця і прапагандаваць яго сярод навучэнцаў; праходзіць папярэдні медыцынскі агляд пры паступленні на працу і перыядычныя медыцынскія агляды.

Педагогам забараняецца выкарыстоўваць адукацыйны працэс у палітычных мэтах ці для падбухторвання навучэнцаў да дзеянняў, якія пярэчаць заканадаўству.

Чаму ў Кодэксе адсутнічаюць нормы аб забароне прыцягнення настаўнікаў да выканання работ, якія не ўваходзяць у іх непасрэдныя абавязкі?

Гэтая норма, як і іншыя, што тычацца працягласці працы педагогаў і асаблівасцяў выканання імі працоўных абавязкаў, прысутнічае ў Працоўным кодэксе Рэспублікі Беларусь. Дубліраваць яе ў Кодэкс аб адукацыі юрысты палічылі немэтазгодным. У артыкуле 120 Працоўнага кодэкса гаворыцца: “Прыцягненне да звышурочнай працы дазваляецца толькі са згоды работніка, за выключэннем выпадкаў, якія прадугледжаны артыкулам 121 дадзенага Кодэкса, а таксама калектыўным дагаворам, пагадненнем”, а ў яго артыкуле 146: “Праца ў выхадны дзень можа кампенсавацца па ўзгадненні бакоў прадастаўленнем іншага дня адпачынку ці павышанай аплатай. Праца ў дзяржаўныя святы і святочныя дні аплачваецца ў павышаным памеры”.

Ці ўстанаўлівае Кодэкс патрабаванні да бацькоў вучняў?

Бацькі аднесены да ўдзельнікаў адукацыйнага працэсу. Яны абавязаны забяспечваць умовы для атрымання адукацыі і развіцця вучня, паважаць гонар і годнасць вучняў і настаўнікаў, выконваць патрабаванні школьнага статута і правіл унутранага распарадку школы.

Ці будуць даводзіць школам планы па пазабюджэтнай дзейнасці?

Кодэкс забараняе даводзіць установам адукацыі нарматывы па ажыццяўленні дзейнасці, якая прыносіць прыбытак.

Аднак саму дзейнасць ажыццяўляць можна. Вельмі важна і тое, што сродкі, атрыманыя ўстановамі адукацыі ад дзейнасці, якая прыносіць прыбытак, паступаюць у іх самастойнае распараджэнне і трацяцца ў адпаведнасці са статутам і заканадаўствам.

Як будзе арганізавана харчаванне школьнікаў?

Кодэкс патрабуе, каб не толькі ў школах, але і ва ўсіх установах адукацыі былі створаны ўмовы для арганізацыі харчавання навучэнцаў. Ажыццяўляць арганізацыю харчавання будуць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія спецыялізуюцца на аказанні паслуг грамадскага харчавання, або непасрэдна ўстановы адукацыі.

Харчаванне арганізуецца ў адпаведнасці з патрабаваннем санітарных норм, правіл і гігіенічных нарматываў у адпаведнасці з вызначанымі нормамі харчавання і грашовымі нормамі выдаткаў на харчаванне для адпаведных катэгорый навучэнцаў. Пры неабходнасці арганізоўваецца дыетычнае харчаванне. Адпаведнасць норм харчавання і грашовых норм выдаткаў на харчаванне будзе рэгуляваць Урад або ўпаўнаважаны ім орган.

Некаторыя бацькі баяцца, што з прыняццем Кодэкса яны пазбавяцца магчымасці вучыць сваіх дзяцей у хатніх умовах. Гэта праўда?

Лісты, у якіх выказвалася такая асцярога, у парламенцкую камісію паступалі. Аднак гэтыя асцярогі не маюць падставы. З дапамогай Кодэкса, наадварот, пашыраны магчымасці для навучання. Атрымаць агульную сярэднюю адукацыю можна будзе як у школе, так і дома, у арганізацыях аховы здароўя, санаторна-курортных ці аздараўленчых арганізацыях, адукацыйна-аздараўленчых цэнтрах. Для вучняў, якія па медыцынскіх паказчыках часова ці пастаянна не могуць наведваць установы адукацыі, ствараюцца ўмовы для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў хатніх умовах. Пералік медыцынскіх паказчыкаў для атрымання агульнай сярэдняй адукацыі ў хатніх умовах вызначаецца Міністэрствам аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Раней усе школы былі аднолькавыя, і калі нешта не падабалася ў адной, то можна было перавесці вучня ў іншую, лепшую з пункту гледжання бацькоў. На жаль, зараз са звычайнай школы ў гімназію так проста нельга перайсці. Але заканадавец улічыў і гэта. Адукацыйны працэс можа ажыццяўляцца ў класах або індывідуальна. Ёсць магчымасць вучыцца па індывідуальным вучэбным плане не толькі адораным і таленавітым вучням, але і тым школьнікам, якія па ўважлівых прычынах не могуць пастаянна ці часова наведваць урокі. Безумоўна, не кожны з бацькоў, які напіша заяву на імя дырэктара школы, зможа забраць дзіця са школьнага калектыву і пачаць самастойна яго вучыць. Такога не было і раней. Бо аднаго жадання бацькоў мала. Саветам школы, яе дырэктарам усебакова разглядаліся і будуць разглядацца прычыны такога жадання, а таксама магчымасці бацькоў у навучанні, зыходзячы з прынцыпу “не нашкодзіць дзіцяці”. Права на навучанне ў сям’і па індывідуальным вучэбным плане ў Кодэксе захавана. Канчатковае ж рашэнне будзе прымаць дырэктар школы, у якой вучыцца дзіця.

У Кодэксе ўведзена адказнасць вучняў і студэнтаў за дрэнныя ўчынкі. За якія з іх можна будзе адлічваць?

Сапраўдным грамадзянінам можа быць толькі той, хто добра ведае не толькі свае правы, але і абавязкі і, акрамя таго, нясе адказнасць за свае ўчынкі. Таму не дзіўна, што цэлы раздзел Кодэкса прысвечаны дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў, якая наступае з 14 гадоў. Падставамі да прыцягнення да яе могуць быць: спазненні і нез’яўленні на заняткі, невыкананне патрабаванняў, неліквідаваная акадэмічная запазычанасць, парушэнні дысцыпліны, зневажанні іншых удзельнікаў адукацыйнага працэсу, псаванне маёмасці і іншыя. Меры спагнання — заўвага, вымова, адлічэнне. Вучня можна адлічыць са школы толькі з 16 гадоў, прычым толькі з 10 ці 11 класа (раней нельга, бо, паводле Канстытуцыі, у нас абавязковая базавая адукацыя). Падставы для адлічэння: калі ёсць непаспяховасць па трох і болей прадметах (г.зн. “нулі”), з-за адсутнасці на занятках больш за 30 дзён на працягу года, сістэматычнага невыканання абавязкаў (тыя ж зневажанні настаўнікаў і вучняў), калі да яго ўжо прымяняліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння.

З мэтай клопату аб здароўі навучэнцаў ва ўстановах адукацыі і на іх тэрыторыі забаронена курэнне, ужыванне алкагольных і слабаалкагольных напояў, піва, наркатычных сродкаў, псіхатропных, таксічных і іншых адурманьваючых рэчываў. Парушэнне гэтай нормы таксама вядзе да дысцыплінарнай адказнасці.

Вучням і іх бацькам не трэба забываць і аб тым, што, акрамя Кодэкса аб адукацыі, у рэспубліцы дзейнічаюць Крымінальны кодэкс і Кодэкс аб адміністратыўных правапарушэннях. Не хацелася б, каб нехта з школьнікаў учыняў правапарушэнне, падпадаючае пад іх дзеянне. Таму што гэтыя дакументы ўстанаўліваюць больш строгія пакаранні, у тым ліку і для малалетніх правапарушальнікаў.

Ці не адмяніў Кодэкс залатыя медалі, а таксама атэстаты з адзнакай?

Спрэчкі з гэтай нагоды былі, але ўсё ж мы пакінулі гэтыя школьныя ўзнагароды. Па-першае, патрэбна падтрымліваць імкненне вучыцца добра, па-другое, медаль — не толькі памяць пра школу і прыклад для пераймання будучым пакаленням (дзецям і ўнукам), але і перавагі пры працягу навучання. Таму школьнікам, якія маюць пасведчанне за 9 класаў з адзнакай, гадавыя адзнакі 10 і 9 па ўсіх прадметах (акрамя прадметаў “Фізічная культура і здароўе” і “Дапрызыўная і медыцынская падрыхтоўка”, па якіх дастаткова атрымаць 6 балаў) за 10-11 класы, а таксама адзнакі 10 і 9 па выніках выпускных іспытаў і абавязкова прыкладныя паводзіны, выдаецца атэстат за курс сярэдняй школы асобага ўзору з узнагароджаннем залатым медалём.

Аналагічныя патрабаванні пры выдачы пасведчання за 9 клас з адзнакай. Гадавыя адзнакі 10 і 9 павінны быць за два апошнія гады (8 і 9 класы) па ўсіх прадметах, за выключэннем “Працоўнага навучання”, “Чарчэння”, “Фізічнай культуры і здароўя”, па якіх гадавая адзнака павінна быць не ніжэйшая за 6.

Захаваны і сярэбраныя медалі, а таксама выдача пахвальных лістоў за асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў.

Ці абавязаны будуць вучні насіць школьную форму? Ці будзе форма для настаўнікаў?

Гэтыя пытанні шырока асвятляліся і абмяркоўваліся ў СМІ. Мы ўбачылі негатыўную рэакцыю грамадства на ўвядзенне спецыяльнай формы для педагогаў. Вучні таксама лічаць увядзенне формы аднаго крою і колеру “насіллем над асобай”. Таму ў Кодэксе няма ніводнай нормы, якая б была накіравана на прымус школьнікаў ці настаўнікаў насіць адзенне аднолькавага ўзору. У тэксце гэтага дакумента няма нават слоў “дзелавы стыль адзення”. Разам з тым, прытрымліванне дзелавога стылю адзення вучнямі і настаўнікамі можа быць прадугледжана статутам школы. У любым выпадку гэтае пытанне будзе вырашацца самой школай (педагогамі, бацькамі і вучнямі), а не кімсьці збоку. Прычым “дзелавы стыль адзення” зусім не азначае адзіную і абавязковую для ўсіх форму. Адпаведнымі міністэрствамі для школьнікаў ужо распрацаваны дзясяткі варыянтаў прыгожых і зручных мадэляў адзення дзелавога стылю.

Ці прадугледзелі дэпутаты магчымасць ільготнага праезду школьнікаў і студэнтаў у грамадскім транспарце?

Пытанне аб вяртанні школьнікам і студэнтам ільгот па аплаце праезду ў грамадскім транспарце ўзнікла ўжо пасля таго, як дэпутаты разгледзелі праект Кодэкса ў другім чытанні. Аднак у артыкуле 47, які называецца “Транспартнае забеспячэнне”, мы ўсё ж кранулі гэтую тэму. Так, цытую: “Транспартнае забеспячэнне навучэнцаў уключае прадастаўленне ў адпаведнасці з заканадаўчымі актамі льгот пры праездзе на транспарце агульнага карыстання, а таксама арганізацыю іх бясплатнага падвозу. Парадак арганізацыі падвозу навучэнцаў устанаўліваецца ўрадам”.

Пры арганізацыі бясплатнага падвозу вясковых школьнікаў можна выкарыстоўваць маршрутныя аўтобусы, прыгарадныя і мясцовыя цягнікі, транспарт сельскагаспадарчых і іншых арганізацый.

Якія змены закранулі атрыманне прафесіі?

Пры атрыманні прафесійнай адукацыі абавязковым будзе заключэнне з установай адукацыі дагавора, у якім вызначаюцца спецыяльнасць ці кваліфікацыя, тэрмін атрымання адукацыі, кошт навучання і парадак яго змянення, парадак разлікаў за адукацыю (адзін раз у семестр, штомесячна і інш.), адказнасць бакоў г.??зн. дагаворы будуць заключаць усе: і “платнікі”, і “бюджэтнікі”.

Прафтэхадукацыю можна будзе атрымаць у тэрмін ад 6 месяцаў да 3 гадоў. Будзе тры віды ўстаноў прафтэхадукацыі: прафтэхвучылішча, прафесіянальны ліцэй, прафесіянальна-тэхнічны каледж. Прыём на навучанне ў іх плануецца без уступных экзаменаў, а само навучанне застанецца поўнасцю бясплатным. Па агульнаадукацыйных прадметах станоўчыя адзнакі пачынаюцца з 1, па спецыяльных — з 3 балаў. Для павышэння практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў колькасць гадзін на вытворчае навучанне складзе не менш за 40% ад іх агульнай колькасці.

Усе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі будуць называцца каледжамі. Тэрмін атрымання такой адукацыі — ад 1 да 4 гадоў. У каледжах колькасць гадзін на вытворчае навучанне складзе не менш за 20% ад агульнай колькасці гадзін, якія адведзены на засваенне вучэбных праграм. З гэтага ўзроўню станоўчыя адзнакі пачынаюцца з 4 балаў.

А вось віды вышэйшых навучальных устаноў не зменяцца. Тэрмін навучання ў ВНУ ад 3 (пасля каледжа, пры атрыманні другой вышэйшай адукацыі) да 6 гадоў на першай ступені (падрыхтоўка дыпламаваных спецыялістаў), да 2 гадоў — на другой (магістратура).

Якія віды стыпендый устанаўліваюцца студэнтам?

Стыпендыі будуць наступных відаў: вучэбныя, сацыяльныя, Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, спецыяльныя, імянныя, персанальныя стыпендыі савета ВНУ.

Крытэрыі паспяховасці студэнтаў, умовы і парадак прызначэння і выплаты вучэбных стыпендый вызначаюцца ўрадам. Стыпендыю Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь могуць атрымаць толькі студэнты дзяржаўных ВНУ і ВНУ спажывецкай кааперацыі.

Ці палепшыцца сацыяльная абарона студэнтаў?

Кожная ВНУ, у тым ліку прыватная, павінна будзе мець інтэрнат для студэнтаў.

Кіраўнікі прыватных ВНУ змогуць прадастаўляць зніжкі са сфарміраванага кошту навучання. Раней яны казалі, што не могуць гэта рабіць, бо няма нормы ў законе.

З’явіцца новы від водпуску для студэнтаў: водпуск для праходжання ваеннай службы, пасля завяршэння якога, на працягу аднаго года студэнт мае права вярнуцца ў тую ж установу адукацыі і вучыцца на ранейшых умовах. У асноўным, ён будзе прадастаўляцца студэнтам завочнай формы навучання, якіх з 2010 г. ужо пачалі прызываць на службу ў армію.

Акадэмічны водпуск (не больш за год) будзе прадастаўляцца студэнту па медыцынскіх паказаннях, у сувязі з прызывам на службу ў рэзерве ці па іншых уважлівых прычынах. Прычым па іншых уважлівых прычынах водпуск можа прадастаўляцца па дамове паміж рэктарам і студэнтам. Напрыклад, калі ў студэнта няма грашовых сродкаў, каб аплаціць кошт навучання.

Усе, хто будзе вучыцца ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі, каледжах і ВНУ, пры праходжанні вытворчай практыкі забяспечваюцца спецвопраткай, абуткам, сродкамі бяспекі па нормах, якія ўстаноўлены для работнікаў адпаведных галін.

Для аздараўлення студэнтаў будуць працаваць санаторыі-прафілакторыі.

Акрамя таго, спецыяльны артыкул прысвечаны падтрымцы выпускнікоў (прадастаўленне першага працоўнага месца, а таксама гарантыі і кампенсацыі ў сувязі з размеркаваннем).

У які тэрмін можна будзе ўзнавіцца ў ВНУ?

Пасля адлічэння з ВНУ (дарэчы, з-за непаспяховасці штогод адлічваецца каля 17 тыс. студэнтаў) узнавіцца ў ёй можна будзе толькі на працягу 3 гадоў (у магістратуру — 2) і не раней, чым праз 10 месяцаў пасля адлічэння. Узнаўленне не дапускаецца на 1 курс, калі студэнт не прайшоў атэстацыю за першы семестр, а таксама ў магістратуру і аспірантуру, калі магістрантам ці аспірантам не выкананы індывідуальны план за год.

Якія выпускнікі падлягаюць абавязковаму размеркаванню?

Размеркаванню будуць падлягаць усе, хто правучыўся ў дзённай форме за бюджэтныя сродкі не менш за палову агульнай працягласці навучання. Пасля каледжа і ВНУ тэрмін абавязковай адпрацоўкі па размеркаванні складзе 2 гады (пасля ПТВ — 1 год). Для тых, хто вучыўся на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі, — не менш за 5 год (пасля ПТВ — не менш чым 2 гады).

Хто мае права на самастойнае працаўладкаванне?

Права на самастойнае працаўладкаванне маюць тыя выпускнікі, якім дзяржава не можа прадаставіць месца працы ў адпаведнасці з атрыманай спецыяльнасцю і прысвоенай кваліфікацыяй. Не размяркоўваюцца “платнікі”, “вячэрнікі” і “завочнікі”. Месца працы шляхам размеркавання не прадастаўляецца выпускнікам, якія ўключаны Міністэрствам спорту і турызму ў спіс нацыянальных, зборных каманд рэспублікі па відзе (відах) спорту, выпускнікам ПТВ, якія знаходзяцца на тэрыторыі выпраўленчых устаноў крымінальна-выпраўленчай сістэмы, і выпускнікам спецыяльных вучэбна-выхаваўчых і лячэбна-выхаваўчых устаноў.

Якія выпускнікі не абавязаны вяртаць сродкі ў бюджэт у выпадку адказу ад размеркавання ці неадпрацоўкі ўстаноўленага тэрміну абавязковай працы?

У артыкуле 88 Кодэкса прыведзены поўны пералік такіх асоб:

— дзеці-сіроты і дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў;

— дзеці-інваліды, інваліды 1 і 2 груп пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання новага месца працы з улікам стану іх здароўя па месцы жыхарства бацькоў, мужа (жонкі);

— асобы, якія маюць аднаго з бацькоў ці мужа (жонку) інваліда 1 ці 2 групы, або дзіця-інваліда пры немагчымасці прадастаўлення шляхам пераразмеркавання новага месца працы па месцы жыхарства гэтых бацькоў, мужа (жонкі), дзіцяці-інваліда;

— асобы, якія маюць медыцынскія супрацьпаказанні да працы па атрыманай спецыяльнасці;

— цяжарныя жанчыны, маці (бацькі), якія маюць дзіця ва ўзросце да 3 гадоў на дату прыняцця рашэння аб пераразмеркаванні, пры немагчымасці прадастаўлення ім шляхам пераразмеркавання новага месца працы па месцы іх жыхарства;

— муж (жонка), жонка (муж) якога працуе і пастаянна пражывае на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь, пры немагчымасці прадастаўлення ім шляхам пераразмеркавання новага месца працы па месцы жыхарства і (або) працы жонкі (мужа);

— дзеці асоб, пералічаных у падпунктах 3.2, 3.4 і 3.7 пункта 3, пункце 10 і падпунктах 12.2 і 12.3 пункта 12 артыкула 3 Закона Рэспублікі Беларусь “Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян”;

— асобы, якія маюць ільготы па 18 “чарнобыльскім” артыкуле.

Не патрэбна вяртаць грошы і ў выпадку пераходу на выбарную пасаду.

Патрэбна звярнуць увагу на тое, што пры навучанні на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі гэты пералік будзе значна карацейшым.

Не патрэбна вяртаць сродкі і ў выпадку скасавання кантракта ў сувязі з ліквідацыяй арганізацыі ці скарачэннем колькасці ці штату работнікаў, парушэннем наймальнікам заканадаўства аб працы, неадпаведнасцю займаемай пасадзе з-за стану здароўя, нез’яўлення на працу больш за 4 месяцы падрад з-за часовай непрацаздольнасці (не лічачы водпуску па цяжарнасці і родах). Але ўсё гэта — толькі пры немагчымасці прадастаўлення шляхам наступнага накіравання на працу новага месца працы.

Выпускнікі, якім месца працы прадастаўлена шляхам размеркавання, прызваныя на ваенную службу па прызыве і звольненыя з яе, таксама вызваляюцца ад вяртання сродкаў, затрачаных дзяржавай на іх падрыхтоўку.

У 2012 г. Рэспубліка Беларусь плануе далучыцца да Балонскага працэсу. Ці не прыйдзецца змяняць у сувязі з гэтым Кодэкс?

У Кодэксе ўжо адлюстраваны асноўныя патрабаванні Балонскага працэсу. У тым ліку: інтэграцыя ў сусветную агульнаадукацыйную прастору пры захаванні і развіцці традыцый нацыянальнай вышэйшай школы, самастойнасць устаноў адукацыі ў ажыццяўленні іх дзейнасці (аўтаномія).

Замацаваны дзве ступені вышэйшай адукацыі: падрыхтоўка дыпламаваных спецыялістаў і магістратура. Прычым змест магістратуры зменены: на 2 ступені вышэйшай адукацыі забяспечваюцца або паглыбленая падрыхтоўка спецыяліста, або фарміраванне ведаў, уменняў і навыкаў навукова-педагагічнай ці навукова-даследчай працы, або і тое і другое з прысваеннем ступені магістра.

Прадугледжана права студэнтаў на перавод у іншую ВНУ. Вызначана акадэмічная мабільнасць, як абмен студэнтамі, выкладчыкамі і навуковымі супрацоўнікамі Рэспублікі Беларусь і замежнай дзяржавы ў мэтах навучання, павышэння кваліфікацыі, удасканалення навуковай і выкладчыцкай дзейнасці. Абмен будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці з міжнароднымі праграмамі і дагаворамі, як правіла, на парытэтнай аснове і насіць часовы характар. Урад Беларусі вызначае гарантыі і кампенсацыі такім навучэнцам.

Уведзены адукацыйныя стандарты вышэйшай адукацыі. Прадугледжаны прызнанне і ўстанаўленне адпаведнасці перыядаў навучання, курсаў вышэйшай адукацыі ў арганізацыях замежных дзяржаў з выдачай пасведчання.

У Кодэксе гаворыцца аб дыпломе даследчыка. Што гэта за дакумент і каму ён будзе выдавацца?

Сапраўды, у сістэме адукацыі пасля ВНУ з’явіцца новы дакумент аб адукацыі — дыплом аб атрыманні навуковай кваліфікацыі “Даследчык”. Ён будзе выдавацца асобам, якія скончылі аспірантуру, але не абаранілі дысертацыю. Дарэчы, як паказвае практыка, сярод 100 аспірантаў амаль 95 адразу пасля заканчэння аспірантуры не абараняюць кандыдацкую дысертацыю. Але ж яны прайшлі добрую падрыхтоўку, здалі кандыдацкія экзамены, маюць вопыт навуковай работы. Для таго, каб гэтыя маладыя людзі не “згубіліся” для краіны, і было вырашана выдаваць ім дакумент даследчыка, які дае права займацца навуковай і навукова-педагагічнай дзейнасцю.

Акрамя навучання ў школе, дзеці і моладзь наведваюць пазашкольныя ўстановы. Як у рэспубліцы будзе развівацца гэты від адукацыі?

Наогул дадатковая адукацыя ў Рэспубліцы Беларусь падзелена на дадатковую адукацыю дзяцей і моладзі і дадатковую адукацыю дарослых. І хоць гэты від адукацыі называецца дадатковым, але да яго нельга адносіцца як да другаснага ці другасортнага. Пералік профіляў, па якіх дзеці і моладзь могуць атрымоўваць дадатковую адукацыю, вельмі разнастайны і Кодэксам не абмежаваны. У шматлікіх цэнтрах, палацах і дзіцячых школах мастацтваў, як і раней, будуць працаваць гурткі, клубы, секціі, студыі, майстэрні, аркестры, ансамблі, тэатры, навуковыя і іншыя аб’яднанні, адно- і шматузроставыя, з пераменным і пастаянным складам навучэнцаў. Знайсці занятак у вольны час будзе чым — было б толькі жаданне.

Ці патрэбна ліцэнзія для правядзення кароткатэрміновага семінара?

Правядзенне вучэбнага мерапрыемства (вучэбнага кароткатэрміновага семінара, трэнінга, аднаразавай лекцыі і г.д.) у прамым сэнсе не з’яўляецца адукацыйным працэсам, г.зн. засваеннем навучэнцам зместу адукацыйнай праграмы, якое завяршаецца выдачай дакумента аб адукацыі (атэстата, дыплома). Таму хоць адукацыйная дзейнасць сапраўды ліцэнзуецца, але каб правесці разавае мерапрыемства ліцэнзію браць непатрэбна. Іншая справа, калі семінары будуць ажыццяўляцца на платнай аснове, тады чалавеку неабходна зарэгістравацца ў якасці індывідуальнага прадпрымальніка ці працаваць па запрашэнні юрыдычнай асобы, у якой ёсць дазвол на адукацыйную дзейнасць. Гэтыя ж нормы распаўсюджваюцца і на замежных грамадзян, і на замежных юрыдычных асоб.

Вярніце ўвагу і вось на што. У Дырэктыве №4 таксама гаворыцца аб правядзенні падобных адукацыйных мерапрыемстваў “ва ўстаноўленым парадку”. Гэта азначае, што Саветам Міністраў ці іншым дзяржаўным органам будуць вызначаны дакладныя правілы вучобы і ў адносінах да аб’яднанняў прадпрымальнікаў і цэнтраў падтрымкі прадпрымальніцтва. Таму калі нехта марыў аб бескантрольнасці ў гэтай вельмі важнай для дзяржавы сферы, то дарэмна.

Ці прадугледжвае Кодэкс устанаўленне адказнасці за парушэнне заканадаўства аб адукацыі?

Кодэкс прама не прадугледжвае штрафных санкцый ці крымінальных пакаранняў. Але ў яго артыкуле 8 гаворыцца: “Заканадаўства аб адукацыі грунтуецца на прынцыпе ўстанаўлення адказнасці за яго невыкананне”. Таму адпаведныя прававыя нормы з’явяцца ў крымінальным, адміністратыўным і іншым заканадаўстве. Некаторыя ўжо ёсць. Напрыклад, за курэнне ў школе ці ў ВНУ можна накласці спагнанне ў выглядзе штрафу да 4 базавых велічынь.

Кодэкс — вельмі аб’ёмны дакумент, але ці ўсё ў ім улічана?

У кожнай старонцы Кодэкса схаваная праца немалой колькасці людзей, якія жывуць адукацыяй, да дробязяў ведаюць яе асаблівасці, праблемы і спосабы іх рашэння. Асноўная складанасць працы над Кодэксам была ў незвычайнай колькасці меркаванняў па адных і тых жа пытаннях і пошуку ў сувязі з гэтым разумных кампрамісных варыянтаў. Мы разгледзелі каля 1,5 тысячы вусных і пісьмовых заўваг да праекта! Таму не дзіўна, што пасля дапрацоўкі Кодэкс комплексна і лагічна раскрывае ўсе бакі беларускай адукацыі. Магчыма, з цягам часу ў тэксце і выявяцца нейкія пралікі, хібы, але ўнесці змяненні ў Кодэкс будзе значна лягчэй, чым ствараць новы дакумент. Прынамсі, спецыялісты сцвярджаюць, што Кодэкс атрымаўся грунтоўным і якасным, і што немалаважна, зручным для правапрымяняльнай практыкі. У поўным аб’ёме Кодэкс уступіць у дзеянне з 1 верасня 2011 года і стане першым дакументам падобнага роду ў свеце.

Старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу
Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры, навуцы і навукова-тэхнічным прагрэсе,

Уладзімір Здановіч.

http://www.zviazda.by/

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Адзін камэнтар

Дадаць каментар


2 − = 1

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары