Зараз вы тут: Навiны, Слайдшоу » Галіна Верамейчык: “Мы не такія бедныя, калі зазірнем у сябе”

“Маладым паўсюль у нас пашана” — ўзнёсла дэкламуе верш, які сённяшнія 20-годкі ніколі і не чыталі. Культ маладосці доўгі час выцясняў са сцэны жыцця больш сталае пакаленне, якое звыкла думаць, што пасля 50 – 70 – 90 гадоў нічога цікавага ўжо не будзе.

Нашы перакананасць і сённяшні эксперт Галіна Верамейчык — кіраўнік прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў «Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.» у Беларусі — сцвярджаюць адваротнае: дарослыя — гэта людзі з глыбокім патэнцыялам, які бяздумна растрачваць на чаканне пенсіі. Якім чынам уключыць іх у актыўны грамадскі працэс, зрабіць жыццё цікавым ды карысным насуперак прынятым нормам і ператварыць адукацыю на працягу ўсяго жыцця з канцэпцыі ў беларускую рэальнасць — у гэтым інтэрв’ю.

Галіна Верамейчык. Здымак Naviny.by

Пачнем з банальнага і, бадай, галоўнага. Навошта чалавеку адукоўваць сябе на працягу ўсяго жыцця? Многія ж лічаць так: «Я атрымаў спецыялізацыю-прафесію адзін раз на ўсё жыццё, і на гэтым хопіць».

Адказ на пытанне прагучыць вельмі прагматычна: свет мяняецца, у тым ліку і прафесійны. Адбываюцца значныя змены ў грамадстве і, адпаведна, у асабістым жыцці. Усе вонкавыя ўмовы вымагаюць ад чалавека прыстасавання. Адукацыя з’яўляецца адным з важнейшых інструментаў, як падладзіць сябе да зменаў.

Калі мы «прызямлім» гэтую сітуацыю і персаналізавана паглядзім на яе. Як працуе гэты механізм?

Вельмі проста. Можна прасачыць яго нават на маёй біяграфіі. Я, напрыклад, скончыла горны інстытут па спецыяльнасці «Прыкладная геадэзія, картаграфія». Але ўжо шмат гадоў як не стасуюся з гэтай сферай. Калі пачала працаваць у зусім іншай галіне, не звязанай з маёй адукацыяй, — у міжнароднай, — спатрэбіліся мовы. Вывучыла нямецкую, ангельскую, польскую. Пасля паўсюль з’явіліся кампутары, абыходжанню з імі я таксама вычылася сама. Гэта ўсё — дадатковае навучанне, якое я не спыняла і не спыняю, бо ўмовы змяняюцца, і я сачу за імі. Іншая справа, у якім фармаце мусіць быць гэтая адукацыя. Ці традыцыйныя, доўгатэрміновыя, курсы, ці кароткачасовыя, «на сённяшнюю патрэбу».

Нават нараджэнне дзіцяці – гэта таксама дадатковая адукацыя для бацькоў. Напрыклад, ім варта абнаўляць свае веды пра псіхалогію ўзросту. Ці шмат хто цікавіцца працай чалавечага мозгу. Можна, канешне, самому пачытаць кніжку, але заўсёды хочацца яшчэ абмеркаваць тэму з такімі, як ты.

Якім чынам растлумачыць больш сталым людзям, навошта ім патрэбна дадатковая адукацыя? Усё ж многія дагэтуль лічаць: дацягнуць да пенсіі, абы мяне ніхто не чапаў.

Тут ёсць некалькі шляхоў. З аднаго боку — проста прапаноўваць праграмы, якія адпавядаюць патрэбам і цікаўнасцям людзей. Тады нават тлумачыць не трэба, бо людзі прыходзяць самі. Гэта інструмент, якія працуе з тымі, хто больш-менш усвядоміў, чаго ён жадае. Другі шлях звязаны з узроўнем адукацыйнай палітыкі. Важна, каб яна стварала ўмовы дзеля таго, каб развіваліся рознага кшталту ініцыятывы. Напрыклад, кароткатэрміновыя праграмы ці доўгатэрміновыя прафесійныя курсы — тое, што не з’яўляецца ў чыстым выглядзе прафесійнай кампетэнцыяй, напрыклад, праца з кампутарам альбо мастацтва перамоваў, майстэрства інтэрв’ю. Гэта тое, што наўпрост не звязана з прафесійнай дзейнасцю, але вельмі патрэбна ў жыцці шырокаму колу людзей. Калі мы ствараем такі спектр праграмаў, які дазваляе чалавеку развівацца прафесійна, асобасна і браць удзел у жыцці грамадства, то такім чынам даем вялікай колькасці людзей магчымасць знайсці цікавую праграму для сябе.

Калі мы кажам пра Беларусь, то у нас няблага выглядае сітуацыя з павышэннем кваліфікацыі для прадстаўнікоў акадэмічных прафесій, для тых, хто мае вышэйшую адукацыю. Праблематычная сітуацыя назіраецца ў сферы для людзей, якія не маюць вышэйшай адукацыі. Ёсць значная колькасць асобаў, ад якіх гэтага не патрабуюць, з аднаго боку, з другога — ім гэтага і не прапануюць. Таму атрымоўваецца, што яны па-за працэсам. Таксама «выпадаюць» з працэсу жыхары аддаленых рэгіёнаў, тыя, хто мае невысокі фінансавы ўзровень. Калі ў вас ёсць дастаткова грошай, вы можаце пайсці ў камерцыйную арганізацыю і стаць навучэнцам. Калі іх не вельмі шмат, то наша псіхалогія хутчэй падкажа выдаткаваць іх на дзяцей, чым на сябе і самаадукацыю.

Каб вырашыць гэтую праблему, трэба зрабіць некалькі важных крокаў. Найперш, усвядоміць, што адукацыя на працягу жыцця — гэта добра і неабходна. Другі крок мусяць зрабіць чыноўнікі, якія займаюцца адукацыяй. Дык вось ім таксама патрэбна усвядоміць, што адукацыя, у тым ліку дарослых, а не толькі дзяцей і моладзі, не з’яўляецца асабістай справай толькі чалавека.

У нас на сёння сітуацыя выглядае так: асобы, якіх я сёння ўзгадвала, займаюцца гэтым толькі самі, дзяржава іх ніяк не падтрымлівае. Адукацыя заўсёды дабро для грамадства, яго каштоўнасць. У гэтым сэнсе развіццё разгалінаванай сістэмы патрэбна пачынаць з мясцовага ўзроўню. Каб адукацыя для дарослых была дасягальная не толькі ў Мінску, абласных цэнтрах, але і ў Кобрыне ці Лепелі. Каб існавалі невялічкія цэнтры, якія былі б скіраваны на працу з дарослымі, і мясцовыя ўлады ў праграмах развіцця рэгіёны мелі гэты пункт. Тады ідэя адукацыі цягам жыцця будзе пашырацца.

Як ваша арганізацыя ўдзельнічае ў гэтым працэсе?

Мы як прадстаўніцтва Нямецкай асацыяцыі народных універсітэтаў падтрымліваем канцэпцыю адукацыю на працягу ўсяго жыцця і спрыяем ўдзелу дарослых у фармальных і нефармальных адукацыйных праграмах. Яна з’яўляецца для нашай дзейнасці базавай. Спрыяць мы можам наступным чынам. Найперш, спрабуем умацоўваць прафесіяналізм нашых беларускіх партнёраў. Як прадстаўніцтва замежнай арганізацыі, мы не ў стане (ды і не маем такіх намераў) прапаноўваць курсы для асобаў: ці то моўныя, ці то кампутарныя, ці то гістарычныя.

Тое, што мы можам зрабіць, — гэта падтрымаць захопленых людзей. Альбо самі арганізуем імпрэзы, летнія школы, семінары, альбо дапамагаем прыняць удзел у міжнародных мерапрыемствах. Апошнія гады мы шчыльна працуем з тэмай, як зрабіць дасягальнай адукацыю ў месцах пазбаўлення волі. Так атрымоўваецца, што нават эксперты, якія наўпрост стасуюцца з ёй, не маюць дастаткова кантактаў па-за межамі Беларусі. Летась мы падтрымалі іх удзел у міжнароднай канферэнцыі еўрапейскай асацыяцыі турэмнай адукацыі ў Антверпене. Дзякуючы наладжаным кантактам восенню будзем прымаць у Гомелі другую міжнародную канферэнцыю. Прадстаўніцтва асацыяцыі паабяцала, што прыедзе да нас. Такім чынам падтрымліваем беларускай спецыялістаў у міжнароднай прасторы. Часам дапамагаем друкаваць метадычныя матэрыялы, навуковыя распрацоўкі, каб яны з тэорыі выходзілі ў рэальнае жыццё. Альбо можам падтрымаць інавацыйны праект, калі ён варты, мае навізну для краіны.

А вашыя партнёры — гэта хто?

Гэта арганізацыі, якія паходзяць з вельмі розных сектароў. Традыцыйна — установы адукацыі, якія займаюцца дадатковай адукацыяй, павышэннем кваліфікацыі і перападрыхтоўкай. Да прыкладу, амаль усе абласныя інстытуты развіцця адукацыі, акадэмія паслядыпломнай адукацыі, рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, вышэйшай адукацыі. Часам працуем са школамі, дзе ёсць складнік дадатковай адукацыі. Гэта традыцыйнае разуменне.

13414481_1089952667717905_995709924_n.png

Аднак адукацыя дарослых значна шырэй, чым проста павышэнне кваліфікацыі. З гэтай прычыны спектр нашых партнёраў пастаянна пашыраецца. Па-першае, гэта некамерцыйныя арганізацыі. Даўнім партнёрам з’яўляецца Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы, з якой мы ладзім Фестываль нефармальнай адукацыі напачатку ліпеня. Першы быў ажно 10 гадоў таму. Па-другое, мясцовыя органы ўлады. Мы супрацоўнічаем з шэрагам рэгіёнаў. Шмат хто з іх зрабіў значныя зрухі наперад. Тут магу ўзгадаць Кобрынскі, Шумілінскі, Гомельскі раёны. Для нас гэта вельмі важна, бо на мясцовым ўзроўні існуе дэфіцыт прапаноў. На жаль, спецыялізаваных установаў для дарослых няма. Але я магу прывесці прыклады, якія зрабілі нашы партнёры. У значнай ступені самі. У Шумілінскім раёне ў межах Цэнтру дадатковай адукацыі для дзяцей і моладзі стварылі падраздзяленне «Цэнтр 55+», дзе ладзяць праграмы для асоб больш сталага веку альбо міжпакаленчыя масты, якія звязваюць моладзь і старэйшае пакаленне. Гэта падцверджанне таго, як можна адчыніць дзверы розным генерацыям. У Кобрыне на базе цэнтру сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва стварылі праграму для сацыяльна неабароненых жыхароў рэгіёну «Твой шанец». Мэтавая група — людзі сталага ўзросту, з інваліднасцю. Гэта, канешне, іншая сістэма, але там разумеюць, што без адукацыі рэабілітацыі не атрымаецца.

Ёсць сярод партнёраў дзяржаўныя ўстановы з сацыяльнай, культурнай сферы. Прыклад — супраца з цэнтралізаванай сістэмай бібліятэк горада Мінска. Мы пачыналі працаваць у 2010 годзе. Было некалькі супольных праектаў, якія мы падтрымалі. Яны былі скіраваны на актывізацыю людзей сталага ўзросту. Гэтыя праграмы на сённяшні момант выйшлі на самаіснаванне.

Значную працу робяць прадстаўнікі “залатога пакалення”, выступаючы кіраўнікамі гурткоў. Калі пачыналася справа сіламі супрацоўнікаў, то цяпер яна працягваецца выпускнікі праграмы. Рух жыве на базе бібліятэк, без знешняга фінансавання. Проста таму, што ён важны для саміх людзей, якія да яго далучыліся звонку.

Ёсць два бакі: чалавек, яго ўнутранае жаданне і людзі, адказныя за тое, каб стварыць сацыяльныя ўмовы, што паспрыяюць гэтаму жаданню. Але як абудзіць гэтае жаданне? На якія кнопкі ціснуць?

Як падказвае досвед рэалізаваных праектаў, лепш за ўсё працуе сарафаннае радыё. Але яшчэ ёсць адна тонкая рэч. На сённяшні момант Беларусь знаходзіцца ў сітуацыі змены пакаленняў. Не толькі дэмаграфічных: мы старэем як грамадства. Таксама змяняемся якасна. Раней на пенсію сыходзілі людзі, якія атрымалі ніжэйшы ўзровень адукацыі, бо мелі больш цяжкае жыццё і менш часу на самаразвіццё. У іх свядомасці не было ўстаноўкі, што трэба жыць для сябе. Зараз мы назіраем іншае. На пенсію пачынаюць сыходзіць людзі, якія звыклі да больш разнастайнага жыцця. Яна таксама жадаюць атрымоўваць асалоду, быць карыснымі грамадству і дзецям. Таму знешні фактар з’яўляецца важнай перадумовай, якую пасля лёгка можна выкарыстоўваць.

З вашага пункту гледжання, якія магчымасці адчыняе нефармальная адукацыя для дарослых людзей?

Дадатковая адукацыя вельмі важная, калі адбываюцца змены ў вашым жыцці. Ведаеце, як мы жывем: ад дня да дня. У штодзённасці не заўжды заўважаем важныя асобасныя працэсы. Калі ж раптам нам трэба прыняць важнае рашэнне, ці нешта вымусіла нас змяніць працу, месца жыхарства, у гэтым выпадку дадатковая адукацыя з’яўляецца рэсурсам для таго, каб падрыхтаваць сябе да зменаў. Сам па сабе ўдзел дае магчымасць прыпыніцца на хвілінку і падумаць. Гэта нагода парэфлексаваць над сваім жыццём.

Дадатковая адукацыя не можа разглядацца толькі як карысць для асобы. Гэта і карысць для супольнасці. Тут палягае каштоўнасць, бо нам як грамадству патрэбна, каб людзі не заставаліся на ўзроўні, на якім яны былі 20 гадоў таму, каб яны абнаўлялі свае веды больш-менш рэгулярна.

Гэтыя веды мусяць тычыцца шырокага кола пытанняў. Шмат хто скажа: дзеля гэтага існуюць медыі. Але пасіўнага ўспрыняцця інфармацыі заўжды недастаткова. Каб выкарыстоўваць яе, патрэбна сфармаваць матывацыю. А яна з’яўляецца толькі ў інтэракцыі з іншымі людзьм. Толькі тады пачынаеш думаць, правільна ты робіш ці не.

Часам мы ставім занадта высокую планку для дадатковай адукацыі дарослых. Часта ўспрымаем такую адукацыю як акадэмічную. Але ўсё ж такі праграмы для дарослых павінны быць вельмі прагматычнымі. І часам нават элементарнымі. Не трэба гэтага баяцца. Калі гэта дапавядае запытам і інтарэсам, што не так? Даросламу хутчэй неабходна ведаць, як выгадаваць гародніну і садавіну без хімікатаў, а не занырвацца ў грамадзянскі кодэкс.

Народныя ўніверсітэты маглі б стаць адказам на гэтыя запыты? 

Так, народныя ўніверістэты ў пэўнай ступені абапіраюцца на патрэбы тых людзей, якія жывуць у пэўнай мясцовасці. Жаданне аўдыторыі з’яўляецца вызначальным фактарам, толькі потым інтарэсы арганізацый. Калі асобе трэба навучыцца вязаць ці карыстацца скайпам, то гэта стане асновай для курсу. У Швецыі, напрыклад, набывае вялікую папулярнасць аднаўленне ткацтва. Яно шалёна папулярнае.

І ў нас такая цікавасць ёсць, але няма інстытуцый, якія маглі б такія курсы прапанаваць. На жаль, мы не можам перадаць гэта цалкам у рукі вольнаму рынку. Такая галіна як адукацыя ніколі не была дастаткова прыбытковай. Тут паўстае пытанне сацыяльнай справядлівасці. З-за таго што мы не маем у сістэме ўстановаў, якія б адказалі на патрэбы розных людзей, асабліва ў рэгіёнах, гэтыя людзі аўтаматычна выключаюцца. Нават тыя, хто мае грошы. Бо дзеля адной-дзвюх сямей, якія маюць і жаданне, і фінансы павучыцца новаму, камерцыйная арганізацыя не будзе працаваць.

Прыклад нямецкіх народных універсітэтаў дэманструе адну з мадэляў, якой мы маглі скарыстацца, каб дасягнуць пэўнай ступені сацыяльнай справядлівасці. Фінансаванне дзейнасці народных універсітэтаў адбываецца з розных крыніц. Універсітэт засяроджваецца найперш на мясцовым узроўні, у Нямеччыне гэта называецца камунай, у нас — раёнам. Камуна выдае датацыі на адміністрацыйныя выдаткі. Удзельнікі плоцяць таксама. Канешне, шмат чаго залежыць ад зямлі Нямеччыны. Часта на “зямельным” узроўні дзяржава можа выдаць датацыі на педагагічны персанал, заробкі. Калі ўдзельнік прыходзіць на курсы і робіць грашовы ўнёсак, ён аплочвае ці то 50 адсоткаў, ці то 70. Усё роўна значна менш у параўнанні з камерцыйнай установай.

Магу прывесці прыклад з курсамі замежнай мовы. Розніца можа дасягаць да двух разоў. Так, групы будуць большыя, але ў вас ужо ёсць права выбара і магчымасць спрычыніцца да вывучэння, бо першы бар’ер — фінансавы — пераадолены. Прынцып сацыяльнай справядлівасці працуе. Адна з умоваў народнага універсітэта — даступнасць. Не для прадстаўнікоў пэўнай прафесіі, а для ўсіх, незалежна ад узроўню даходаў, папярэдняй адукацыі і г.д.

Мне падаецца, мы таксама павінны думаць, як мы можам зрабіць нашу сістэму больш дасягальнай і сацыяльна справядлівай, як эфектыўна выкарыстоўваць нашы рэсурсы.Насамрэч, мы не такія бедныя, калі зазірнем у сябе. У маленькіх гарадках, аграгарадках ёсць неблагая інфраструктура. Тыя ж дамы культуры, цэнтры пазашкольнай адукацыі. Чаму яны працуюць толькі на моладзь і дзяцей? Чаму б на вёсцы не выкарыстаць школы для таго, каб дарослыя людзі маглі навучыцца ўвечары чаму-небудзь карыснаму?

Але трэба зазначыць, што ўсё ж некаторыя вымушаны гэта рабіць. Ёсць шэраг сельскіх школаў, якія актыўна працуюць з дарослымі, прапануюць курсы. У Браслаўскім раёне ёсць гімназія, якая ладзіць моўныя курсы для гаспадароў аграсядзібаў, прапануе крэатыўныя праграмы па розных тэхніках. Актыўна ў гэты бок разварочваюцца каледжы і прафесійныя ліцэі: жыццё вымушае, бо моладзі не хапае. І так слушна рабіць, бо гэта рэсурс, які мы не павінны страціць.

Ідэя народных універсітэтаў для Беларусі пакуль утапічная?

Калі ў 1997 годзе я ўпершыню пабывала ў Даніі, на радзіме аўтара ідэі народных універсітэтаў Мікалая Грундвіка, то падумала тады, што не ўтапічная. Мінула амаль 20 гадоў — і працэс ніяк не пасунуўся. Але мы маем вельмі шмат. Так, як у скандынаўскіх краінах, у нас, напэўна, не атрымаецца, але нямецкі досвед пераняць можам. Што менавіта? Першае — дадатковая адукацыя мусіць быць максімальна блізкай да людзей. На ўзроўні раёнаў мы павінны прадугледзець абавязак клапаціцца пра тое, каб быў цэнтр, установа, што будзе займацца гэтай тэмай і групай насельніцтва. Другое — наблізіць праграмы, то бок змест адукацыі да штодзённага жыцця дарослых людзей. Гэта павінна быць праграматычна, цікава і разнастайна. Трэцяе — шырокае разуменне навучання дарослых як адукацыі для прафесійных, так і непрафесійных (на карысць асобы і грамадства) мэтаў. Цэнтры ў сваёй канцэпцыі працы мусяць уключаць розныя накірункі: фармальныя і нефармальныя, з пасведчаннем альбо без дыпломаў. Апошні пункт — трансфармацыя ўсіх працэсаў навучання адпаведна сучаснаму ладу жыцця. Што маю на ўвазе? Новыя формы і фарматы. Нягледзячы на тое, што я заўсёды на баку асабістых сустрэч адзін з адным, не выкарыстоўваць тэхналогіі амаль што злачынства. Колькасць праграм, даступным праз інтэрнэт, будзе пашырацца.

Напрыклад, гэта можа быць рэальная сустрэча адзін раз на тыдзень, і яшчэ тры разы навучэнец буду атрымоўваць інфармацыю ад выкладчыка праз дыстанцыйную сістэму. Такія нетрадыцыйныя формы — гэта наш шанец, як краіны цалкам, так і тых, хто ў пэўнай ступені выключаны з працэсу. Калі мы створым рамкавыя ўмовы, прыстасаваныя да патрэбаў людзей і адукацыі, то мы пераадолеем разрыў паміж вёскай і горадам. Такім чынам можна зматываваць людзей жыць у сельскай мясцовасці. Гэта наш шанец дагнаць свет, які ідзе ў гэтым кірунку вельмі дужымі крокамі. Ці гэта будуць народныя ўніверсітэты па Грундвіку, якія часткова выкарыстоўваюць мадэль лятучага ўніверістэту, ці дыстанцыйныя курсы — не важна. Важна тое, што ў нашай краіны шмат чаго ёсць. Толькі б скарыстацца гэтым “шмат” правільна і своечасова.

Источник информации: http://adukacyja.info

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары