Зараз вы тут: Навiны » Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адобрылі праект Кодэкса аб адукацыі

Дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна…

Члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу адобрылі праект Кодэкса аб адукацыі. Гэта першы не толькі на постсавецкай прасторы, але і ў свеце кадыфікаваны прававы акт такога ўзроўню. Ён базуецца на дзейным заканадаўстве аб адукацыі, уключае асноўныя палажэнні актаў ААН, ЮНЕСКА, а таксама ўлічвае практычны досвед функцыянавання сістэмы адукацыі ў нашай краіне.

Згодна з Кодэксам, сапраўдным грамадзянінам можа быць толькі той, хто ведае не толькі свае правы, але і свае абавязкі, і нясе адказнасць за свае ўчынкі. Таму цэлы раздзел Кодэкса прысвечаны дысцыплінарнай адказнасці навучэнцаў, якая наступае з 14 гадоў. У Кодэксе вызначана такое паняцце, як “дысцыплінарны праступак навучэнца”. Падставай да прыцягнення да дысцыплінарнай адказнасці могуць быць спазненні і пропускі заняткаў, парушэнні дысцыпліны падчас адукацыйнага працэсу, знявагі, псаванне маёмасці і г.д. Пакараць за гэта могуць заўвагай, вымовай і адлічэннем. Навучэнца можна будзе выключыць ці адлічыць толькі з 16 гадоў, калі ў таго будзе непаспяховасць па трох і больш вучэбных прадметах, за неліквідаваную акадэмічную запазычанасць, за адсутнасць на занятках больш як 30 дзён у годзе, а на курсах падрыхтоўкі, перападрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі — больш як тры дні без уважлівай прычыны, за сістэматычнае невыкананне абавязкаў навучэнцаў, калі да яго ўжо прымяняліся меры дысцыплінарнага ўздзеяння. А вось аднавіцца можна будзе толькі на працягу 3 гадоў пасля адлічэння (у магістратуру — на працягу двух) і не раней, чым праз 10 месяцаў пасля адлічэння. Аднаўленне не дапускаецца на першы курс, калі чалавек не прайшоў атэстацыю за першы семестр, а таксама ў магістратуру і аспірантуру, калі не выкананы індывідуальны план за год.

Усяго Кодэксам прадугледжваецца функцыянаванне 25 відаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі. Сярод новых відаў навучальных устаноў — кадэцкія вучылішчы, сярэднія школы-вучылішчы алімпійскага рэзерву і гімназіі-інтэрнаты. Дрэнная адзнака ў школе будзе толькі адна — 0. На павышаным узроўні прадметы будуць вывучацца толькі ў гімназіях, гімназіях-інтэрнатах, ліцэях, спецыялізаваных ліцэях і ў сувораўскім вучылішчы. У астатніх агульнаадукацыйных установах павышаны ўзровень навучання будзе забяспечвацца з дапамогай факультатываў. Максімальная напаўняльнасць класаў у звычайных школах і кадэцкіх вучылішчах — да 25 чалавек, ва ўсіх астатніх — да 20 вучняў. Навучальны год будзе пачынацца 1 верасня і завяршацца 31 мая. Працягласць летніх канікул у школьнікаў будзе 12 тыдняў, плюс канікулаў на працягу навучальнага года ў агульнай суме не менш як 30 каляндарных дзён.

Надзея НІКАЛАЕВА.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар


8 + = 16

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары