Часопіс «Адукатар»

Часопіс «Адукатар» выдаецца партнёрскай сеткай некамерцыйных арганізацый Беларусі, што займаюцца грамадзянскай адукацыяй. Выданне арыентуецца на адукатараў – практыкаў, якія праводзяць адукацыйныя, навучальныя і асветніцкія праграмы ў межах нефармальнай адукацыі. Але нам падаецца, што часопіс цікавы і карысны для ўсіх педагогаў, якія будуюць сваю адукацыйную дзейнасць на прынцыпах дэмакратыі, плюралізму і спрабуюць у адукацыйным працэсе не столькі «даваць веды», колькі развіваць у навучэнцаў здольнасці самостойнага мыслення і сацыяльныя кампетэнтнасці.

З кожным годам становіцца ўсё больш відавочна, што адукацыя ў сучасным разуменні не мае ўзроставых абмежаванняў. Сёння, калі свет вакол нас увесь час бесперапынна змяняецца, мы вымушаны рэгулярна нечаму навучацца: замежным мовам і ваджэнню аўтамабіля, уменням крытычнага мыслення і эфектыўнай камунікацыі, навыкам працы на камп’ютары і валоданню рознай тэхнікай. Спіс гэты, прынамсі, можна працягваць вельмі доўга. Патрэбнасці навучання палягаюць як у сферы прафесійнай дзейнасці, так і ў штодзённым жыцці. Гэтыя патрэбы вельмі актыўна спрабуе задавальняць нефармальная адукацыя, якую прадстаўляюць розныя камерцыйныя і некамерцыйныя ўстановы, арганізацыі, асацыяцыі і г.д.

У Беларусі нефарамальная адукацыя робіць фактычна толькі першыя крокі. Шмат якія падыходы з’яўляюцца не дастаткова вызначанымі і сфармаванымі (змест, формы, прававыя ўмовы, магчымыя перспектывы развіцця ва ўзаемадзеянні з фармальнай сістэмай адукацыі). Таму часопіс «Адукатар» з самага пачатку свайго існавання бачыўся як своеасаблівая пляцоўка для абагульнення і асэнсавання багатага практычнага досведу, прэзентацыі новых ідэй, а таксама месца для камунікацыі і прынцыповых узгадненняў розных пунктаў гледжання ў нефармальнай адукацыі. На старонках часопіса друкуюцца артыкулы практычнага і тэарэтычнага характару, якія маюць дачыненне да сферы нефармальнай адукацыі – міжкультурнай, гендэрнай, экалагічнай, бізнес-адукацыі і г.д. Гэта матэрыялы аб праектах і праграмах, што рэалізуюцца некамерцыйнымі арганізацыямі, аналіз пэўных накірункаў дзейнасці, канкрэтныя рэкамендацыі па выкарыстанні метадаў навучання, рэцэнзіі на літаратуру і інтэрнет-сайты па адукацыйнай тэматыцы.
Цікавасць і карыснасць «Адукатара» залежыць не толькі ад намаганняў рэдакцыйнай групы, але і ад актыўнасці чытачоў – патэнцыяльных аўтараў часопіса.

Прапануем Вам з дапамогай «Адукатара» друкаваць свае матэрыялы, апісваць досвед, распавядаць цікавыя выпадкі са сваёй адукацыйнай практыкі, рабіць анонс семінараў, канферэнцый і іншых адукацыйных мерапрыемстваў. Мы спадзяемся, што праз наш часопіс Вы будзеце мець магчымасць знайсці не толькі цікавых, прафесійных суразмоўцаў, але і новых партнёраў.

Распаўсюджванне часопіса «Адукатар» вядзецца праз грамадскія арганізацыі і бібліятэкі. Пры жаданні атрымліваць часопіс у індывідуальным парадку, неабходна звярнуцца ў рэдакцыю.

Фармат матэрыялаў, якія прапануюцца да публікацыі:

  • Матэрыялы прымаюцца на беларускай і рускай мовах.
  • Аб’ём артыкулаў не павінен перавышаць 3000 слоў.
  • Матэрыялы прымаюцца ў выглядзе дадаткаў да электроннага ліста, пажадана ў фармаце .rtf, па адрасе: adukatar_aga@tut.by
  • На тытульным лісце трэба ўказаць поўнае імя (імёны) і кароткую інфармацыю пра аўтара (аўтараў), фатаграфію аўтара (аўтараў), а таксама яго (іх) паштовы і электронны адрасы.
  • Спасылкі на артыкулы і кнігі, што цытуюцца ў тэксце, даюцца цалкам. У спасылку на часопісны артыкул уключаюцца наступныя звесткі: аўтар, назва артыкула, назва часопіса, нумар тома/часопіса, дата публікацыі і нумары старонак, з якіх бяруцца цытаты. У спасылку на кнігу – аўтар, назва, месца выдання, выдавецтва, год выдання і нумары старонак, з якіх бяруцца цытаты. Спіс літаратуры змяшчаецца ў канцы артыкула.
  • Пажадана, каб матэрыялы суправаджаліся фатаграфіямі альбо іншымі візуальнымі сродкамі (лагатыпы, сімвалы і г.д.).

З пажаданнямі плённага супрацоўніцтва,

Галоўны рэдактар часопіса «Адукатар»
Дзмітрый Карпіевіч

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники
© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары