Зараз вы тут: Адукатар » Часопіс «Адукатар» №17 (2010)

Cтаронка рэдактара

Паважаныя сябры!

З другой паловы ХХ стагоддзя вядзецца пошук шляхоў абнаўлення сістэм адукацыі, якія забяспечваюць пераход ад прынцыпу “адукацыя на ўсё жыццё” да прынцыпу “адукацыя на працягу ўсяго жыцця”. Мэтай адукацыйнай палітыкі становіцца стварэнне ўмоў, якія дазваляюць вучыцца бесперапынна, атрымліваць сучасныя агульныя і прафесійныя веды і рэалізоўваць індывідуальную адукацыйную стратэгію. Іншымі словамі — адэкватна рэагаваць на актуальныя выклікі і запатрабаванні, што ўвесь час узнікаюць перад дзяржавай, грамадствам і канкрэтным чалавекам (глабалізацыя, паскарэнне інавацыйных працэсаў, старэнне грамадства і г.д.).

Гэты вектар развіцця адукацыі дарослых быў пацверджаны на Шостай міжнароднай канферэнцыі па адукацыі дарослых (CONFINTEA VI), якая адбылася ў снежні 2009 года ў Белеме (Бразілія). Увогуле, канферэнцыі па адукацыі дарослых праводзяцца ЮНЭСКА кожныя 12–13 гадоў і з’яўляюцца важным крокам на шляху станаўлення дадзенай сферы. На іх абмяркоўваюцца праблемы і аналізуюцца дасягненні, а таксама прапаноўваюцца і ўзгадняюцца падыходы, накірункі і тэндэнцыі развіцця навучання і адукацыі дарослых.

Вынікі CONFINTEA VI пакуль не сталі прадметам аналізу, абмеркавання і дыскусіі сярод зацікаўленых бакоў у нашай краіне. І вельмі шкада, бо менавіта ў гэты раз, як ніколі дагэтуль, канферэнцыя стала сапраўды пляцоўкай прагматычнай дыскусіі, часам вельмі эмацыйнай. Гэта абумоўлена тым, што, з аднаго боку, роля адукацыі дарослых у эканамічным, сацыяльным і чалавечым развіцці становіцца ўсё больш яўнай. (Напрыклад, прыводзіўся такі факт, што з кожным годам павышэнне сярэдняга ўзроўню адукацыі дарослых вядзе да павелічэння эканамічнага росту на 3,7%, а прыбыткаў на душу насельніцтва на 6%). З іншага боку, не раз пад час падрыхтоўкі і правядзення канферэнцыі адзначалася, што патэнцыял адукацыі дарослых выкарыстоўваецца не поўнасцю і часам не эфектыўна (галіна навучання і адукацыі дарослых па-ранейшаму характарызуецца фрагментарнасцю дзейнасці, не з’яўляецца цэласнай, слаба выкарыстоўваюцца магчымасці нефармальнай адукацыі, адсутнічаюць механізмы падтрымкі з боку дзяржавы і г.д.).

З мэтай ліквідацыі пэўнага інфармацыйнага прабелу, на старонаках гэтага нумара мы друкуем матэрыялы, звязаныя з Канферэнцыяй у Белеме, у тым ліку і выніковую рэзалюцыю з аналізам сферы адукацыі дарослых у перыяд паміж V i VI CONFINTEA. У часопісе таксама змешчаны шэраг іншых артыкулаў, у якіх разглядаюцца тэндэнцыі і прыклады развіцця адукацыі моладзі і дарослых у Еўропе ў цэлым, а таксама ў асобных краінах. Спадзяемся, што гэтыя матэрыялы будуць карыснымі для параўнання і выкарыстання ўсімі зацікаўленымі ў развіцці сферы адукацыі дарослых у нашай краіне. Тым больш, што фактычна паралельна з канферэнцыяй ў Белеме Палатай прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ў першым чытанні быў прыняты праект кодэкса Аб адукацыі Рэспублікі Беларусь. Гэты дакумент закліканы зафіксаваць ключавыя “правілы гульні”, а таксама механізмы існавання і развіцця адукацыі ў нашай краіне ў цэлым, а таксама ў асобных сферах. І вельмі важна параўнаць, наколькі прапанаваныя падыходы суадносяцца і адпавядаюць сусветным тэндэнцыям.

Праект кодэкса Аб адукацыі Рэспублікі Беларусь падзяляе адукацыю на асноўную, дадатковую і спецыяльную. Паводле праекта, дадатковая адукацыя дарослых накіравана на прафесійнае развіццё і самаўдасканаленне асобы. Але пры гэтым, у асобным раздзеле “Дадатковая адукацыя дарослых”, галоўным чынам, разглядаецца прафесійная адукацыя праз павышэнне кваліфікацыі, перападрыхтоўку кадраў і г.д. Фармальна прадугледжана таксама “адукацыйная праграма, накіраваная на задавальненне пазнавальных запатрабаванняў асобы ў вызначанай сферы прафесійнай дзейнасці ці галіне ведаў”. Аднак, формы адукацыі, накіраваныя на развіццё асобы без пэўнай прывязкі да прафесійнай дзейнасці, у тэксце дадзенага раздзела далей не прапісваюцца. Але менавіта гэта сфера асабліва актуальная для развіцця сучаснага грамадства і менавіта на ёй акцэнтуецца ўвага ў міжнародных дакументах, у тым ліку ў матэрыялах CONFINTEA VI.

Яшчэ адной важнай праблемай праекта кодэкса ў дачыненні да адукацыі дарослых з’яўляецца пытанне суб’ектнасці. Фактычна гэта права прызнаецца толькі за установамі адукацыі і установамі дадатковай адукацыі дарослых. Грамадскія аб’яднанні і шэраг іншых некамерцыйных арганізацый (фонды, асацыяцыі, установы), камерцыйныя структуры ў праекце кодэкса не вылучаны як суб’екты сістэмы дадатковай адукацыі дарослых. І гэта таксама супярэчыць сусветным тэндэнцыям развіцця адукацыі на працягу ўсяго жыцця, дзе важным падыходам да развіцця сістэм адукацыі з’яўляецца рэалізацыя прынцыпу разнастайнасці канцэпцый, заснавальнікаў і формаў адукацыйнай дзейнасці. Гэта разнастайнасць дазваляе забяспечыць улік запатрабаванняў у навучанні, адукацыі і асвеце розных сацыяльных груп на ўсіх узроўнях адукацыі.

У праекце ўсяго кодэкса не хапае канцэптуальнага выкладу мэтаў і задач адукацыйнай сферы ў сучасных умовах развіцця грамадства. Менавіта таго, на што ўвесь час звяртаецца ўвага ў міжнародных дакументах, накіраваных на рэалізацыю канцэпцыі “адукацыі на працягу ўсяго жыцця”. У тым ліку і ва ўзгаданых вышэй матэрыялах Шостай міжнароднай канферэнцыі па адукацыі дарослых.

Такім чынам, праект кодэкса патрабуе значнай дапрацоўкі адносна пэўных агульных прынцыпаў і падыходаў, а таксама сферы адукацыі дарослых. Такая ж сітуацыя, як можна меркаваць з аналізу выказванняў розных экспертаў, склалася і адносна іншых накірункаў адукацыі (перш за ўсё вышэйшай і сярэдняй). І таму вельмі здзіўляе той факт, што такі важны дакумент як кодэкс Аб адукацыі, які закранае амаль усіх і павінен значна ўплываць на развіццё краіны, не быў шырока абмеркаваны. Прынамсі, да прыняцця ў першым чытанні. Рэальныя дыскусіі і абмеркаванні, і то фрагментарна, пачаліся толькі зараз, калі дакумент знаходзіцца ў працэсе прыняцця і паўплываць на значныя змены ў ім амаль немагчыма. А гэта парушае адзін з галоўных прынцыпаў сучаснага развіцця грамадства і адукацыі — прынцып сацыяльнага партнёрства.

Дзмітрый Карпіевіч

ЗМЕСТ

Спасылкі вядуць да файлаў PDF з артыкуламі

ПАДЗЕЯ

CONFINTEA VI. Использование потенциала образования взрослых в интересах благополучного будущего (резолюция конференции)

Заключительная реакция со стороны гражданского общества (резолюция форума гражданского общества)

РАЗМОВА ПРА ВАЖНАЕ

Владимир Дунаев.

Болонский процесс: история и перспективы

ПОГЛЯД

Александр Полонников

Брюссельские встречи

ТЭМАТЫЧНАЯ ПЛЯЦОЎКА

Николай Мицкевич

Эдукология: инвариантные характеристики

ТРЭНЕРСКАЯ СКРЫНКА

метод “Facebook”

метод “Сад”

метод “Руслана”

метод “Групповое письмо”

метод “Креативные станции”

ДОСВЕД

Марина Бойко, Алена Луговцова

Образовательная программа “Вдох-и-выдох”, или Как мы учились “дышать”

Екатерина Вербилова, Мария Юшкевич

Выдохнуть, чтобы снова вдохнуть, или Заметки из Швеции

ЗАМЕЖНЫ ДОСВЕД

Ингрида Микишко

О некоторых аспектах непрерывного образования в течение всей жизни: опыт Латвии

Сергей Лабода

Образование для всех: пример народного университета в Германии

Алена Луговцова

НГО в Великобритании: от общего к частному

SUMMARY IN ENGLISH

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар


+ 6 = 10

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары