Зараз вы тут: Адукатар » Часопіс «Адукатар» №13 (2008)

Слова рэдактара

Уапошнія дзесяцігоддзі ў свеце адбываюцца значныя змены ў сферы адукацыі. Перш за ўсё гэта абумоўлена тымі праблемамі, што паўсталі перад асобнымі краінамі і сусветнай супольнасцю ў цэлым. Глабалізацыя, міграцыя, кліматычныя змены, старэнне насельніцтва — вось пералік толькі некаторых з іх. Таму зразумела, што для адукацыйнай дзейнасці, якая з’яўляецца адным з
інструментаў пераадолення ўзнікшых цяжкасцей, на сучасным этапе ўласцівы пэўныя новыя падыходы і тэндэнцыі. Зараз прапаную разгледзіць не ўвесь спектр адукацыі, а толькі сітуацыю з навучаннем, скіраваным на развіццё прафесійных кампетэнтнасцей (павышэнне прафесійнай кваліфікацыі).

Пачнем з сусветных тэндэнцый, якія можна прааналізаваць на прыкладзе Еўрапейскага Саюза. Па-першае, геаграфічна і ментальна гэта для нас бліжэй. Па-другое, менавіта ЕС на сённяшні дзень з’яўляецца адным з лідэраў у гэтым працэсе.

Адразу адзначым, што краіны-члены ЕС нясуць поўную адказнасць за змест і арганізацыю сваіх адукацыйных сістэм. Разам з тым яны робяць шмат намаганняў на выпрацоўку сумесных падыходаў да адукацыйнай дзейнасці па вырашэнні існуючых праблем.

Найбольш істотныя змены адбываюцца менавіта ў прафесійным навучанні, павышэнні кваліфікацыі і ролі, якую пачынае адыгрываць у гэтым працэсе нефармальная адукацыя. Аналізуючы асноўныя дакументы і тыя практычныя крокі, якія ўжо робяцца, можна вылучыць некалькі важных тэндэнцый, характэрных для ЕС:

  • Патрэбы навучання ў прафесійнай сферы ў апошні час значна ўзраслі, да таго ж рэгулярна адбываецца іх карэляцыя. Гэты працэс будзе толькі паскарацца і вельмі цяжка на сённяшні дзень прагназаваць яго вынікі. Як зазначыў на семінары пра тэндэнцыі адукацыйнай палітыкі ў Еўропе эксперт Еўрапейскага фонда адукацыі Пасі Салберг: “Большасць тых дзяцей, што сёння ідуць у школу, будуць працаваць на працоўных месцах, якія яшчэ не створаны”. Напрыклад, калі яшчэ некалькі дзесяцігоддзяў таму попыт быў на традыцыйныя прафесіі і кампетэнтнасці (урачы, вадзіцелі, настаўнікі), то зараз прэвалююць прафесіі, якія асноўваюцца на камунікатыўных навыках і ўменнях.
  • Галоўнымі мэтамі адукацыі на працягу ўсяго жыцця вызначаюцца: актыўная грамадзянская пазіцыя і канкурэнтаздольнасць на рынку працы. Дасягненне іх бачыцца магчымым шляхам авалодання пэўнымі ўменнямі і навыкамі, а таксама атрыманнем доступу да сучасных ведаў. Важным становіцца не сам факт удзелу ў працэсе навучання, а вынікі навучання — канстатацыя таго, што, як чакаецца, навучэнец ведае, разумее і/ці здольны прадэманстраваць пасля завяршэння працэсу навучання. І сёння стаіць задача зрабіць так, каб не было розніцы дзе гэтыя вынікі атрыманы: у фармальнай ці нефармальнай адукацыі, альбо пад час самаадукацыі (інфармальнай адукацыі).
  • Адным з важных індыкатараў сумеснай адукацыйнай палітыкі краін!членаў ЕС з’яўляецца стварэнне ўмоў для магчымасці ўдзелу дарослых (25–64 гадоў) у навучанні на працягу ўсяго жыцця. Па дадзеных на 2005 г. 10,2% дарослых у краінах ЕС удзельнічала ў адукацыйных праграмах (улічваліся любыя арганізаваныя навучанні рознага зместу, што ладзіліся ў рамках як фармальнай адукацыі, так і нефармальнай). На мэце стаіць задача, каб гэта лічба ў 2010 годзе складала 12,5%.

Безумоўна, вышэй вызначаны далёка не ўсе тэндэнцыі, характэрныя для сучаснай адукацыйнай палітыкі. Але, як падаецца, ужо гэтага дастаткова, каб зразумець вектар асноўных змен. Тут трэба яшчэ дадаць, што на рэалізацыю гэтых новых падыходаў асобнымі краінамі і ЕС выдаткоўваюцца значныя сродкі і рэсурсы.

У Беларусі сістэма павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі амаль цалкам пакуль захавалася ў тым выглядзе, у якім яна існавала пры Савецкім Саюзе. Безумоўна, узнікаюць новыя структуры і новыя спецыяльнасці, удасканальваюцца навучальныя праграмы і г.д. Але прынцыповыя падыходы змяняюцца вельмі марудна. У нашай краіне па-ранейшаму асноўным гульцом на гэтым полі застаюцца дзяржаўныя ўстановы. Але поруч з імі дастаткова імкліва развіваецца адукацыйная дзейнаць камерцыйных структур і некамерцыйных арганізацый, якія з большага працуюць на ніве нефармальнай адукацыі.

Безумоўна, нефармальная адукацыя значна саступае па колькасных паказчыках дзяржаўнай сістэме павышэння кваліфікацыі. Але можна ўжо сёння казаць пра пэўныя асаблівасці, што яе вылучаюць і адлюстроўваюць сусветныя тэндэнцыі.

Па-першае, ёсць пэўныя сферы і накірункі, развіццю якіх спрыяла, перш за ўсё, нефармальная адукацыя. Яскравым прыкладам можа быць сельскі турызм. Яшчэ некалькі гадоў таму пра гэты від дзейнасці ў нашай краіне ведала невялікая група людзей, а займалася ім некалькі энтузіястаў. А сёння сельскі турызм рэгламентуецца заканадаўствам і ў ім заняты сотні сельскіх жыхароў, якія набылі для гэтага веды, навыкі, уменні і разуменне дзякуючы ўдзелу ў шматлікіх семінарах, круглых сталах, стажыроўках, арганізаваных і праведзеных некамерцыйнымі арганізацыямі.

Па-другое, менавіта ў сферы нефармальнай адукацыі вельмі актыўна выкарыстоўваюцца інавацыйныя для нашай адукацыйнай практыкі падыходы, метады і формы навучання. Гэта і шматлікія метады актыўнага навучання (інтэрактыўныя, ролевыя і дзелавыя гульні, case-study, сімуляцыі і інш.), і адукацыйныя тэхналогіі (“open spaсe”, “Майстэрня будучыні”, “Роўны навучае роўнага” і інш). З формаў навучання можна ўзгадаць інтэрактыўныя семінары і навучальныя гурткі. Потым назапашаны досвед актыўна выкарыстоўваецца і прадстаўнікамі фармальнай сістэмы адукацыі.

Па-трэцяе, можна сцвярджаць, што навучанню ў нефармальнай адукацыі ўласцівы кампетэнтнасны падыход. Безумоўна, праблема якасці тут стаіць дастаткова востра. Але пры ўсім гэтым, навучанне ў нефармальнай адукацыі арыентавана ў большай ступені на вынік, чым на працэс. Людзі ў розных праграмах удзельнічаюць добраахвотна. Яны маюць пэўную матывацыю, і калі яна не рэалізуецца, а навучанне не прыносіць карысці, тады яны проста галасуюць “нагамі”.

Можна і далей пералічваць пэўныя асаблівасці нефармальнай адукацыі ў нашай краіне. Але і ўзгаданага вышэй, напэўна, хопіць, дзеля таго каб паказаць, што нефармальная адукацыя гэта самастойная сфера адукацыі, якая спрыяе вырашэнню рэальных сацыяльна-эканамічных, культурных праблем, што стаяць перад грамадствам і краінай. Пераход нефармальнай адукацыі на якасна іншы ўзровень магчымы толькі пры разуменні гэтага дзяржавай і грамадскасцю.

Патрэбны рэальныя крокі ў гэтым накірунку. І пэўныя змены пачынаюць здзяйсняцца. Так, у праекце Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі; асобны раздзел прысвечаны сістэме “Дадатковай адукацыі дарослых”. У ім прапануюцца дастаткова новыя для беларускай адукацыйнай практыкі падыходы, што адлюстроўваюць шэраг сусветных працэсаў адукацыі на працягу ўсяго жыцця. Але, разам з тым, па-ранейшаму асноўны акцэнт робіцца на дзяржаўныя ўстановы, а сама сфера (нават у названні) разумеецца толькі дадаткам…

Галоўны рэдактар часопіса
Дзмітрый Карпіевіч

Змест

Спасылкі вядуць да файлаў PDF з артыкуламі

Summary in English

Развіццё прафесійных кампетэнтнасцей

“Управление профессиональной карьерой: погружение в тему”
Марина Бойко, Елена Касьяник
К вопросу о развитии профессиональных компетентностей тренера
Сергей Лабода

Ключевые компетенции для обучения в течение всей жизни — европейские рамочные установки

Молодежь и рынок труда. Чем могут помочь НГО?
Андрей Левко

Cайт Nastaunik.info як метад грамадзянскай адукацыі педагогаў
Тамара Мацкевіч

Трэнерская скрынка

Упражнение НПП
Упражнение “Цена времени”
Метод “Пяти пальцев” (по Л. Зайверту)
Упражнение “Воры времени”
вкладыш

Интернет-обзор бизнес-образования в Беларуси
Наталья Рябова

Управление как компетенция
Сергей Готин

Тэхналогіі

Роль, играющая человека
Ролевые игры живого действия в образовании
Алёна Луговцова, Марина Бойко

Досвед

Орхуская канвенцыя: пазітыўны досвед
Кацярына Ганчарова

Замежны досвед

Вы знаете, что вы знаете?
Тереза Рэймонд

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары