З 24 верасня па 2 кастрычніка 2011 г. у Беларусі праходзіў Тыдзень нефармальнай адукацыі-2011. У гэтым годзе агульная тэма для ўсіх мерапрыемстваў гучала як “Нефармальная адукацыя і рэгіянальнае развіццё”. На працягу васьмі дзён прадстаўнікі ўсіх накірункаў адукацыйнай сферы – дзяржаўных, недзяржаўных і бізнесу – абмяркоўвалі найбольш праблемныя пытанні развіцця нефармальнай адукацыі ў малых гарадах і сельскай мясцовасці, а таксама тое, як з дапамогай нефармальнай адукацыі можна ўплываць на развіццё рэгіёнаў Беларусі. У рамках тыднёвага адукацыйнага форуму прайшло 48 мерапрыемстваў у 13 гарадах Беларусі! Больш за 20 друкаваных і электронных СМІ Беларусі інфармавалі на сваіх старонках аб мерапрыемствах Тыдня, асвятлялі праблемныя пытанні і ключавыя дыскусіі круглых сталоў, семінараў, тэматычных сустрэч.
Аргкамітэт Тыдня нефармальнай адукацыі 2011 выказвае глыбокую падзяку ўсім беларускім СМІ і, у асаблівасці, журналістам, якія падтрымалі інфармацыйную кампанію Тыдня. Мы выдатна разумеем, з якімі складанасцямі прыйшлося сутыкнуцца падчас працы над матэрыяламі, бо тэма нефармальнай адукацыі сёння, на жаль, не карыстаецца папулярнасцю, яна не мільгае сенсацыямі, не бярэцца прапаноўваць праграмы па выхаду з эканамічнага крызісу, далёкая бывае ад актуаліі палітычнага жыцця. Але, тым не менш, АДУКАЦЫЯ – гэта тое, што заслугоўвае нашай паўсядзённай пільнай увагі, таму што датычыць кожнага з нас і закранае развіццё грамадства ў цэлым.
Дзякуючы Вашым публікацыям, Тыдзень НФА здолеў прыцягнуць увагу грамадскасці да важных даследаванняў у сферы нефармальнай адукацыі, актуальных і значных праблем адукацыі, распаўсюдзіць інфармацыю пра тыя паслугі, якія прапануе нефармальная адукацыя, і пра тыя арганізацыі, якія ствараюць якасныя адукацыйныя прадукты.
Асаблівую падзяку выказваем інфармацыйным партнёрам ўсяго Тыдня НФА-2011 і яе асобных мерапрыемстваў: сайту «Заўтра тваёй краіны», сайту Міжнароднага кансорцыума “ЕўраБеларусь”, інфармацыйна-аналітычнаму часопісу “Новая Эўропа”, сайту Альтэрнатыўнай моладзевай платформы, сайту Kariera.by
З павагай,
Аргкамітэт Тыдня НФА-2011:
УА «Міжнародны прыватны навучальны цэнтр падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў БелТЮФ»
ТАА «Трэнінгавы цэнтр «Квадратны апельсін»
Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы (АДОиП)
Прадстаўніцтва зарэгістраванага аб’яднання “Deutscher Volkshochschul-Verband e.V.” (Федэратыўная Рэспубліка Германія) у Рэспубліцы Беларусь