Слова рэдактараПаважаныя сябры!
У гэтым годзе адбыўся чарговы, ужо пяты Тыдзень нефармальнай адукацыі. Па традыцыі ўсе дзеянні ў межах гэтай падзеі звязаныя пэўным тэматычным полем. Сёлета такой была абраная – “Нефармальная адукацыя ў Беларусі – да паляпшэння якасці жыцця”. І значная частка матэрыялаў нумара прысвечана менавіта тыдню. У артыкуле Яніны Зінчанка робіцца цэласны агляд усёй падзеі, апісваюцца ключавыя дзеянні, а таксама выказваюцца пэўныя высновы і прапановы, як палепшыць правядзенне наступных тыдняў. У артыкулах, змешчаных у рубрыках “Тэматычная пляцоўка” і “Майстар-клас” разглядаюцца канкрэтныя мерапрыемствы, што адбыліся пад час тыдня.
Асобнае месца займаюць матэрыялы круглага стала “Нефармальная адукацыя ў паляпшэнні якасці жыцця: праблемы і перспектывы”. Як і планавалі арганізатары, менавіта гэта дзеянне стала ключавым з пункта гледжання зместа. Пад час мерапрыемства быў закрануты і разгледжаны шэраг значных момантаў і істотных праблем, а таксама прапанаваны пэўныя шляхі і крокі да іх вырашэння. Дыскусія адбывалася вакол наступных пытанняў: Што разумеецца пад паняццем якасці жыцця і што можа выступаць індыкатарам гэтага? Якая роля, магчымасці, формы і накірункі нефармальнай адукацыі ў паляпшэнні якасці жыцця? Ці ёсць адрозненні ў тэндэнцыях развіцця ў гэтай сферы ў Беларусі, Латвіі і Германіі? Хто з’яўляецца суб’ектам нефармальнай адукацыі?
З шэрагам паведамленняў, прадстаўленых на круглым стале, можна пазнаёміцца ў гэтым нумары. Спынюся толькі на некалькіх актуальных і важных, на мой погляд, думках і ідэях, што былі агучаны і выклікалі спрэчкі і дыскусіі.
Па-перашае, адукацыя і навучанне на працягу жыцця становяцца важным чыннікам развіцця і ўдасканалення, рэакцыяй на зменлівыя знешнія ўмовы. У XXI стагоддзі тых ведаў і ўменняў, якія чалавек набыў у маладосці, ужо не хапае. Патрэбна ўдасканальвацца ў прафесійным плане, а страціўшы працу – мяняць кваліфікацыю. Другі абавязковы складнік якасці жыцця – гэта развіццё індывіда, яго самарэалізацыя. І трэцяе – кожны чалавек павінен мець магчымасць удзельнічаць у жыцці грамадства і быць актыўным грамадзянінам. І сёння, на думку некаторых выступоўцаў, неактуальна гаварыць аб падзеле гэтых катэгорый на развіццё асобы, грамадзянскую адукацыю і прафесійнае навучанне. Навошта, напрыклад, чалавек вучыць замежную мову? Можа ён жадае паехаць у адпачынак за мяжу. А можа яму гэта патрэбна для працы. Безумоўна, гэта думка не зусім новая, але яна не губляе з часам сваёй актуальнасці і дыскусійнасці.
Па-другое, вельмі фундаментальную, на мой погляд, праблему развіцця сектара адукацыі дарослых у цэлым і нефармальнага ў прыватнасці ў нашай краіне сфармуляваў Увэ Гартэншлегер (віцэ-прэзідэнт DVV International, Германія). Ён у запале эмацыйнай дыскусіі адзначыў, што ў адрозненне ад Латвіі, Германіі і іншых краін Еўропы, мы развіваемся як закрытая, а не адкрытая сістэма. Бачыцца, што гэта вельмі дакладная фіксацыя сітуацыі. І якаснае рашэнне існых праблем, а не праца са следствамі, магчыма толькі праз супрацоўніцтва найбольш актыўных арганізацый з усяго спектра нефармальнай адукацыі дзеля актуалізацыі і артыкуляцыі найбольш важных пытанняў і задач, і пошуку шляхоў для іх вырашэння. Бо без рэальнага ўзаемадзеяння, без рэальнага партнёрства немагчыма нефармальнай адукацыі і ўсёй сферы адукацыі дарослых выйсці на якасна іншы ўзровень, які адпавядае выклікам часу. Гэта не значыць, што нефармальная адукацыя не будзе развівацца. Жыццё і практыка паказвае, што развіваецца і будзе развівацца. Іншая справа, што гэта будзе тычыцца толькі асобных сфер і аспектаў.
Па-трэцяе, на круглым стале была агучана тэма стварэння ў Беларусі незалежнага універсітэта. Для многіх удзельнікаў гэта было дастаткова нечакана. Так, з аднаго боку, вельмі дзіўна, што такая дыскусія адбылася сярод прадстаўнікоў нефармальнай адукацыі і пад час круглага стала, прысвечаннага паляпшэнню якасці жыцця. А з іншага боку, усё зразумела і натуральна. Ва ўмовах, калі ў нашай краіне сістэма адукацыі ўсё больш цэнтралізуецца і фармалізуецца, калі вышэйшыя ўстановы не адпавядаюць фундаментальным прынцыпам існавання і дзейнасці універсітэтаў (інстытуцыянальная аўтаномія і акадэмічная свабода), незалежнае грамадства не можа не рэагаваць на гэта. У артыкулах Уладзіміра Дунаева і Святланы Мацкевіч аналізуюцца перадумовы стварэння універсітэта новага тыпу і выказваюцца прапановы па бліжэйшых кроках у гэтым накірунку. Увогуле, тэма стварэння незалежнага універсітэта ў Беларусі зараз вельмі актуальна. Існуе некалькі аўтаномных ініцыятыўных груп, якія распрацоўваюць пэўныя падыходы і думаюць пра рэалізацыю гэтай ідэі “тут і зараз”. Так, групай АГТ-ЦСІ прапанавана для абмеркавання пэўная канцэпцыя ідэальнага універсітэта. Ва ўсіх гэтых дыскусіях трэба памятаць пра тыя неспрыяльныя рамкавыя ўмовы, што існуюць у нас. Невыпадкова Еўрапейскі гуманітарны універсітэт быў выцеснены з нашай краіны і зараз знаходзіцца і працуе ў суседняй дзяржаве. Але вельмі важна нават у такім становішчы знаходзіць пэўныя падыходы і формы дзеяння. Магчымым вектарам развіцця на шляху гэтага бачыцца стварэнне рэальных, а не толькі віртуальных, незалежных адукацыйных пляцовак і асяродкаў, якія былі б арганізаваны на прыцыпах дэмакратыі, аўтаноміі, праектнай дзейнасці, плюралізму праграм, канцэпцый і форм, а таксама ўключаны ў еўрапейскія адукацыйныя працэсы. Важна, каб удзельнікі гэтых навучальных праграм мелі магчымасці скарыстаць набытыя кампетэнтнасці на практыцы.
Шэраг артыкулаў нумара не мае непасрэднага дачынення да Тыдня нефармальнай адукацыі, але ў іх закранаюцца пытанні, звязаныя з некаторымі аспектамі нефармальнай адукацыі ў кантэксце павышэння якасці жыцця. Так, Мікалай Запрудскі адзначае ролю нефармальнай адукацыі ў павышэнні якасці дадатковай адукацыі педагогаў. Аўтар звяртае ўвагу на тэндэнцыі “пранікнення” ў сістэму паслядыпломнай адукацыі настаўнікаў, метадыстаў і кіраўнікоў школ элементаў нефармальнай адукыцыі і прапаноўвае розныя іншыя магчымасці гэтага. Канстанцін Мішчанка аналізуе дастаткова актуальны і вельмі перспектыўны накірунак развіцця форм і падыходаў навучання, а менавіта, стварэнне і дзейнасць віртуальных адукацыйных пляцовак. Сяргей Лабода на прыкладзе канкрэтнай праграмы маладзёжнага міжнароднага абмену, што існуе ўжо больш за дзесяць год, паказвае перавагі і магчымасці такога спосаба міжкультурнага навучання.
Спадзяемся, што матэрыялы гэтага нумара стануць сапраўды пэўным крокам па абагульненні, праблематызацыі і абмеркаванні магчымасцей нефармальнай адукацыі дзеля такой значнай для грамадства і канкрэтнага чалавека мэты, як павышенне якасці жыцця.
Дзмітрый Карпіевіч
Спасылкі вядуць да файлаў PDF з артыкуламі
По следам Недели неформального образования–2009
Янина Зинченко
Улучшению качества жизни беларусов может способствовать развитие сферы неформального образования (материалы круглого стола)
Выкарыстанне вопыту нефармальнай адукацыі як умова павышэння якасці дадатковай адукацыі педагагічных кадраў
Мікалай Запрудскі
Зеленая сеть в неделе Неделе неформального образования: образ жизни и качество жизни
Наталья Рябова
Круглый стол как способ знакомства образовательных общественных объединений с организациями социальной сферы
Виталий Никанович
Автопортрет-ассамбляж, Омега-мэппинг, Создание имиджа, Колумбийский гипноз, Ангел и враг
Городские этюды недели неформального образования
Марина Бойко, Алена Луговцова, Ольга Саевец, Маша Юшкевич
Молодежный обмен “Минск-Бремен”: эффективный способ межкультурного образования
Сергей Лабода
Образовательные платформы как основной элемент формирования образовательной среды
Константин Мищенко
Немецкая ассоциация народных университетов начала свою деятельность в Беларуси
Галина Веремейчик
Школа, где играют с утра до вечера
Алена Величко
Работа с молодежью в Турции: беглый взгляд
Сердар Добур
Образование в интересах устойчивого развития
Сергей Лабода