Зараз вы тут: Навiны » 2011 ГОД БЫЎ АДЗНАЧАНЫ НОВЫМІ ФОРМАМІ ЎЦІСКУ НА НЯЎРАДАВЫЯ АРГАНІЗАЦЫІ

2011 год быў адзначаны ўзмоцненым ціскам на праваабарончыя арганізацыі, а магчымасьці для рэалізацыі свабоды асацыяцыяў у Беларусі не палепшыліся. Пра гэта казалі 23 студзеня юрыст Асамблеі НДА Юры Чавусаў і дырэктар Цэнтру прававой трансфармацыі Вольга Смалянка ў часе прэзэнтацыі штогадовага агляду “Свабода асацыяцыяў і прававы стан няўрадавых арганізацыяў у Беларусі”, у якім зафіксаваныя асноўныя праблемы дзейнасьці грамадзянскай супольнасьці ў 2011 годзе. У маніторынгу адзначаная практыка дзейнасьці няўрадавых арганізацыяў, а таксама дынаміка ў заканадаўстве.

Сярод станоўчых аспэктаў у сфэры дзейнасьці трэцяга сэктару юрыст Асамблеі НДА вылучыў непрыняцьцё ў 2011 годзе Закону аб некамэрцыйных арганізацыях. “Праект гэтага Закону  выклікаў сур’ёзную заклапочанасьць сярод беларусіх НДА, 112 арганізацыяў падпісалі супольны зварот да заканадаўцаў з прапановаю адкласьці прыняцьце гэтага закону – і ён ня быў унесены ў Парлямэнт”, – адзначыў Юры Чавусаў. Таксама пазытыўныя палажэньні назіраюцца ў галіне далучэньня прадпрымальніцкіх арганізацыяў да выпрацоўкі палітычных рашэньняў у гэтай сфэры.

Аднак, паводле аўтараў агляду, адмоўных тэндэнцыяў у 2011 годзе было нашмат больш.

Так, у прыватнасьці, адзначаюцца прынятыя ўвосень 2011 году зьмены ў заканадаўства, што ўводзяць абмежаваньне для фінансаваньня грамадзкіх аб’яднаньняў і партыяў, у тым ліку ўводзяць крымінальную адказнасьць за парушэньне парадку атрыманьня замежнай бязвыплатнай дапамогі. У гэтым кантэксьце 2011 год стаўся беспрэцэндэнтым годам уціску на праваабрончыя арганізацыі: “Прыкладам служыць крымінальная справа кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага. Гэта першы выпадак, калі дзеяч няўрадавага сэктару непасрэдна за сваю грамадзкую дзейнасьць трапляе за краты. Яго можна разглядаць, як акт запалохваньня іншых праваабрончых арганізацыяў, якія супрацоўнічаюць з замежнымі фондамі й атрымліваюць гранты на сваю дзейнасьць. Пад пагрозай ліквідацыі за нявыплату падаткаў з грантаў можа апынуцца й БХК”.

Таксама захаваліся прыктыкі ўжываньня артыкула 193.1 Крымінальнага Кодэксу да актывістаў незарэгістраваных рэлігійных аб’яднаньняў праз вынясеньне пракурорскіх папярэджаньняў.

На брыфінгу была таксама прэзэнтаваная статыстыка па рэгістрацыі няўрадавых аб’яднаньняў. Летась паводле дадзеных Адзінага дзяржаўнага рэестру юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у Рэспублікі Беларусь было зарэгістравана 112 грамадзкіх аб’яднаньняў, 11 зь якіх маюць статус рэспубліканскіх, 2 – міжнародных. Таксама за гэты год у Беларусі зарэгістраваныя 19 фондаў.

“Міністэрства юстыцыі не дае пераліку зарэгістраваных і ліквідаваных аб’яднаньняў, а таксама не прыводзіць статыстыку ліквідаваных паводле рашэньняў суду. Але на аснове Рэгістру мы падрыхтавалі гэты пералік зарэгістраваных і ліквідаваных аб’яднаньняў на 2011 год. Найбольш актыўна за гэты перыяд рэгістраваліся спартовыя грамадзкія аб’яднаньні – 61 арганізацыя. Таксама, зь 19 зарэгістраваных фондаў 6 – фонды разьвіцьця спартовага покеру”, – адзначыла Вольга Смалянка.

У пляне распрацоўкі й прыняцьця законаў на 2012 год, адзначаюць аўтары агляду, няма ніводнага слова ні пра дабрачыннасьць, ні пра нарматыўна-прававыя акты, якія былі б скіраваныя на рэгуляваньне дачыненьняў грамадзянскай  супольнасьці й дзяржавы. Разам з тым, у гэтым пляне пазначаецца ўнясеньне зьменаў у Закон аб грамадзкіх аб’яднаньнях і ў Закон аб палітычных партыях па пытаньнях іх ліквідацыі. Таксама чакаюцца  зьмены ў Законе аб мясцовых сходах, што можа быць выклікана рэакцыяй уладаў на мінулагоднія Народныя сходы ды імкненьнем не дапусцьць вольнага выкарыстаньня гэткай формы грамадзянскай актыўнасьці.

Юры Чавусаў выказаў перасьцярогу, што зьмены ў заканадаўства аб ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і палітычных партыяў могуць быць скіраваныя на тое, каб прымусіць палітычныя партыі ўдзельнічаць у выбарчых кампаніях. “Зараз адбываецца дыскусія адносна байкоту будучых парлямэнцкіх выбараў. Але, паводле закону, палітычная партыя ёсьць арганізацыя, створаная для таго, каб ўдзельнічаць у выбарах. Тэарэтычна няўдзел партыі ў выбарах можна зрабіць як падставу для яе ліквідацыі”, – зазначыў юрыст Асамблеі НДА.

Падсумоўваючы сытуацыю са станам трэцяга сэктару ў Беларусі, экспэрты адзначылі як захаваньне старых мэтадаў ціску (выкарыстаньне артыкулу 193.1, надуманыя адмовы ў рэгістрацыі), так і зьяўленьне новых тэндэнцыяў (пільная ўвага да фінансавага аспэкту дзейнасьці НДА, абмяжоўваюцца міжнародныя кантакты).

У далучаных файлах:
– Супольны агляд Асамблеі НДА і Цэнтру прававой трансфармацыі  “Свабода асацыяцыяў і прававы стан няўрадавых арганізацыяў у Беларусі”.
– Аналіз зьмяненьня заканадаўства аб некамэрцыйных арганізацыях.
– Сьпіс зарэгістраваных арганізацыяў у 2011 годзе.
– Сьпіс арганізацыяў, выключаных з Адзінага рэгістра юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў у 2011 годзе.

Прэс-рэліз Асамблеі НДА.

Сеткi:
  • Добавить ВКонтакте заметку об этой странице
  • Мой Мир
  • Facebook
  • Twitter
  • LiveJournal
  • Одноклассники

Дадаць каментар


+ 2 = 8

© 2012-2017 Асацыяцыя дадатковай адукацыі і асветы · Падпiшыся:ЗапісыКаментары